Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы людзей на жаночым маршы ў Менску, нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў

У Менску праходзіць Жаночы марш пратэсту. На пачатку акцыі сілавікі ў балаклавах затрымалі каля сотні чалавек, але ў выніку сабраліся і пайшлі па горадзе тысячы жанчын. Што яшчэ адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.


Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.

Акцыя салідарнасьці ў Мазыры

«Сьцяна перамен» на Грушаўцы

#ligtforbelarus: акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Польшчы

У выходныя 12–13 верасьня ў Польшчы праходзіць акцыя #ligtforbelarus («Сьвятло для Беларусі»).

У рамках акцыі Каралеўскі замак у Варшаве, Каралеўскі замак на Вавэлі, Музэй Другой сусьветнай вайны ў Гданьску, Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве, Паморская філярмонія і многія іншыя культурныя ўстановы Польшчы асьвятляюць свае фасады колерамі гістарычнага бел-чырвона-белага сьцяга Беларусі.

Хрэнін кажа, што армія зафіксавала перадысьлякацыю танкавага батальёну ЗША за 15 км ад беларускай мяжы

Беларусь зафіксавала перакіданьне амэрыканскага бранятанкавага батальёну на палігон у Літве, за 15 км ад мяжы зь Беларусьсю. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканалу СТВ міністар абароны Віктар Хрэнін пасьля праведзенай у Менску нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

«Адбываецца перакіданьне на палігон Пабрадэ, за 15 кілямэтраў ад нашай дзяржаўнай мяжы, 2-га танкавага батальёну 69-га танкавага палку ЗША, — цытуе словы беларускага міністра БелТА. — Гэта нас таксама ня можа не турбаваць, што ў непасрэднай блізкасьці ад нашай мяжы будзе задзейнічана каля 500 чалавек, 29 танкаў, 43 баявыя машыны „Брэдлі“».

Паводле Хрэніна, Мінабароны таксама адзначае «ўзмоцненыя палёты авіяцыі NATO ўздоўж нашай дзяржаўнай мяжы і вядзеньне выведкі».

На дынамаўскім дэрбі ў Менску заўзятары крычалі «Жыве Беларусь!» і вывесілі банэр у памяць аб памерлых фанатах

12 верасьня ў Менску падчас 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж менскім «Дынама» і «Дынама-Берасьце» гледачы на 38-й хвіліне матчу сталі скандаваць «Жыве Беларусь!», паведамляе Tut.by.

А на глядацкім сэктары вывесілі банэр у памяць пра памерлых фанатаў — Арцёма Парукова і Аляксея Дзямідава.

Затрыманьні на роварным прабегу ў Менску. Відэа

Сёньня падчас роварнага прабегу ў Менску на плошчы Якуба Коласа адбыліся затрыманьні. Прыехалі ўсяго 2–4 аўтазакі, аўтобус і яшчэ 5–8 мікрааўтобусаў без нумароў на 30–40 раварыстаў.

Журналістаў «Белсату», затрыманых на Жаночым маршы, пакінулі на Акрэсьціна да суду

Журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага пакідаюць да суду на Акрэсьціна, паведамляе тэлеканал.

Кацярына Андрэева паведаміла сваякам, што на іх склалі па два пратаколы паводле арт. 22.9 («Парушэньне закону аб СМІ») і 23.4 («Непадпарадкаваньне міліцыі») КаАП. Міліцыянт, які складаў пратаколы, заявіў, што судзіць іх будуць толькі ў аўторак, 15 верасьня. Да гэтага часу журналісты застануцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

Вечаровыя акцыі ў Менску: на «Плошчы перамен» выступае J-Mors

А так увечары выглядае плошча Якуба Коласа.

Марш салідарнасьці з жанчынамі Беларусі ў Кіеве

У Кіеве прайшоў Марш салідарнасьці з жанчынамі Беларусі. Удзельнікі акцыі пасьля невялікага мітынгу прайшлі ад Майдана Незалежнасьці да амбасады Беларусі. Большасьць жанчын былі апранутыя ў чырвона-белыя колеры.

«Дваровыя вечарыны» ў Менску: Асмалоўка

Жыхары менскага раёну Асмалоўка зладзілі вечарыну ў двары.

Тэлевядоўцаў Дудзінскага і Кахно дасюль ня выпусьцілі з Акрэсьціна

Сёньня з Акрэсьціна мусілі адпусьціць тэлевядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно. Але іх дагэтуль ня выпусьцілі. Кацярына Раецкая, жонка Дзяніса Дудзінскага, кажа, што паводле дакумэнтаў з суду іх мусілі выпусьціць каля 18-й гадзіны, але гэтага не адбылося.

«Напэўна, вы няправільна палічылі тэрмін», — так у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў патлумачылі памочніцы адваката факт, што тэлевядоўцаў ня выпусьцілі сёньня. Яна лічыць, што ім маглі не залічыць суткі, якія Дудзінскі і Кахно правялі ў ізалятары да суду. Інфармацыю пра дакладны час вызваленьня вядоўцаў у ЦІП параілі высьветліць у Галоўным упраўленьні ўнутраных спраў.

Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно затрымалі 2 верасьня і асудзілі на 10 сутак арышту кожнага за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Беларусь вярнула войскі з заходняй мяжы ў месцы пастаяннай дысьлякацыі, — Мінабароны

Актыўнасьць сіл NATO каля беларускіх межаў працягвае турбаваць Менск, адэкватнае рэагаваньне на сытуацыю на мяжы будзе працягнутае, заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін па выніках нарады ў Лукашэнкі ў суботу.

«Той комплекс мерапрыемстваў, які праводзіўся ў рамках вучэньня на Горадзенскім тактычным напрамку, згорнуты, войскі вернутыя ў пункты пастаяннай дысьлякацыі. Але мы працягваем адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца каля нашай дзяржаўнай мяжы», — сказаў Хрэнін у эфіры тэлеканалу СТВ.

Вечаровыя акцыі ў Менску: Асмалоўка, «Плошча перамен», «плошча Калесьнікавай»

Лукашэнка прызнаў, што трымаць войскі на захадзе краіны «нятанна». NATO ужо раней заяўляла, што такой патрэбы няма

Аляксандар Лукашэнка правёў сёньня нараду з сілавым блёкам Савета бясьпекі Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Ён прызнаў, што яго загад перавесьці на заходнія межы краіны дадатковыя сілы арміі — «нятанна абыходзіцца».

«Калі натаўскія войскі ў Польшчы, Літве ў прынцыпе завяршылі так званыя вучэньні і не варушацца там больш, нам варта адэкватна на гэта рэагаваць. Мы ня можам там доўгі час без неабходнасьці трымаць Узброеныя Сілы ў такой колькасьці. Тым больш што гэта нятанна абыходзіцца», — сказаў Лукашэнка.

Упершыню сытуацыю на заходніх межах напружанай Лукашэнка назваў 15 жніўня. Ён загадаў тады перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду. «Ідзе эскаляцыя і нарошчваньне вайсковага кампанэнту на гэтых тэрыторыях. Спакойна за гэтым назіраць мы ня можам», — сказаў Лукашэнка.

Падтрымайце сьмелых пратэстоўцаў у Беларусі, — The New York Times

Рэдакцыйны артыкул з такім заклікам апублікавала сёньня адна з самых уплывовых газэтаў ЗША.

«Падаўленьне мірных пратэстаў, якія доўжацца ўжо месяц, супраць відавочна сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі, зьяўляецца абразай для ўсіх, хто шануе дэмакратыю і элемэнтарную справядлівасьць. Пытаньне ў тым, як на гэта адказаць», — піша выданьне. Цалкам чытайце тут.

Вечаровая акцыя ля бел-чырвона-белага цмока ва Ўруччы

Каля сотні жыхароў Уручча сабраліся ля новага бел-чырвона-белага на вуліцы Русіянава. Атрымаўся стыхійны пікнік з музыкай. Многія прыйшлі зь дзецьмі, хутка тут утварылася імправізаваная выстава дзіцячых малюнкаў. Людзі адпачываюць, частуюць адзін аднаго, размаўляюць.

Альтэрнатыўнае сьвяткаваньне Дня гораду ў Гомлі

Грамадзкая супольнасьць Гомля ранкам 12 верасьня прыбрала возера ў мікрараёне Мельнікаў Луг, потым зладзіла роварны прабег салідарнасьці і сустрэчу на левым беразе ракі Сож.

Сваякі затрыманых на сёньняшняй акцыі ў Менску чакаюць пад РУУС

Каля Ленінскага РУУС сабраліся сваякі і сябры затрыманых падчас сёньняшняга Маршу салідарнасьці ў Менску. Затрыманым дазволілі перадаць цёплыя рэчы.

Падчас Жаночага маршу апэратар RT спрабаваў забраць тэлефон у журналіста Свабоды

«Белсат» паведаміў, што падчас сёньняшняга жаночага маршу ў журналіста Радыё Свабода Алеся Пілецкага «апэратар RT спрабаваў забраць тэлефон». Вось што расказвае сам Алесь:

«Ужо пасьля апошняга затрыманьня, калі ўдзельнікаў акцыі амаль не засталося, на праспэкце заставаліся толькі журналісты. Сярод іх вось гэты незразумелы апэратар з незразумелай карэспандэнткай. Ад іх моцна патыхала алькаголем, гэта заўважылі ўсе. Яны сталі з іншымі журналістамі спрачацца, яшчэ некалькі ўдзельнікаў акцыі заставалася, і зь імі спрачаліся таксама.

Мы падышлі, сталі пытацца, хто яны. Яны ў адказ сталі проста ў твар нас здымаць. Я таксама дастаў тэлефон і стаў спрабаваць здымаць іх. Мужчына агрэсіўна за мой тэлефон ухапіўся, але я ня даў яго забраць. Гэта ўсё вельмі хутка адбывалася. Хто гэтыя журналісты і ці журналісты яны ўвогуле, мы ня ведаем».

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG