Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар культуры Латушка прыйшоў на мітынг да Дома ўраду і запатрабаваў адстаўкі кіраўніка МУС


Былы міністар культуры і былы амбасадар Беларусі ў Францыі які цяпер кіруе Купалаўскім тэатрам, прыйшоў з акторамі на плошчу Незалежнасьці ў Менску на мітынг, арганізаваны рабочымі МТЗ.

Павал Латушка паведаміў, што «ён са сваім калектывам і ня можа заставацца ў баку». ​

Ён публічна запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і ягоных намесьнікаў у сувязі з гвалтам да мірных грамадзянаў 9,10,11 і 12 жніўня.

«Фактычна яны дапусьцілі парушэньне заканадаўства ў дачыненьні да грамадзян Рэспублікі Беларусь... Ці можам мы ўявіць сёньня, калі звычайных грамадзян катуюць у міліцэйскім участку, кладуць іх тварам у зямлю і б’юць дубінкамі? Мы гатовыя з гэтым пагадзіцца? Я — не магу».

На думку Латушкі, у Беларусі павінен быць прызначаны новы кіраўнік МУС, а таксама сфармаваная рэальная грамадзкая рада пры міністры з прадстаўнікоў «незалежных арганізацый, якія павінны заняцца высьвятленьнем той сытуацыі, што склалася ў карных інстытутах нашай краіны».

«Павінны актыўна працаваць Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт, павінна быць распачатая, калі хочаце, крымінальная справа па гэтым факце», — сказаў гендырэктар Купалаўскага тэатра.

«І паводле вынікаў гэтага расьсьледаваньня павінны быць прынятыя адпаведныя рашэньні ў дачыненьні да іншых асоб. Яны павінны рэальна папрасіць прабачэньня за тое, што яны зрабілі звычайным грамадзянам нашай краіны. Я не хачу больш баяцца хаваць мабільны тэлефон, думаць, ці праслухоўваецца мая кватэра, дом, ці ходзіць за мной хтосьці і сочыць, што я раблю. Я хачу жыць свабодна, нармальна. Я не прэтэндую ні на што — ні на пасады, ні на званьні. Я проста хачу быць нармальным, звычайным грамадзянінам маёй любімай Беларусі», — падсумаваў Латушка.

Таксама былы міністар паставіў пад сумнеў вынікі выбараў у Беларусі.

Наконт патрэбы новых выбараў прэзыдэнта Беларусі Латушка сказаў, што працэдура падвядзеньня вынікаў выбараў 9 жніўня яшчэ ня выкананая да канца, ёсьць яшчэ магчымасьць іх аспрэчыць у Вярхоўным судзе, а на ягоную думку, выбары прайшлі ненармальна, было шмат парушэньняў.

«Я лічу, што яны былі праведзеныя не ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам нашай краіны, – адзначыў ён. – Было вельмі шмат парушэньняў як з боку ЦВК, так і з боку ўчастковых камісій. Гэта даказана тымі назіральнікамі, якія прысутнічалі на ўчастках. Гэта мы з вамі бачылі сваімі вачыма. Такіх фактаў шмат, што ставіць пытаньне заканадаўчага ўзроўню, пытаньне перад кандыдатамі. Калі яны сапраўдныя кандыдаты, яны павінны быць тут. Калі яны сапраўды лічаць, што парушанае заканадаўства, яны павінны дзейнічаць у межах права».

Павал Латушка працаваў міністрам культуры з 2009 па 2012 гады. Пазьней ён працаваў амбасадарам у Францыі, а цяпер узначальвае купалаўскі тэатар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG