Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі палітоляг: А што іншага мог зрабіць Эўразьвяз?


Каміль Клысіньскі
Каміль Клысіньскі

На пытаньні пра палітыку ЭЗ, ЗША і Расеі ў цяперашнім беларускім палітычным крызісе адказаў польскі экспэрт Каміль Клысіньскі, галоўны спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.

Сьцісла:

  • Прапанова пасярэдніцтва, дыялёгу з удзелам эўрапейскіх інстытутаў ці асобных сталіцаў ЭЗ была адкінутая Лукашэнкам
  • Адзіная магчымая рэакцыя можа быць толькі такой, якой яна і была зробленая Эўразьвязам
  • ЭЗ, падазраючы, што Ціханоўская перамагла, але ня маючы пераканаўчых доказаў яе перамогі, ня ў стане пакуль прызнаць яе прэзыдэнтам Беларусі
  • Зараз ЗША вымушаныя спыніць палітыку падтрымкі беларускіх уладаў, якая была выпрацаваная ў зусім іншым кантэксьце
  • У апошнія дні я назіраю дакладную лінію Крамля, якая асуджае ўяўныя спробы ўмяшаньня з боку Захаду
  • Расея выкарыстоўвае момант, каб умацаваць свой уплыў у Беларусі і вярнуцца да перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі ў межах саюзнай дзяржавы
  • Расеі вельмі выгадна, што на вачах распадаецца ўвесь канструкт дыялёгу Менску з Захадам — тое, што будаваў Макей і яго падначаленыя
  • Лукашэнка хутчэй гуляў у расейскае вайсковае ўмяшаньне, чым думаў пра гэта
  • Расея чарговым разам паказвае, што Беларусь — гэта зона яе выключнага дамінаваньня і ні бачыць, ні дапускаць ніякіх суразмоўцаў яна б не хацела

— Учора ЭЗ на адмысловым саміце выказаў сваё стаўленьне да падзей у Беларусі. Было прынятае рашэньне, што ЭЗ не прызнае афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, Зьвяз уводзіць санкцыі адносна асобаў, датычных да фальсыфікацыяў і гвалту, а таксама выдзяляе 53 мільёны эўра дапамогі беларускаму народу. Некаторыя і ў Беларусі, і за яе межамі крытыкуюць гэтыя рашэньні за кволасьць і бяззубасьць.

— Калі мы чуем такую крытыку, я хацеў бы спытаць, што на дадзены момант мог бы зрабіць Эўразьвяз? Прапанова пасярэдніцтва, дыялёгу з удзелам эўрапейскіх інстытутаў ці асобных сталіцаў ЭЗ была адкінутая Лукашэнкам. Калі ён адкідае такі варыянт, называючы яго ўмяшаньнем, калі не жадае нават паразмаўляць праз тэлефон з Ангелай Мэркель, канцлерам Нямеччыны, адным зь лідэраў Эўразьвязу — то пра што можна казаць?

Адзіная магчымая рэакцыя можа быць толькі такой, якой яна і была зробленая ўчора Эўразьвязам.

З аднаго боку, адмоўныя дзеяньні адносна асобаў, датычных да рэпрэсіяў. Я мяркую, што гэта найперш будзе сілавы блёк. Зь іншага боку, станоўчыя меры, поўная адкрытасьць да беларускага грамадзтва, дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў. На мой погляд, гэта адзінае, што мог зрабіць Эўразьвяз.

— А ці магчымы быў варыянт прызнаньня Сьвятланы Ціханоўскай кіраўніцай Беларусі?

— Думаю, што пакуль гэта немагчыма. Пры ўсёй сымпатыі да Сьвятланы Ціханоўскай ЭЗ павінен абапірацца на працэдуры. І перш за ўсё на беларускія працэдуры. Нават Каардынацыйная Рада па мірнай перадачы ўлады ня мае цьвёрдых доказаў электаральнай перамогі Сьвятланы Ціханоўскай. Перш за ўсё вылучаецца прапанова паўторных выбараў, паколькі перападлік бюлетэняў немагчымы з прычыны іх прынамсі частковага зьнішчэньня. Таму ЭЗ, падазраючы, што Ціханоўская перамагла, але ня маючы пераканаўчых доказаў яе перамогі, ня ў стане пакуль прызнаць яе прэзыдэнтам Беларусі.

— Як вы ацэньваеце пазыцыю ЗША ў гэтым крызісе? Дзяржсакратар Майк Пампэо заявіў пра непрызнаньне вынікаў выбараў, асудзіў гвалт, прэзыдэнт Дональд Трамп напісаў у Твітэры, што, «здаецца, у Беларусі ня ўсё добра з дэмакратыяй». Ён дадаў, што, магчыма, настане час для яго размовы наконт гэтага з прэзыдэнтам Расеі.

— Пазыцыя ЗША пакуль пакідае шмат пытаньняў. Але я ўпэўнены, што ЗША ні ў якім выпадку не падтрымаюць Аляксандра Лукашэнку і яго дзеяньні. Гэта вынікае з самой прыроды ЗША. Мы павінны разумець, што гэтыя сумныя падзеі ў Беларусі засьпелі амэрыканскую дыпляматыю ў складаным становішчы.

Рыхтаваўся прыезд у Менск новай амбасадаркі, першай з 2008 году. Казалі, што амбасадарка Джулі Фішэр прыедзе ў Беларусь нават у жніўні. Відавочна, што ў жніўні яна ўжо не прыедзе. Ажыцьцяўляліся пастаўкі нафты з ЗША. Другая партыя нафты прыбыла ў Клайпеду літаральна 9 жніўня. Гэта выпадковае супадзеньне, але відавочна, што цяпер ЗША вымушаныя спыніць палітыку падтрымкі беларускіх уладаў, якая была выпрацаваная ў зусім іншым кантэксьце. І цяпер ЗША перанакіруюць сваю палітыку ў бок асуджэньня рэпрэсіяў.

— Многія прыгадваюць, што падчас украінскага Майдану эўрапейскія палітыкі выказвалі салідарнасьць з пратэстоўцамі. А адносна беларускіх пратэстаў мы гэтага не назіраем. На ваш погляд, ці было б гэта мэтазгодным?

— Гэта залежыць ад таго, якая форма гэтай салідарнасьці, гэтай падтрымкі чакаецца. Калі чакаецца падтрымка ў форме прызнаньня Ціханоўскай прэзыдэнтам Беларусі, то гэтага не адбываецца нават у самой Беларусі з боку чальцоў Каардынацыйнай Рады. Але эўрапейскія палітыкі і на ўзроўні парлямэнтаў, і на ўзроўні ўрадаў, па-мойму, выказваюць салідарнасьць і спачуваньне, асабліва ахвярам празьмерных рэпрэсіяў.

— З Расеі паступаюць супярэчлівыя сыгналы. Масква ўвесь час кажа пра недапушчальнасьць зьнешняга ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі, гучаць абвінавачваньні ў такім умяшаньні, як можна зразумець, з боку Захаду. Літаральна сёньня Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, заявіў, што «ўскоснае і нават прамое ўмяшаньне мае месца». Пяскоў патлумачыў, што, на думку Крамля, «уступленьне Расеі або іншых дзяржаваў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі». Зь іншага боку, кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў кажа пра тое, што выбары ў Беларусі былі «неідэальнымі». З трэцяга боку, Уладзімір Пуцін вельмі хутка павіншаваў Лукашэнку зь перамогай. Аднак шэраг блізкіх да Крамля палітыкаў — Уладзімір Жырыноўскі, Канстанцін Касачоў, Канстанцін Затулін — рэзка крытыкуюць палітыку Лукашэнкі. Ці ёсьць нейкая раўнадзейная ў гэтым ня надта зладжаным хоры?

— Хор і сапраўды быў ня надта зладжаны. Асабліва ў першыя дні пасьля выбараў. Хоць Пуцін адразу ж, з раніцы ў панядзелак павіншаваў Лукашэнку зь перамогай, не чакаючы афіцыйных вынікаў выбараў. Сапраўды, выказваліся розныя меркаваньні, як у незалежных, гэтак і ў дзяржаўных СМІ. Але ў апошнія дні, асабліва ўчора, я ўжо назіраю дакладную лінію Крамля, якая асуджае ўяўныя спробы ўмяшаньня з боку Захаду. Гэтая пазыцыя Крамля ня вельмі сумленная. Бо Масква сама ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краінаў, яна робіць тое, што забараняе рабіць заходнім краінам. Дзеля справядлівасьці варта было б расейцам самім ня ўмешвацца, а пакінуць справу беларусам. Але мы ведаем, што Пуцін тройчы размаўляў праз тэлефон з Лукашэнкам.

Беларусь наведалі розныя дзіўныя госьці, якія прыляцелі дзіўнымі авіярэйсамі, не пазначанымі загадзя (намёк на візыт у Беларусь самалёта дырэктара Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандра Бортнікава. — РС). Магчыма, падтрымка аказваецца і ў іншых плашчынях. Зразумела, што Расея скарыстоўвае момант, каб умацаваць свой уплыў у Беларусі. І, што асабліва небясьпечна для Беларусі, — вярнуцца да перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі ў межах «саюзнай дзяржавы». Тэзіс Крамля пра заходняе ўмяшаньне цалкам супадае з афіцыйнай лініяй Менску. Гэтая лінія шчыльней прывязвае Беларусь да Расеі. Маскве вельмі выгадна, што на вачах распадаецца ўвесь канструкт дыялёгу Менску з Захадам — тое, што будаваў Макей і яго падначаленыя. Гэтага ўжо амаль не існуе.

— На ваш погляд, дзе праходзіць «чырвоная лінія» Масквы, пасьля перасячэньня якой яна ўвядзе войскі? Так выглядае, што Лукашэнка ў сваіх просьбах да Пуціна вёў размовы пра гэта, або сярод іншага і пра гэта.

— Здаецца, Лукашэнка хутчэй гуляў гэтым, чым думаў пра гэта. Ён ведае, што калі расейскія войскі кудысьці зойдуць, яны вельмі складана і павольна адтуль выходзяць. Мы ў Польшчы гэта выдатна ведаем. Лукашэнка разумее, што гэта вялікая рызыка. Расея, са свайго боку, ведае, што гэты сцэнар — самы рызыкоўны і небясьпечны. І пакуль ня варта яго ўжываць. Дастаткова палітычнай і дыпляматычнай падтрымкі, што мы і назіраем.

Што ёсьць «чырвонай лініяй» для ўводу войскаў? На мой погляд, распад дзяржаўнасьці, распад сыстэмы ўлады. Калі Расея ўбачыць, што немагчыма ні з кім дамаўляцца, у тым ліку і ў апазыцыі, хто мог бы гарантаваць захаваньне інтарэсаў РФ, ня выключана, што тады яна ўвядзе свае войскі.

— Былы міністар замежных спраў Карл Більт апублікаваў артыкул пад назвай «Армянскі варыянт для Беларусі». Ён там піша, што варта дамовіцца з Масквой аб сыходзе Лукашэнкі пры ўмове, што Беларусь застаецца ў саюзах з Расеяй, якія цяпер існуюць. Наколькі рэальным вам уяўляецца такі плян? Магчыма, Мэркель і Макрон пра гэта размаўлялі з Пуціным?

— Мне здаецца, што гэта нерэальна. Расея чарговым разам паказвае, як яно было неаднойчы раней, што Беларусь, як і іншыя постсавецкія краіны, — гэта зона яе выключнага ўплыву і дамінаваньня. І ніякіх суразмоўцаў па гэтым пытаньні яны не хацелі б ні бачыць, ні дапускаць.

Зь іншага боку, я мяркую, што такія рэчы прапаноўваць з боку Захаду вельмі небясьпечна, таму што мы ў такім выпадку пачынаем дамаўляцца наконт Беларусі безь беларусаў. Гэта зьніжае суб’ектнасьць беларускай дзяржавы. Я мяркую, што гэтага ня трэба рабіць ні ў якім выпадку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG