Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

Што адбываецца ў Беларусі 20 жніўня.

08:22 21.8.2020

13-ы дзень пратэстаў. Прадстаўнікоў каардынацыйнай рады выклікалі ў сьледчы камітэт

07:37 21.8.2020

Пракуратура завяла справу супраць Каардынацыйнай рады, Крэмль заяўляе пра ўмяшаньне ў справы Беларусі. Найважнейшае за 20 жніўня

Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады».

У Сьледчы камітэт выклікалі чальцоў Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака і лідэра страйкавага камітэту МТЗ Сяргея Дылеўскага.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвясьціў пра пачатак маштабных тактычных вучэньняў на горадзенскім кірунку. «Бачым, што ідзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы», — пракамэнтаваў міністар.

Міліцыя затрымала старшыню страйкаму МАЗу Яўгена Бахвалава.

На Паўла Севярынца, якога заўтра чакалі на волі пасьля 75 сутак арышту, завялі крымінальную справу.

Аляксандар Лукашэнка ня хоча ўдзелу АБСЭ як пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі, паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Выступаючы на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, ён таксама сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пазытыўна адрэагаваў на прапанову пра такую ролю АБСЭ.

У Крамлі лічаць, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Дырэктар дэпартамэнту найбуйнейшай у Беларусі ІТ-кампаніі EPAM Павал Лібер заявіў, што ўдзельнічаў у стварэньні плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах-2020 «Голас». Сёньня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх вынікае, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што краіна перажывае самы складаны этап у сваёй найноўшай гісторыі. «Гаворка папраўдзе ідзе аб захаваньні дзяржаўнасьці». Міністар таксама паведаміў, што ў адрас чальцоў яго сям’і паступаюць пагрозы. «За гэтыя сьлёзы майго 11-гадовага сына я гатовы перагрызьці горла» — гаворыцца ў заяве міністра.

Лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага шпіталізавалі з атручэньнем. Ён у рэанімацыі, у коме і на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

23:28 20.8.2020

Відэафакт: у Слоніме людзі выходзяць з вайсковай часткі і накіроўваюцца на мітынг у падтрымку Лукашэнкі

23:23 20.8.2020

Дзяржсакратар ЗША заклікаў неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых беларусаў

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо сёньня выступіў з заявай з нагоды палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Яна мае назву «Падтрымка памкненьняў беларускага народу».

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур'ёзнымі недахопамі ў прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня ў Беларусі і рашуча асуджаем гвалт у дачыненьні да мірных дэманстрантаў і журналістаў, арышт кандыдатаў ад апазыцыі і мірных дэманстрантаў, блякаваньне інтэрнэту ў Беларусі і злоўжываньні адносна затрыманых. Мы заклікаем неадкладна вызваліць тых, хто несправядліва затрыманы, і высьветліць лёс тых, хто зьнік бязь вестак.

ЗША падтрымліваюць свабодныя і справядлівыя выбары, якія адлюстроўваюць волю беларускага народу. Выбары 9 жніўня не адпавядалі гэтаму стандарту. (...)

Мы заклікаем урад Беларусі актыўна весьці дыялёг зь беларускім грамадзтвам, у тым ліку і зь нядаўна ўтворанай Нацыянальнай каардынацыйнай радай, каб вызначыць, чаго патрабуе беларускі народ дзеля будучыні і посьпеху Беларусі».

23:21 20.8.2020

Як у Буда-Кашалёве агітавалі за Лукашэнку. Фатафакт

Буда-Кашалёва, Гомельская вобласьць. 20 жніўня такія машыны тут езьдзілі кругамі па горадзе, а людзі зь іх крычалі: «Не дамо разваліць краіну! Прыходзьце на мітынг за нашага прэзыдэнта!». Фота даслалі чытачы.

23:12 20.8.2020

«Едзьце да яе. Штаб у Літве». На акцыю пад чырвона-зялёнымі сьцягамі ў Горадні прыйшло 30 чалавек

Акцыя «Пункт супакою» прайшла ў горадзенскім парку Жылібера пад балёнікамі зялёнага і чырвонага колеру 20 жніўня. На яе прыйшло каля 30 чалавек.

Пікет зьявіўся каля 16 гадзіны. Маладзёны ў белых кашулях з надпісамі «За Беларусь» раздавалі паштоўкі і чырвона-зялёныя стужкі. Запрашалі на мітынг «Любімую не аддамо» на плошчы Леніна 22 жніўня. «А мы думалі, што сёньня мітынг. Ва ўсіх навінах перадалі, што а 16-й», — засмуціліся жанчыны, што прыйшлі ў час.

«Які жах!», — пасьпела сказаць жанчына з малой дачкой, якія ў сьветлых кашульках праходзілі паўзь пікет.

«Ганьба!», — закрычала яшчэ адна дзяўчына, аддаляючыся ад акцыі.

«Валіце з краіны, каб нагі вашай тут не было, на польскія градкі», — абурылася жанчына, што прыйшла на акцыю. Рэпартаж з акцыі цалкам чытайце па спасылцы.

23:00 20.8.2020

Польскі палітоляг: А што іншае мог зрабіць Эўразьвяз?

На пытаньні пра палітыку ЭЗ, ЗША і Расеі ў цяперашнім беларускім палітычным крызісе адказаў польскі экспэрт Каміль Клысіньскі, галоўны спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.

Сьцісла:

  • Прапанова пасярэдніцтва, дыялёгу з удзелам эўрапейскіх інстытутаў ці асобных сталіцаў ЭЗ была адкінутая Лукашэнкам.
  • Адзіная магчымая рэакцыя можа быць толькі такой, якой яна і была зробленая Эўразьвязам.
  • ЭЗ, падазраючы, што Ціханоўская перамагла, але ня маючы пераканаўчых доказаў яе перамогі, ня ў стане пакуль прызнаць яе прэзыдэнтам Беларусі.
  • Зараз ЗША вымушаныя спыніць палітыку падтрымкі беларускіх уладаў, якая была выпрацаваная ў зусім іншым кантэксьце.
  • У апошнія дні я назіраю дакладную лінію Крамля, якая асуджае ўяўныя спробы ўмяшаньня з боку Захаду.
  • Расея выкарыстоўвае момант, каб умацаваць свой уплыў у Беларусі і вярнуцца да перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі ў межах саюзнай дзяржавы.
  • Расеі вельмі выгадна, што на вачах распадаецца ўвесь канструкт дыялёгу Менску з Захадам — тое, што будаваў Макей і яго падначаленыя.
  • Лукашэнка хутчэй гуляў у расейскае вайсковае ўмяшаньне, чым думаў пра гэта.
  • Расея чарговым разам паказвае, што Беларусь — гэта зона яе выключнага дамінаваньня і ні бачыць, ні дапускаць ніякіх суразмоўцаў яна б не хацела.

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.

22:42 20.8.2020

На Берасьцейшчыне 10 чалавек затрымалі па крымінальных справах пасьля пратэстаў

У Берасьцейскай вобласьці затрымалі «10 актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў», паведамляе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму.

Затрыманыя — жыхары Берасьця, Берасьцейскага і Драгічынскага раёнаў ва ўзросьце ад 18 да 40 гадоў, цяпер яны ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Іх падазраюць у тым, што яны 10 і ноччу 11 жніўня «ўжывалі гвалт да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», «кідалі ў іх камяні, палкі, мэталічныя прадметы, запускалі фаеры, псавалі дзяржаўную маёмасьць на цэнтральных вуліцах гораду».

Праваахоўнікі завялі крымінальныя справы па фактах масавых беспарадкаў, хуліганства, гвалту і пагрозы гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў.

22:28 20.8.2020

Ля дома экс-дырэктара Купалаўскага ўжо 2 гадзіны працуюць сьледчыя

Як паведаміў Радыё Свабода Павал Латушка, які пасьля звальненьня з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру ўвайшоў у Каардынацыйную раду па трансфэры ўлады, каля ягонага дому ўжо дзьве гадзіны працуюць сьледчыя. Яны вывучаюць месца інцыдэнту, які адбыўся ў ноч на 20 жніўня. Там жа знаходзіцца і адвакат Паўла Латушкі.

Дом Латушкі ўначы запэцкалі чырвонай фарбай. Яго самога дома не было. Фота запэцканага будынку і гаража яму пераслалі сябры.

Сам Латушка цяпер пад аховай. На ягоны адрас паступаюць пагрозы. Як расказаў Латушка Свабодзе, ёсьць відэазапіс інцыдэнту. На ім відаць, што гэта зрабілі двое мужчын, якія прыехалі да дому на машыне прыблізна ў 2:45. Цалкам чытайце па спасылцы.

22:19 20.8.2020

Лідэра страйкаму МТЗ выклікалі ў Сьледчы камітэт

Лідэр страйкавага камітэту Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, які ўваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады па перадачы ўлады ў Беларусі, павінен зьявіцца аб 11-й гадзіне 21 жніўня ў Сьледчы камітэт.

Пра гэта інтэрнэт-выданьню Office Life паведаміла крыніца з заводу. Дзейнасьць Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады стала падставай пачаць крымінальную справу паводле артыкула «аб захопе ўлады», заявіў журналістам 20 жніўня генэральны пракурор Аляксандар Канюк.

22:17 20.8.2020

Больш за 500 мэдыкаў запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі

Прынамсі 500 супрацоўнікаў сфэры аховы здароўя абнародавалі зварот з палітычнымі патрабаваньнямі. У якасьці матывацыі яны адзначылі «шакавальныя праявы жорсткасьці з боку праваахоўных органаў, цяжкія наступствы зьбіцьця і катаваньняў сотняў грамадзянаў, маштабныя перашкоды ў прадстаўленьні мэдычнай дапамогі пацярпелым».

Мэдыкі запатрабавалі:

  • адстаўкі Лукашэнкі,
  • спыненьня гвалту,
  • прыцягненьня да адказнасьці службоўцаў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы,
  • неадкладна даць мэдычнаму пэрсаналу бесьперашкодны доступ у месцы ўтрыманьня для агляду ўсіх затрыманых.

Цалкам чытайце па спасылцы.

22:16 20.8.2020

Макрон: Лукашэнка ня хоча, а Пуцін ня супраць АБСЭ як пасярэдніка ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка ня хоча ўдзелу АБСЭ як пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі, паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Яго цытуе агенцтва Reuters.

Выступаючы на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, Макрон таксама сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пазытыўна адрэагаваў на прапанову пра такую ролю АБСЭ.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе аб'ядноўвае 56 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я.

22:14 20.8.2020

У Гомлі прайшла чарговая акцыя прыхільнікаў перамен

У Гомлі прайшла чарговая акцыя прыхільнікаў перамен. Людзі сабраліся на пляцоўцы каля цырку – традыцыйным месцы збору, сьпявалі, слухалі мясцовых рок-музыкаў, скандавалі «Жыве Беларусь», «Верым, Можам, Пераможам». Прысутных было некалькі соцень чалавек.

22:11 20.8.2020

Выйшаў на сувязь зьніклы арганізатар страйку на «Беларуськаліі»

Дзьмітры Кудзялевіч, адзін з арганізатараў страйку на «Беларуськаліі», які зьнік у Салігорску ў 11:17 раніцы 20 жніўня, выйшаў на сувязь, паведаміў страйкам «Беларуськалію» са спасылкай на словы жонкі Кудзялевіча Іны.

Пра зьнікненьне Дзьмітрыя Кудзялевіча страйкам «Беларуськалію» паведаміў раніцай 20 жніўня: Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь у 11:17. Паводле інфармацыі ўдзельнікаў страйкаму, Кудзялевіч мог быць затрыманы невядомымі асобамі, калі знаходзіўся ва ўласным аўтамабілі.

22:06 20.8.2020

Працягваецца ціск на страйкам МАЗу

Крыніца, якая працуе на Менскім аўтамабільным заводзе, паведамляе пра ўзмацненьне ціску на працаўнікоў прадпрыемства, якія выступаюць за адстаўку ўладаў і за новыя выбары.

«Літаральна за першую палову гэтага дня абстаноўка значна пагоршылася. Тэрмінова ўсталявалі відэакамэры ўва ўсіх цэхах і праездах, сочаць, каб не зьбіраліся больш за тры чалавекі, каб не адсутнічалі на працоўным месцы. Адразу пагражаюць пазбаўленьнем прэміі ці нават звальненьнем. Па заводзе езьдзіць АМАП на электракарах, шмат праваахоўнікаў на тэрыторыі. Спрабуюць вылічыць страйкам, які ў такіх умовах, натуральна, пайшоў у падпольле», — паведаміла крыніца карэспандэнту Свабоды.

Паводле крыніцы, на заводзе пачаліся звальненьні тых, хто апошнімі днямі браў удзел у страйку. «Кажуць прыкладна пра 10 чалавек, якіх загадана звольніць. Правяраем гэтыя зьвесткі», — паведаміла крыніца.

Зь іншых крыніц Свабодзе стала вядома пра звальненьне сьлесара Вячаслава Баўкуновіча з 4-га цэху зборкі аўтамабіляў (ЦСА-4). Працаўніку паставілі ў віну тое, што адсутнічаў на працоўным месцы з 7-й раніцы да 15-й гадзіны 19 жніўня, за што яго пазбавілі прэміі за жнівень. У другім пункце распараджэньня загадана «за сыстэматычныя парушэньні працоўных абавязкаў без паважных прычын падрыхтаваць дакумэнты на звальненьне». Цалкам чытайце па спасылцы.

21:52 20.8.2020

Макрон: Лукашэнка ня хоча, а Пуцін ня супраць АБСЭ як пасярэдніка ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка ня хоча ўдзелу АБСЭ як пасярэдніка ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі, паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Яго цытуе агенцтва Reuters.

Выступаючы на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, Макрон таксама сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пазытыўна адрэагаваў на прапанову пра такую ролю АБСЭ.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе аб'ядноўвае 56 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я.

21:43 20.8.2020

У Заслаўі прайшоў мітынг салідарнасьці

20 жніўня ў Заслаўі каля мясцовага Дому культуры прайшоў мітынг. Мясцовыя жыхары запрасілі на яго кіраўніцтва гораду, а таксама прадстаўнікоў Менскага райвыканкаму і раённай пракуратуры.

Да прысутных выйшла старшыня гарвыканкаму Сьвятлана Карташова і агучыла ўмову: размова адбудзецца толькі ў актавай залі ДК. Прысутныя адмовіліся і арганізавалі выступленьні ўсіх, хто жадаў, на ганку ўстановы. У часе мітынгу музыка Зьміцер Сасноўскі выканаў жалобны твор у памяць забітага падчас пратэсту ў Менску Аляксандра Тарайкоўскага.

21:38 20.8.2020

«Чаго вы баіцеся?» Штаб Бабарыкі апублікаваў зварот да беларускіх сілавікоў

На афіцыйным Youtube-канале экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі 20 жніўня апублікавалі зварот кіраўніцы штабу Марыі Калесьнікавай да вайскоўцаў і сілавікоў.

«Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з народам? Чаму вы яшчэ ня сталі героямі для беларусаў? Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасьць і воінскі гонар і назаўжды ўвайсьці ў гісторыю краіны, нават сусьветную гісторыю», — кажа яна.

Паводле Калесьнікавай, «плян просты» — усім сілавікам, якія пяройдуць на бок народу і адмовяцца выконваць злачынны загад, гарантуюць

  • бясьпеку і недатыкальнасьць,
  • справядлівае стаўленьне да вашых падразьдзяленьняў,
  • адмену даўгоў за адукацыю,
  • адмену кантрактных даўгоў і іншых выплат, якія дзейная ўлада «вешае на тых, хто хоча сысьці з органаў ці адмаўляецца выконваць злачынныя загады»,
  • жытло і матэрыяльную падтрымку.

«Мы просім вас дапамагчы нам і быць з намі. Мы просім прыгадаць пра прысягу, якую вы давалі, і абараніць ваш народ», — заклікае Калесьнікава. Падрабязьней глядзіце і чытайце па спасылцы.

21:29 20.8.2020

Кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту: на мяжы магчымыя правакацыі

Кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо зьвярнуўся да падначаленых.

У афіцыйнай заяве, апублікаванай на сайце ведамства, адзначаецца, што асноўная задача памежнікаў цяпер — узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы краіны. Паводле Лапо, памежнікі «не павінны дапусьціць правоз зброі, выбухоўкі, наркотыкаў, прапусьціць на нашу тэрыторыю злачынныя элемэнты, любога, хто можа нанесьці шкоду і паставіць пад небясьпеку жыцьці нашых грамадзян».

Кіраўнік ДПК заклікаў памежнікаў «быць асабліва пільнымі», бо «менавіта ў гэты пэрыяд могуць актывізавацца супрацьпраўныя групоўкі, магчымыя рознага кшталту правакацыі, у тым ліку і ў дачыненьні да памежнікаў».

21:17 20.8.2020

«Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра». Стваральнік плятформы «Голас» упершыню назваў сваё імя

Дырэктар дэпартамэнту найбуйнейшай у Беларусі ІТ-кампаніі EPAM Павал Лібер расказаў у Фэйсбуку, што ўдзельнічаў у стварэньні плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах-2020 «Голас», якая канстатавала вялікую колькасьць фальсыфікацый падчас галасаваньня. Раней стваральнікі праекту захоўвалі ананімнасьць.

На падставе сабраных плятформай дадзеных Павал Лібер сьцьвярджае, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».

Вось тры яго галоўныя высновы:

  1. «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
  2. «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў час пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
  3. «Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «Як можна сфальсыфікаваць 80%?».

Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG