Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22-і дзень пратэстаў. Марш міру і незалежнасьці ў Менску і іншых гарадах Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 22-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

23:34 30.8.2020

Генштаб Беларусі: Узмацняецца выведная праца супраць Менску ў суседніх заходніх краінах

Заходнія суседзі Беларусі ўзмацняюць вайсковы патэнцыял і разгортваюць выведную дзейнасьць супраць рэспублікі, заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу беларускіх УС Руслан Касыгін.

«Вельмі сур'ёзна ўзмоцненая выведная дзейнасьць супраць нашай краіны», — сказаў Касыгін у эфіры тэлеканалу АНТ.

Паводле яго, на тэрыторыі суседніх заходніх краін на пастаяннай аснове знаходзіцца кантынгент войскаў, у складзе якога больш за 10 тысяч чалавек асабовага складу, больш за 40 баявых лятальных апаратаў, больш за 500 адзінак цяжкай вайсковай тэхнікі.

23:34 30.8.2020

Кіраўнік МЗС Італіі абураны абмежаваньнямі свабоды журналістаў у Беларусі

Міністар замежных спраў Італіі Люіджы Ды Маё вельмі занепакоены фактам пазбаўленьня акрэдытацыі і высылкі шматлікіх замежных журналістаў, якія працавалі ў Беларусі, і асуджае яго. Пра гэта паведаміла ў нядзелю агенцтва ANSA са спасылкай на крыніцы ў МЗС Італьянскай Рэспублікі.

«Неабходна як мага хутчэй аднавіць шанаваньне свабодаў СМІ і даць усе магчымасьці незалежным журналістам працягваць сачыць за падзеямі ў Беларусі», — прыводзіць словы міністра агенцтва.

29 жніўня МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі каля 20 карэспандэнтаў замежных СМІ.

22:54 30.8.2020

Затрыманьні 30 жніўня

Магілёў, Горкі і Бабруйск

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна», на «Маршы міру і незалежнасьці» і пасьля яго затрымалі прынамсі 10 чалавек. Журналіста зь мясцовага інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага і блогера Андрэя Бодзілева адправілі ў ізалятар. Пакуль невядома, што ім інкрымінуюць. Астатніх затрыманых адпусьцілі. Іх забралі, бо яны мелі бел-чырвона-белыя сьцягі.

У Горках, на аналягічнай акцыі пратэсту, затрымалі актывістаў руху «За свабоду» — Андрэя Юркова і КХП БНФ — Віктара Каралькова. Абодвух утрымліваюць у раённым аддзеле міліцыі.

У Бабруйску зьняволілі Віталя Красьніцкага, былога рабочага «Белшыны», які быў ініцыятарам стварэньня страйкаму на прадпрыемстве.

Гомель

Пасьля акцыі ў Гомлі міліцыя затрымала мінімум пяць чалавек. Іх павезьлі з Цэнтральнага РАУС у ізалятар часовага ўтрыманьня. Адзін з затрыманых, Валер Даўгулевіч, быў пасьля акцыі зь сябрамі ў піцэрыі. Сябры кажуць, што з піцэрыі Валера забралі пяцёра міліцыянтаў.

Горадня

Падчас акцыі затрымалі ня менш за сем чалавек. Вядомыя імёны некаторых: Андрэй Янковіч, Ліза Мерляк, Павал Мамуль, Віктар Шыкуць, Дзьмітры Розмысел, Павал Дораш, Станіслаў Васюхоўскі.

Усіх затрыманых падчас Маршу незалежнасьці выпусьцілі з РАУС толькі каля 22-й гадзіны. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

Сьпіс затрыманых па ўсёй Беларусі 30 жніўня. Абнаўляецца

22:24 30.8.2020

22:17 30.8.2020

«Вельмі дарагі прэзыдэнт, даражэй не бывае», — эканаміст пра абвал беларускага рубля і ролю IT-сэктару

Эканаміст Леанід Заіка расказаў, што значыць прыпыненьне выдачы крэдытаў у Беларусі, колькі каштуе праца беларускіх айцішнікаў на сусьветных рынках і чаму IT-сэктар можа лёгка пакінуць краіну:

«Давайце Аляксандру Рыгоравічу мільярд, давайце два мільярды – гэта абсалютна бессэнсоўны занятак. Ён будзе проста ўсё гэта марнаваць на субсыдыяваныя прадпрыемствы, на родныя калгасы і саўгасы, якія бяруць 15% бюджэту штогод, гэта мінімум 3–4 мільярды. І 3 мільярды трэба заплаціць па зьнешніх пазыках. Разам атрымліваецца 6–7 мільярдаў. Гэта кошт дарагога прэзыдэнта. Ён вельмі дарагі для нас. Я думаю, што галоўная прычына ў тым, што трэба своечасова сыходзіць на пэнсію. Вінаваты адзін чалавек – больш ніхто». Цалкам чытайце па спасылцы.

21:59 30.8.2020

21:59 30.8.2020

21:45 30.8.2020

Ці ёсьць у Расеі прававыя падставы для ўмяшаньня ў канфлікт у Беларусі? Разьбіраўся рэдактар расейскай «Независимой газеты»

Галоўны рэдактар і генэральны дырэктар расейскай «Независимой газеты» Канстанцін Рамчукоў у сваім блогу на сайце «Эхо Москвы» паспрабаваў разабрацца, ці можа быць законным умяшаньне Расеі ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі.

«Калі Лукашэнка — жулік і фальсыфікатар вынікаў выбараў, то тады менавіта ён дэстабілізуе сытуацыю ў краіне, і Пуціну трэба было б умяшацца сваім рэзэрвам сілавікоў, абараняючы сумленных людзей Беларусі», — лічыць Рамчукоў.

Але Савет бясьпекі Расеі вырашыў па-іншаму, ацаніўшы геапалітычныя рызыкі для РФ, як іх разумее кансэрватыўная супэрэліта Расеі, не на карысьць праціўнікаў Лукашэнкі, адзначае аўтар. «Думаю, прагаласавалі аднагалосна, каб прызнаць легітымным Лукашэнку. Гэта тлумачыць выкарыстаньне гэтага эпітэта Пуціным амаль праз тры тыдні пасьля выбараў. Калі ён легітымны, то дэстабілізуе сытуацыю апазыцыя. І нашых сілавікоў гатовыя паслаць для разгону пратэстоўцаў», — піша ён. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:34 30.8.2020

«Адказ на спробу Пуціна ўмяшацца ў працэс». Палітоляг Глеб Паўлоўскі пра ўзмацненьне пратэстаў у Беларусі

У Менску на «Маршы міру і незалежнасьці» ў нядзелю затрымалі больш за 140 чалавек. У Беларусі прайшлі чарговыя масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся сустрэцца ў Маскве. Пра тое, як можа далей разьвівацца сытуацыя, вядоўца «Настоящего времени» Ігар Сяўругін пагаварыў з расейскім палітолягам Глебам Паўлоўскім. Тэкставая вэрсія па спасылцы.

21:12 30.8.2020

Якім запомняць беларусы дзень народзінаў Лукашэнкі. ВІДЭА

Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы Менску 30 жніўня. Пратэстоўцы прайшлі па праспэкце Пераможцаў да Палаца Незалежнасьці. Глядзіце самыя яскравыя моманты.

АМАП і вайсковая тэхніка некалькі разоў спрабавалі перашкодзіць пратэстоўцам сабрацца разам. Аднак у іх гэта не атрымалася. Першая гадзіна пратэстаў:

Жанчыны леглі на дарогу, каб перашкодзіць АМАПу і машынам разганяць пратэстоўцаў.

Пра тое, як праходзілі сёньняшнія акцыі ў Менску і рэгіёнах, можна пачытаць у выніковых рэпартажах Свабоды:

У Менску больш за чатыры гадзіны адбываўся пратэстны «Марш міру і незалежнасьці». ФОТА, ВІДЭА

Маршы міру прайшлі ў Гомлі, Мазыры, Сьветлагорску і Рэчыцы

У Горадні марш незалежнасьці прайшоў праз псыханэўралягічны дыспансэр. ФОТА

Марш міру і незалежнасьці ў Магілёве: тысячы ўдзельнікаў, прарывы ачапленьня. ФОТА

19:56 30.8.2020

У Менску затрымалі футбалістаў «Крумкачоў»

Як стала вядома Свабодзе ад прадстаўніка футбольнага клюбу «Крумкачы», толькі што ў раёне Раманаўскай Слабады затрымалі футбалістаў клюбу Паўла Расольку і Сяргея Казеку. Яны вярталіся з трэніроўкі разам з трэнэрам Бялінскім. Міліцэйскія кардоны прайшлі, наляцеў АМАП, хлопцаў схапілі і зьбілі. Ім інкрымінуюць напад на міліцыю.

Трэнэра не чапалі. Павал Расолька і Сяргей Казека ня ўдзельнічалі ў Маршы пратэсту.

Раней гульцы «Крумкачоў» выйшлі на матч з «Хімікам» у футболках з надпісам «Мы з народам!»

19:54 30.8.2020

Падчас акцыі пратэсту ў Менску затрымалі футбалістаў «Крумкачоў» Сяргея Казеку і Паўла Расольку

Паводле інфармацыі карэспандэнта Tribuna.com, яны ў Ленінскім РУУС. Раней гульцы «Крумкачоў» выйшлі на матч з «Хімікам» у футболках з надпісам «Мы з народам!»

19:44 30.8.2020

У Менску на акцыі затрымалі 140 чалавек

Колькасьць затрыманых удзельнікаў пратэставых акцый у Менску павялічылася з 125 да 140. Пра гэта паведаміла расейскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава.

«Затрыманьне праходзіла ў рамках адміністрацыйнага працэсу. У дачыненьні да іх распачаты адміністрацыйны працэс за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Абстаноўка стала нашмат спакайнейшая, людзей на вуліцах меней. Яна кантралюецца», — сказала Чамаданава.

Як пазьней удакладніла МУС, 140 чалавек было затрымана ў Менску на 18-ю гадзіну. У сьпісе праваабарончага цэнтру «Вясна» ўжо 90 прозьвішчаў затрыманых. Некаторых адпусьцілі, некаторых адвезьлі ў турмы на Акрэсьціна ў Менску і ў Жодзіна.

Сьпіс затрыманых па ўсёй Беларусі 30 жніўня. Абнаўляецца

19:20 30.8.2020

На БТ пра сёньняшнія акцыі пратэсту ў Беларусі амаль не згадалі

У выпуску навінаў а 19-й гадзіне на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» амаль цалкам праігнаравалі сёньняшнія акцыі пратэсту ў Менску і іншых гарадах Беларусі.

Адзіная згадка пра антыўладныя выступленьні прагучала на шостай хвіліне выпуску. Тэлеканал згадаў інфармацыю Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пра тое, як «удзельнікі несанкцыянаванага мітынгу накінуліся на спэцтранспарт і супрацоўнікаў, якія ў ім знаходзіліся».

19:12 30.8.2020

Людзі сышлі ад Палаца Незалежнасьці, рух на праспэкце Пераможцаў адноўлены

Каля Палаца Незалежнасьці а 19-й гадзіне засталіся апошнія пратэстоўцы. Рух па праспэкце Пераможцаў адноўлены, там застаецца каля 30 байцоў АМАП. Нікога не затрымліваюць.

Жанчына дапамагае камунальнікам прыбіраць «падарункі» пратэстоўцаў, «каб потым не казалі, што мы вандалы».

Труна, якую пакінулі пад палацам Лукашэнкі ў Менску
Труна, якую пакінулі пад палацам Лукашэнкі ў Менску

19:08 30.8.2020

Марш у Гомлі працягваўся 5 гадзін

Сёньняшняя акцыя пратэсту ў Гомлі працягвалася 5 гадзін: з 14-й да 19-й.

Удзельнікі гомельскага маршу
Удзельнікі гомельскага маршу

19:05 30.8.2020

Акцыя ў Берасьці

19:01 30.8.2020

У Менску затрыманы экс-камэнтатар «Беларусь 5» Уладзіслаў Татур

Падчас сёньняшняга маршу ў Менску затрымана больш за 100 чалавек, у тым ліку былы камэнтатар «Беларусь 5» Уладзіслаў Татур. Гэтае затрыманьне трапіла на відэа, паведамляе Tut.by.

20 жніўня стала вядома, што спартовыя камэнтатары тэлеканалу «Беларусь 5» Арташэс Антанян, Уладзіслаў Татур і Яраслаў Пісарэнка, а таксама кіраўнік аддзелу карэспандэнтаў Андрэй Іваноў напісалі заявы на звальненьне з прычыны нязгоды з палітыкай тэлерадыёкампаніі пасьля выбараў

18:49 30.8.2020

Сёньняшняя акцыя ў Горадні з дрона. Фота

18:37 30.8.2020

У Гомлі міліцыя затрымала журналістку

У Гомлі затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову. Яна асьвятляла сёньняшнюю акцыю салідарнасьці. Міліцыя затрымала яе ля дому.

Акцыя ў Гомлі працягваецца.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG