Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі афіцыйна заблякавалі онлайн-плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў і дзясяткі проксі-сэрвісаў


Скрын галоўнай старонкі онлайн-плятформы «Голас»
Скрын галоўнай старонкі онлайн-плятформы «Голас»

У Беларусі абмежавалі доступ да онлайн-плятформаў «Голас» і Zubr.in, паведамляе Tut.by са спасылкай на афіцыйны сайт БелДІЭ.

Сайты гэтых онлайн-ініцыятываў трапілі ў сьпіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі» 21 жніўня. Сьпіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайнымі карыстальнікамі, але даступны для інтэрнэт- і гостынг-правайдэраў. У адным зь іх нам пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Акрамя таго, у сьпіс абмежаванага доступу рашэньнем Міністэрства інфармацыі ўнесьлі некалькі дзясяткаў проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх пры адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9–11 жніўня некаторыя карыстальнікі адкрывалі папулярныя мэсэнджэры.

20 жніўня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

На падставе сабраных плятформай дадзеных адзін з распрацоўнікаў «Голасу» Павал Лібер заявіў, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».

Вось тры яго галоўныя высновы:

  1. «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
  2. «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў часу пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
  3. «Аляксандр Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «як можна сфальсыфікаваць 80%?».

Што такое плятформа «Голас»

Плятформу запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. На плятформе зарэгістраваліся 1,15 млн карыстальнікаў.

«Плятформа «Голас» існуе, каб кожны мог даведацца, колькі галасоў аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу, — пішуць на сайце. — Усё, што трэба зрабіць, — даслаць фота абодвух бакоў вашага бюлетэню ў чат-бот „Голасу“. Толькі бюлетэнь, бяз пашпарту і сэлфі. Ваш голас застанецца ананімным».

У дзень выбараў 9 жніўня сайт быў недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, а некаторыя карыстальнікі паведамлялі, што замест арыгінальнага «Голасу» адкрываўся фальшывы сайт, які прасіў увесьці тэлефонны нумар.

Што ўлады казалі пра «Голас»​

Плятформу для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта Беларусі «Голас» прапаноўвалі заблякаваць яшчэ на пачатку жніўня.

6 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтравыбаркаму, ня больш і ня менш».

У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG