Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра». Стваральнік плятформы «Голас» упершыню назваў сваё імя


Павал Лібер
Павал Лібер

Дырэктар дэпартамэнта найбуйнейшай у Беларусі ІТ-кампаніі EPAM Павал Лібер расказаў у Фэйсбуку, што ўдзельнічаў у стварэньні плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах-2020 «Голас», якая канстатавала вялікую колькасьць фальсыфікацый падчас галасаваньня. Раней стваральнікі праекту захоўвалі ананімнасьць.

Сёньня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

«Я нейкі час захоўваў ананімнасьць і да гэтага часу знаходжуся не ў Беларусі для бясьпекі праекта. Але сёньня важны дзень, калі ў плятформы павінен быць не толькі голас, але і твар. Сёньня мы публікуем нашы вынікі. І я не хачу, каб яны былі ананімнымі. Ананімнасьць спараджае недавер, а „Голас“ наадварот ствараўся для адкрытасьці ва ўсім — асабліва ў працэсе падліку галасоў выбаршчыкаў», — напісаў Лібер.

Паводле яго, плятформа «Голас» стала «сапраўдным сымбалем грамадзянскага кантролю за сумленнасьцю старшыняў камісій, веры выбаршчыкаў у абарону свайго выбару і надзеі на тое, што лічбавыя тэхналёгіі ў гэты раз дапамогуць справядлівасьці адбыцца».

«Кожны чалец камісій бачыў, як людзі фатаграфуюць свае бюлетэні. Кожны з іх стаў перад выбарам — лічыць галасы сумленна ці рызыкнуць і спадзявацца на абарону рэжыму. Гэтая плятформа была цалкам створана беларускімі прафэсіяналамі (больш за 40 чалавек) — выдатнай камандай неабыякавых валянтэраў. „Голас“ нараджаўся і разьвіваўся як абсалютна апалітычная сыстэма, закліканая пералічыць галасы людзей, абараніць іх выбар ад фальсыфікацый і мець фота з доказам гэтага выбару. Наша каманда ніколі не агітавала за каго-небудзь з кандыдатаў і ніколі не заклікала да масавых пратэстаў», — расказаў праграміст.

На падставе сабраных плятформай дадзеных, Павал Лібер сьцьвярджае, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».

Вось тры яго галоўныя высновы:

  1. «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
  2. «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў час пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
  3. «Аляксандр Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «як можна сфальсыфікаваць 80%?».

Што такое плятформа «Голас»

Плятформу запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. На плятформе зарэгістраваліся 1,15 млн карыстальнікаў.

«Плятформа «Голас» існуе для таго, каб кожны мог даведацца, колькі галасоў было аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу, — пішуць на сайце. — Усё, што трэба зрабіць, — даслаць фота абодвух бакоў вашага бюлетэню ў чат-бот „Голасу“. Толькі бюлетэнь, бяз пашпарту і сэлфі. Ваш голас застанецца ананімным».

У дзень выбараў 9 жніўня сайт быў недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, а некаторыя карыстальнікі паведамлялі, што замест арыгінальнага «Голасу» адкрываецца фальшывы сайт, які прасіў увесьці тэлефонны нумар.

Што ўлады казалі пра «Голас»​

6 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтравыбаркаму, ня больш і ня менш».

У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG