Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.
Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.

Тысячы людзей на жаночым маршы ў Менску, нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў

У Менску праходзіць Жаночы марш пратэсту. На пачатку акцыі сілавікі ў балаклавах затрымалі каля сотні чалавек, але ў выніку сабраліся і пайшлі па горадзе тысячы жанчын. Што яшчэ адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

S&P спрагназавала пагаршэньне стану эканомікі Беларусі

Міжнароднае агенцтва S&P зьмяніла прагноз будучыні крэдытнага рэйтынгу Беларусі з «стабільнага» на «нэгатыўны», бо:
💲 укладнікі банкаў пераводзяць рублі ў валюту,
📉 валютныя рэзэрвы краіны вычэрпваюцца,
❌ новых грошай у валюце Беларусі могуць не пазычыць, зважаючы на сытуацыю пасьля выбараў,
🐻 адмовіць можа нават Масква, калі Менск ня пойдзе на саступкі.

Вось так у Лідзе ўчора віншавалі Сьвятлану Ціханоўскую з днём нараджэньня

Ад аркестру да вялікай палітыкі. Хто такая Марыя Калесьнікава

Улады спрабавалі сілай дэпартаваць 38-гадовую Марыю Калесьнікаву. Пасьля таго як яна парвала свой пашпарт, яе пасадзілі ў СІЗА і цяпер абвінавачваюць у тым, што яе заклікі шкодзяць сувэрэнітэту Беларусі.

Раніца ў Горадні

У Менску афіцыйна сьвяткуюць дзень гораду, па абедзе чакаецца несанкцыянаваны жаночы марш

У Менску 12 верасьня афіцыйна сьвяткуюць Дзень гораду. Пройдуць суботнікі і кірмашы з садавіной і гароднінай.

Па абедзе чакаецца штосуботні жаночы марш супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту сілавікоў і захопу мірных дэманстрантаў. На гэтым тыдні сілавікі зноў пачалі затрымліваць жанчын на несанкцыянаваных пратэстах.

11 верасьня на акцыях пратэсту затрымалі 32 чалавек

18 зь іх пакінулі за кратамі да суду, паведаміла МУС.

Усяго міліцыянты налічылі 12 праўладных акцыяў і 13 пратэставых.

Сьцяг на кацельні ў Сеніцы пад Менскам

Пераможцы алімпіяд па замежных мовах запісалі відэазварот, у якім выступілі за новыя выбары. ВІДЭА

Раней аналягічнае відэа запісалі выкладчыкі Менскага дзяржаўнага лінвістычнага ўнівэрсытэту.

«Амапаўцы крычалі: «Аддайце іх нам!» Віцябляне, якія папрасілі палітычнага прытулку, пераначавалі ў амбасадзе Швэцыі

Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузьнечыкі кажуць, пераначавалі добра, «нас тут кормяць, да нас добра ставяцца». Але што будзе далей, пакуль невядома, «будзем спадзявацца на лепшае».

Амбасада ў суботу не працуе. Яе супрацоўнікі пацьвердзілі Свабодзе, што ўцекачы пераначавалі на яе тэрыторыі. Як будзе разьвівацца сытуацыя зь іх просьбай аб прыстанішчы, стане вядома пазьней

Колішні дэпутат Палаты прадстаўнікоў запісаў песьню, якую прыдумаў яшчэ ў турме пасьля Плошчы-2006: «Жыве Беларусь»

Сяргей Скрабец кажа, што калі тады выходзіў з турмы, усе яго запісы спалілі ва ўнутраным двары турмы пад наглядам КДБ, але ён узнавіў верш з памяці. Песьню яму дапамог запісаць гурт «ЖЗЛ».

Ад Вугорскага паўстаньня да Асанжа: як людзі спрабавалі атрымаць прытулак у замежных амбасадах

11 верасьня двое жыхароў Віцебску — бацька і сын, Віталь (47 гадоў) і Ўладзіслаў (29 гадоў) Кузьнечыкі — прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі. Паколькі ім не адчынілі дзьверы, яны пераскочылі цераз плот і цяпер знаходзяцца на тэрыторыі амбасады.

Мы прыгадалі некаторыя гучныя ў міжнародным маштабе імёны людзей, якія спрабавалі атрымаць палітычны прытулак, трапіўшы на тэрыторыю замежнай амбасады ў краіне свайго пражываньня.

Піт Паўлаў — лідэр гурту N.R.M. — прысьвяціў песьню менскай турме, вядомай як «Валадарка»

Бел-чырвона-белы Зялёны Луг

Жыхароў Лагойска затрымалі і будуць судзіць на падставе сюжэту «Эўраньюс»

Траіх жыхароў Лагойску зьбіраюцца прыцягнуць да адказнасці за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 6 верасьня, паказанай на канале «Эўраньюс». Паводле суразмоўцаў Tut.by, двое зь іх ужо пад вартай.

«Мой гонар — быць беларусам сярод беларускіх жанчын», — кажа Павал Латушка ў сёньняшнім відэазвароце

Зьняволеную Марыю Калесьнікаву перавялі зь менскага СІЗА ў турму № 8 Жодзіна

Адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак паведаміла Свабодзе, што яе падабаронную перавезьлі зь менскага СІЗА № 1 у турму № 8 Жодзіна:

«Так, пацьвердзілі, я была ў СІЗА, вось цяпер заяжджала, сказалі, што ўчора ўвечары яе перавялі, але прычын мне ніхто не сказаў».

Адвакатка бачыла Калесьнікаву ў зьняволеньні двойчы, у тым ліку на допыце.

У панядзелак яна зьбіраецца ў СІЗА ў Жодзіна, каб зноў пабачыцца з падабароннай.

Дэталяў першага допыту Калесьнікавай адвакатка расказаць ня можа, бо дала падпіску аб неразгалошваньні, змагла сказаць толькі, што іншых працэсуальных дзеяньняў не было.

У Пінску міліцыянты затрымалі супрацоўніка музэю Беларускага Палесься, які праводзіў экскурсію

Супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным затрымалі загадчыка навукова-асьветніцкага аддзелу музэю Беларускага Палесься Валера Кобрынца, паведамляе сайт «Мэдыя-Палесьсе».

Ягоныя калегі не хавалі зьдзіўленьня: вядомага ў горадзе гісторыка, які акурат піша дысэртацыю, вялі як злачынцу. Статус музэйнага супрацоўніка пакуль невядомы.

30 жніўня Валер Кобрынец правёў экскурсію па цэнтры Пінску падчас свайго працоўнага дня. Экскурсія была аформленая афіцыйна і аплачаная замоўцамі.

Аднак ля будынку калегіюму, дзе цяпер музэй, групу экскурсантаў акружыла міліцыя, загадаўшы спыніць «несанкцыянаванае мерапрымства». Валер Кобрынец адмовіўся, спаслаўся на легальнасьць збору і надалей расказваў пра гістарычнае мінулае Пінску.

Да групы далучыліся іншыя гараджане, якія ў той дзень былі на плошчы. Паводле відавочцаў, у экскурсіі паўдзельнічалі блізу сотні чалавек.

Каардынацыйная рада працягне працу без прэзыдыюму

Каардынацыйная рада працягне працу пасьля затрыманьня або выправаджэньня зь Беларусі амаль усіх сяброў яго прэзыдыюму, заявілі ў прэс-службе рады.

Разам з тым склад прэзыдыюму мяняцца ня будзе, паведамілі ў радзе:

«Згодна са зьменамі ў рэглямэнце ад 6 верасьня, у выпадку, калі сябры прэзыдыюму ня маюць магчымасьці прымаць рашэньні, рашэньні ў радзе прымае асноўны склад рады простай большасьцю галасоў. Такім чынам, дзейнасьць КР працягваецца, і прыняцьце рашэньняў магчымае. На ўчорашняй сустрэчы гэта было пацьверджана».

«Сам склад прэзыдыюму застаецца ранейшы», — дадалі ў прэс-службе.

Стала вядома, колькі пацярпелых у Менску зьвярнуліся па дапамогу ад пачатку пратэстаў і якія дыягназы ім паставілі

У распараджэньні парталу Tut.by аказаўся дакумэнт пад назвай «Звароты вуліца_з 09.08.2020». У ім дадзеныя больш за 1100 чалавек, якія зьвярталіся па мэдычную дапамогу, а таксама апісаньне траўмаў.

Tut.by змог праверыць гэтую інфармацыю ў пяці клініках Менска, іх дадзеныя практычна цалкам супадаюць з тымі, што пазначаныя ў дакумэнце.

Насупраць аднаго «невядомага» ўказаная «сьмерць да прыезду». Верагодна, гэта быў Аляксандр Тарайкоўскі: названыя час і месца супадаюць з абставінамі яго сьмерці.

Згодна з дакумэнтам, у Менску дапамога спатрэбілася 1140 асобам.

«Дарослыя людзі, брыгадзіры плакалі». Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» распавёў, як забастоўка перастала быць масавай

Менскі абласны суд 11 верасьня прызнаў незаконным страйк на «Беларуськаліі», які прайшла 17 і 18 жніўня. Каля будынку суду, дзе людзі сабраліся падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму, затрымалі некалькі чалавек.

У страйку на «Беларуськаліі» прымалі ўдзел 620 работнікаў — пра такую колькасьць казалі ў судзе. Дваццаць чалавек працягваюць страйкаваць і адмаўляюцца выходзіць на працу. Некалькі чалавек звольнілі, сустаршыню страйкаму Анатоля Бокуна арыштавалі. Адзін з шахтароў «Беларуськалію» напярэдадні пасяджэньня суду прыкаваў сябе кайданкамі ў шахце — у знак пратэсту супраць дзеяньняў кіраўніцтва.

Яўгенія Котляр з тэлеканалу «Настоящее время» зьвязалася з сустаршынём страйкаму Аляксандрам Новікам, і вось што ён распавёў пра тое, як кіраўніцтва «Беларуськалію» запалохвае пратэстоўцаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG