Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі дарагі прэзыдэнт, даражэй не бывае», — эканаміст пра абвал беларускага рубля і ролю IT-сэктару


Леанід Заіка
Леанід Заіка

Эканаміст Леанід Заіка расказаў вядоўцы «Настоящего времени» Ігару Сяўругіну пра тое, што значыць прыпыненьне выдачы крэдытаў у Беларусі, колькі каштуе праца беларускіх айцішнікаў на сусьветных рынках і чаму IT-сэктар можа лёгка пакінуць краіну.

— IT арганічна Беларусі пакуль не патрэбны. Ёсьць такія рамантыкі, якія кажуць: «Ды мы цяпер усё тут зымправізуем, зробім поўны IT, кожны АМАПавец атрымае па смартфону і будзе наўпрост зь міністрам мець зносіны». IT — гэта ня наша. Айцішнікі атрымліваюць замовы, яны працуюць у асноўным на заходнеэўрапейскіх партнэраў, на паўночнаамэрыканскіх — гэта Канада і ЗША. У айцішнікаў, калі глядзець па рэальным становішчы, у іх 18 даляраў гадзінная стаўка зарплаты. І там менш як на паўтары тысячы даляраў не бяруць. Яны могуць працаваць у любой краіне: могуць у Гоа паехаць, могуць кудысьці яшчэ.
Айцішнікі ў Беларусі зьявіліся і засталіся толькі з адной простай прычыны — што Аляксандар Рыгоравіч раптам падумаў, што трэба, каб у краіне нешта разумнае разьвівалася. А так асабіста яму і чыноўнікам гэта абсалютна ня трэба.

У мяне былі мае падапечныя з IT, агульны патэнцыял замоваў, які павінен атрымлівацца, — гэта 92 мільярды даляраў на сусьветных рынках. Расея замовы ня робіць, Беларусь замовы ня робіць, таму яны могуць жыць у любой краіне. Адзінае, што яны практычна ня плацяць падаткі — толькі такія, сьмешныя. Таму хлопцы паедуць, кампаніі паедуць. Я скажу такую рэч: і правільна зробяць, хлопцы, вы тут не патрэбныя, на вас тут адразу кідаюць мужыкоў з дубінкамі, якія балюча б’юцца. Навошта пры такім АМАПе, пры такіх сілавых структурах, навошта ім патрэбны гэты IT? Даіце кароў, на трактары працуйце з раніцы да вечара — вось гэта Беларусь імя таварыша Лукашэнкі.

— Лукашэнка кажа, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі наконт рэфінансаваньня, кажа, што «мы ў сябе гэты мільярд даляраў пакінем». Вы разумееце, што значыць пакінуць у сябе гэты мільярд даляраў, дамовіўшыся з Расеяй?

— Я выдатна ведаю, што, па-першае, людзі, як правіла, на мяне крыўдзяцца, калі я кажу, што зьнешні сукупны доўг Беларусі дзяржаўны і прыватны — гэта 40 мільярдаў даляраў на сёньня. Гэта значыць — крыху больш, чым чатыры тысячы даляраў на кожнага беларуса. У гэтым годзе мы павінны заплаціць толькі за абслугоўваньне доўгу і яго вяртаньне — 3 мільярды 600. Мне нават неяк даводзілася тлумачыць, што адбываецца. На гэтыя грошы — штогадовыя нашы траншы на вяртаньне даўгоў — мы маглі б кожнаму выпускніку школы пабудаваць двухпакаёвую кватэру, аддаць яму ключы, і ўжо ён будзе з жыльлём.

Давайце Аляксандру Рыгоравічу мільярд, давайце два мільярды — гэта абсалютна бессэнсоўны занятак. Ён будзе проста ўсё гэта марнаваць на субсыдыяваныя прадпрыемствы, на родныя калгасы і саўгасы. А гэтыя калгасы і саўгасы бяруць 15% бюджэту штогод, а 15% бюджэту — гэта мінімум 3–4 мільярды. І вось 3 мільярды трэба заплаціць па зьнешніх пазыках, 4–5 мільярдаў даць калгасьнікам, саўгасьнікам, аграномам. Разам атрымліваецца сума такая, што 6–7 мільярдаў. Гэта кошт дарагога прэзыдэнта. Ён вельмі дарагі для нас. Далей няма куды, даражэй не бывае.

— Зноў Лукашэнка кажа, што не дапусьціць абвалу нацыянальнай валюты. Як вам здаецца, гэтым разам не дапусьціць?

— Справа ў тым, што па сваёй прафэсіі я загадчык катэдры эканамічнай тэорыі, прарэктар. І я шмат працаваў у Вашынгтоне, у Сусьветным банку, у Маскоўскім унівэрсытэце выкладаў, у Пецярбурскім, у Кіеўскім, у Ташкенцкім, у Кітаі. Што адбываецца? Адбываецца элемэнтарная непавага да эканамічнай тэорыі, гэта значыць дурасьць, калі перакладаць на мову сярэднестатыстычнай тэрміналёгіі.

З пачатку гэтага году дзякуючы прэзыдэнцкім указам, такім валюнтарысцкім рашэньням, намінальны заробак павялічылі на 8%. Намінальна ў рублях, па бягучым курсе і іншае. А ў гэты ж час валавы ўнутраны прадукт, канчатковы кошт тавараў і паслуг, зваліўся на 1,5–2%. То бок калі студэнт адказвае на іспыце, што «я так зраблю», то спакойна паварочваеш яго, каленам пад зад, і «ідзі, хлопец, вучыся». Тут гэта ўсё зроблена. Цяпер чаго ён чакае? Што ён павялічыў намінальную грашовую базу, ВУП падае, а курс па законах навукі будзе падаць. Курс беларускага рубля ўжо падае на 10–15–20%. То бок Аляксандар Рыгоравіч пацьвярджае тое, што эканамічныя законы існуюць.

— Я днямі на сайце беларускага ашчаднага банку ўбачыў навіну аб абмежаваньні прыёму крэдытных заявак, а на сайце Тэхнабанку буйным шрыфтам было напісана, што прыпыняецца разгляд заявак на крэдыты. Для простага беларуса што гэта значыць?

— Калі курс беларускага рубля пачынае падаць, то толькі дурань на чале банку можа сказаць: «Хлопцы, працягвайце выдаваць крэдыты». Вы бераце крэдыт, умоўна, па два, а потым ён становіцца тры. Гэта значыць, вы ўзялі дзесяць тысяч даляраў, а аддаваць трэба будзе шэсьць ці сем тысяч даляраў. Любы банкір кажа: «Усё, хопіць, не гуляю ў гэтыя гульні, таму што курс паехаў уніз. Мы выдадзім крэдыт у рублях, — а ў валюце крэдыты практычна не выдаюць, — і мы прагарым». Таму гэта робяць усе банкі, і гэта слушна, абсалютна правільна, іншага і ня дадзена. Хто ў гэтым вінаваты? Я думаю, што галоўная прычына ў тым, што трэба своечасова сыходзіць на пэнсію. [Вінаваты] адзін чалавек — больш ніхто.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG