Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля дому Латушкі працуюць сьледчыя


Дом Паўла Латушкі
Дом Паўла Латушкі

Як паведаміў Радыё Свабода Павал Латушка, які пасьля звальненьня з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру, увайшоў у Каардынацыйную раду па трансфэры ўлады, каля ягонага дому ўжо дзьве гадзіны працуюць сьледчыя. Яны вывучаюць месца інцыдэнту, які адбыўся ўначы на 20 жніўня. Там жа знаходзіцца і адвакат Паўла Латушкі.

Дом Латушкі ўначы запэцкалі чырвонай фарбай. Яго самога дома не было. Фота запэцканага будынку і гаражу яму пераслалі сябры. Сам Латушка цяпер пад аховай. У ягоны адрас паступаюць пагрозы. Як расказаў Латушка Свабодзе, ёсьць відэазапіс інцыдэнту. На ім відаць, што гэта зрабілі двое мужчын, якія прыехалі да дому на машыне прыблізна ў 2.45.

Напярэдадні ў інтэрвію BBC ён сказаў, што ягоная сямʼя зьехала за мяжу пасьля таго, як ён адкрыта падтрымаў пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.

У інтэрвію tut.by 20 жніўня Павал Латушка распавёў:

— Я ўжо некалькі дзён не начую дома. Мая мама, якая часова жыла разам са мной, выехала за межы Беларусі. У мяне такіх плянаў няма, хоць толькі за ўчарашні дзень я атрымаў некалькі пагроз і прапаноў неадкладна пакінуць Беларусь. Мяне «папярэджвалі» аб прынятым рашэнні: затрымаць мяне ў жорсткай форме з прымяненнем максімальнага гвалту. Мне прапаноўвалі нават чартарны рэйс, каб выехаць у адну з краін, а таксама дыпляматычную машыну, каб я неадкладна пакінуў Беларусь і не далучаўся да працы Каардынацыйнай рады...

Пра сытуацыю ў краіне і блякаваньне сілавікамі тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка сказаў:

— Людзі, пачынайце людзьмі звацца, а не проста пешкамі, шэрымі асобамі, якія кажуць тое, што ім сказалі сказаць. Дзе вашае сумленьне? Калі ласка, я прашу, я ніколі нікому не пагражаю. Бо мы — беларусы, талерантыя людзі. Мы павінны шукаць выйсце праз дыялог, а не праз сілу. Гэта беспрэцэдэнтныя захады, каб заблякаваць дзейнасьць галоўнага [культурнага] інстытута краіны. Дзе ў Эўропе такое было магчыма?

У сераду Латушка расказаў, што чальцы Каардынацыйнай рады тэлефанавалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб паведаміць пра свае мэты і задачы, але адказу не пачулі.

Павал Латушка быў міністрам культуры і амбасадарам Беларусі ў Францыі. Апошнім часам ён кіраваў Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Яго звольнілі з пасады пасьля таго, як ён выказаўся супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацыі выбараў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG