Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц пратэстаў. Калесьнікаву і паплечнікаў падазраюць па крымінальнай справе. Да Алексіевіч ламіліся. Новыя затрыманьні ў Менску

Што адбываецца на 32-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.


Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня
18:12 9.9.2020

Жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай у Менску

18:11 9.9.2020

«Лекар у вайсковым шпіталі палохаў, што трэба маўчаць і нікуды ня скардзіцца», — расказвае 18-гадовая Крысьціна

«Гэта было каля „Пушкінскай“ з 10 на 11 жніўня. Мы зь сябрам стаялі каля пад’езда дома. Раптам з аркі выбеглі амапаўцы і проста да маіх ног кінулі гранаты.

Я зрабіла пару крокаў у бок і зразумела, што ісьці больш не магу, села на зямлю і стала крычаць, каб яны спынілі стральбу. Але праз пару сэкундаў каля маіх ног выбухнула другая граната. У мяне быў велізарны шок, і я не разумела, што адбываецца»

Усе гісторыі гвалту ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году чытайце ў праекце Свабоды «Жнівень-2020. Мы – сьведкі». Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

17:48 9.9.2020

СК: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака заключылі пад варту, Ільля Салей затрыманы

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, якую завяла Генпракуратура Беларусі па ч.3 арт.361 Крымінальнага кодэксу РБ, паведаміў Сьледчы камітэт у Тэлеграме.

У паведамленьні гаворыцца, што ў ходзе расьсьледаваньня СК атрымаў доказы таго, што некаторыя сябры «Каардынацыйнай рады» з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў рабілі дзеяньні, «накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

У дачыненьні да Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака, якія зьяўляюцца падазраванымі па справе, з санкцыі пракурора абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Таксама па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні ўказанага злачынства затрыманы Ільля Салей, паведамляе СК.

17:26 9.9.2020

«Нас пазначылі зялёнкай, пабілі». 16-гадовы падлетак расказаў, як яго затрымліваў АМАП

Непаўналетняга Мікіту Сідаровіча затрымалі 12 жніўня разам зь сябрамі ў Горадні. Пасьля затрыманьня іх пабілі, на твары намалявалі крыжы зялёнкай, зьдзекаваліся, праверылі ў тэлефонах, на якія тэлеграм-каналы яны падпісаныя.

16:56 9.9.2020

Юрысты Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя па крымінальнай справе аб «захопе ўлады»

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што вобшукі ў адвакатаў Ільлі Салея і Максіма Знака адбываліся ў сувязі з крымінальнай справай па ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь: публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).

Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі пацьвердзіў БелаПАН, што Знак мае статус падазраванага па справе.

16:27 9.9.2020

Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам зь бел-чырвона-белым сьцягам

Каб падтрымаць беларусаў, Катажына прайшла па канаце, нацягнутым на вышыні 34 мэтры над паверхняй Ціхага акіяну. Гэта адбылося ў Аўстраліі.

«Я спадзяюся, што камусьці ў Беларусі ад гэтага хаця б на хвілінку стане сьвятлей, — тлумачыць Катажына свой учынак. — Сьцяг пашылі ўсёй беларускай дыяспарай. Як толькі спыталіся, адразу дзьве жанчыны прапанавалі дапамогу, запрасілі дахаты». Інтэрвію з Катажынай чытайце тут.

Захоплівае дух! Беларуска прайшла па канаце над Ціхім акіянам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:58 0:00

16:26 9.9.2020

Студэнты юрфаку БДУ выйшлі на акцыю ў падтрымку адвакатаў Салея і Знака

16:24 9.9.2020

Студэнты ГРДУ сьпяваюць Вольскага ва ўнівэрсытэце

16:23 9.9.2020

З Расеяй мінус 22%, з Украінай мінус 24%. У Беларусі зьніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі

Экспарт тавараў зь Беларусі за паўгода ўпаў на 20%, настолькі ж зьнізіўся агульны таваразварот агулам з усімі краінамі. Прасеў гандаль з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі:

  • Расея: Мінус 22% у параўнаньні з таваразваротам за першыя 6 месяцаў мінулага году. Экспарт: мінус 6,5%.
  • Вялікая Брытанія: Мінус 72% таваразвароту і мінус 76% экспарту. Гэта адзін з асноўных пакупнікоў нафтапрадуктаў зь Беларусі.
  • Украіна : Мінус 25% таваразвароту і мінус 29% экспарту. Гэта яшчэ адзін буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў.
  • Нямеччына: Мінус 17% таваразвароту і мінус 39% экспарту. Скараціўся экспарт стратэгічных прадуктаў: нафтапрадукты экспартавалі менш у 2,7 раза.

Агулам экспарт мінэральных прадуктаў зьменшыўся ў 2,5 раза. У 1,2 раза скараціўся экспарт прадуктаў хімічнай вытворчасьці. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

16:11 9.9.2020

Калесьнікава — падазраваная па крымінальнай справе аб «захопе ўлады»

Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, заведзенай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь»). Пра гэта Tut.by сказала адвакатка затрыманай Людміла Казак.

Абаронца змагла сустрэцца з Марыяй Калесьнікавай у СІЗА № 1, дзе тая цяпер знаходзіцца.

«З Марыяй усё ў парадку, ніякіх працэсуальных дзеяньняў пакуль не адбывалася», — сказала Людміла Казак.

15:49 9.9.2020

Як Сьвятлану Ціханоўскую прымаў у Варшаве польскі прэм'ер і мясцовыя беларусы. ФОТА

Сьвятлана Ціханоўская наведала сёньня зь візытам Варшаву. Гэта яе першы выезд за межы Літвы, куды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яна вымушана зьехала зь Беларусі.

Спачатку Ціханоўская прыняла ўдзел у адкрыцьці «Беларускага дому» у прэстыжным раёне Варшавы Саска Кэмпа. Гэта раён амбасадаў і дарагой нерухомасьці. Пазьней адбыўся выступ Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаўскім ўнівэрсытэце. Чытайце цалкам і глядзіце фота па спасылцы.

15:47 9.9.2020

Чаму Лукашэнка звольніў генпракурора Канюка? Вэрсіі пра фінансавую падтрымку рэпрэсаваным і сына, які працаваў у PandaDoc

Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады генпракурора Аляксандра Канюка, прызначыўшы на яго месца экс-старшыню Дзяржкамітэта судовых экспэртыз Андрэя Шведа. Што стаіць за гэтай адстаўкай?

Вэрсія №1. Паводле інфармацыі dev.by, пасьля таго, як у PandaDoc прайшлі ператрусы з затрыманьнем чатырох супрацоўнікаў, у профілі Дзьмітрыя Канюка ў Facebook зьявілася рамка #SavePandaDoc у знак салідарнасьці з экс-калегамі. Сын звольненага сёньня Аляксандра Канюка працаваў у кампаніі прадуктовым мэнэджэрам да канца сакавіка.

Дзьмітры Канюк таксама ініцыяваў праект па пошуку блізкіх пасьля жнівеньскіх пратэстаў і масавых затрыманьняў. Ён дзякаваў парталу Tut.by і генпракуратуры за дапамогу ў пошуку інфармацыі пра зьніклых. Цалкам чытайце тут.

15:35 9.9.2020

Хроніка судоў над удзельнікамі акцый пратэсту. Абнаўляецца

У Менску і іншых гарадах Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту, якія адбываліся з 27 жніўня па 8 верасьня. Праваабарончы цэнтар «Вясна» абнаўляе вынікі судоў анлайн.

Вынікі судовых пасяджэньняў па адміністрацыйных справах супраць затрыманых за 27 жніўня, 7, 8 і 9 верасьня глядзіце тут.

15:28 9.9.2020

«На гвалт і катаваньні быў загад». Праваабаронца Алесь Бяляцкі пра месяц пасьля выбараў

«Можна сказаць, што сёньня ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло, — заявіў Алесь Бяляцкі сайту palitviazni.info. — Варта адзначыць, што Зло — добра ўзброенае, мае дзяржаўныя мэханізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя пратэсты, якія зьбіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца».

«Гэта быў унікальны і нават гістарычны месяц, — кажа Алесь Бяляцкі. — Як праваабаронцы мы адзначаем з аднаго боку вялізны маштаб рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненьні да беларусаў, а зь іншага — няспынны супраціў і абурэньне фальсыфікацыямі падчас выбараў, кампаніяй перасьледу грамадзкіх актывістаў і ціску на людзей». Цалкам чытайце тут.

15:24 9.9.2020

«60 тысяч беларускіх штыкоў будуць ваяваць за Расею». Зьявіліся новыя заявы Лукашэнкі расейскім СМІ

Беларускія сілавікі не парушылі закону пры разгоне акцый пратэсту, яны выконвалі свае задачы для стабілізацыі становішча, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ. «На вуліцах працуюць АМАП і ўнутраныя войскі. Гэта іх задача — стабілізацыя становішча, утрымаць краіну. Яны парушылі закон? Не», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што пратэстоўцы мелі намер 9 і 10 жніўня захапіць урадавыя ўстановы.

«АМАП выратаваў нас, як мы цяпер усе бачым, ад бліцкрыгу. Каб ня гэтыя хлопцы, зноў жа, мы тут не сядзелі б з вамі. Яны супрацьстаялі гэтаму», — пахваліў сілавікоў Лукашэнка.

На яго перакананьне, беспарадкамі ў Беларусі кіруюць амэрыканцы праз цэнтар пад Варшавай. Пры гэтым дадаў, што ніякай дэстабілізацыі ў Беларусі няма. Усе цытаты чытайце па спасылцы.

15:22 9.9.2020

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады не заблякуюць. Новыя заявы Раднянкова і Краўцова ва Ўкраіне

Прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў 9 верасьня ў Кіеве далі інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Што яны расказалі? Чытайце цалкам па спасылцы.

15:14 9.9.2020

Прэзыдэнт Літвы заклікаў міжнародную супольнасьць адрэагаваць на пагрозы Алексіевіч і іншым апазыцыянэрам у Беларусі

«Вельмі грубыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, на жаль, працягваюцца. Сьвятлане Алексіевіч, ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі, пагражае арышт. Іншых чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады затрымліваюць і дэпартуюць. Міжнародная грамадзкасьць ня можа маўчаць!» — напісаў Гітанас Наўседа ў Twitter.

15:13 9.9.2020

Амаль два дзясяткі беларусаў зьвярнуліся да ўладаў Украіны з просьбамі аб палітычным прыстанішчы

Памежнікі Ўкраіны цягам апошняга часу перадалі ў міграцыйную службу 15 зваротаў ад грамадзян Беларусі па атрыманьне абароны ад перасьледу на радзіме. Сёньня з аналягічнай просьбай у пункце пропуску ў Чарнігаўскай вобласьці да памежнікаў зьвярнулася яшчэ адна беларуская сям’я — муж і жонка зь дзецьмі.

«Мужчына паведаміў, што ўжо пэўны час на іх ціснулі праваахоўныя органы Беларусі. Аднак з краіны яны вырашылі выехаць, бо супраць яго нядаўна завялі надуманую крымінальную справу, зьвязаную з хабарніцтвам», — удакладнілі памежнікі.

15:12 9.9.2020

«Хочуць затрымаць, як і астатніх сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады», — Арлоў пра перасьлед Алексіевіч

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыйшоў падтрымаць ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч, якую ад раніцы 9 верасьня турбавалі праваахоўнікі.

«У іншых краінах з такімі людзьмі улада раіцца, як выйсьці з драматычнай сытуацыі, у якой апынулася грамадзтва. У нашым выпадку не абмежаваліся нават выклікам на допыт у Сьледчы камітэт, цяпер мы зьяўляемся сьведкамі таго, што Сьвятлану хочуць затрымаць, як і астатніх сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.

Апошняя, хто яшчэ застаецца на волі. Я з дыпляматамі і журналістамі падымаўся да яе, яна дала кароткае інтэрвію зь дзьвярэй кватэры. Спакойная, мужная жанчына, гатовая да ўсяго», — канстатаваў суразмоўца Свабоды. Цалкам чытайце па спасылцы.

14:39 9.9.2020

Сьвятлана Алексіевіч: «Ёсьць небясьпека, што мы можам страціць краіну»

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч папрасіла журналістаў прыехаць да яе дому, бо ад раніцы ёй тэлефануюць і звоняць у дзьверы незнаёмыя людзі. Яна распавяла пра тое, як даўно за ёй сочаць, што яна думае пра будучыню Каардынацыйнай рады і пра ролю Расеі ў беларускім палітычным крызісе. ​

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG