Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная рада: Для выйсьця з крызісу патрэбныя перамовы і новыя выбары


Прэс-канфэрэнцыя прадстаўнікоў рады 18 жніўня
Прэс-канфэрэнцыя прадстаўнікоў рады 18 жніўня

Каардынацыйная рада па трансфэры ўлады ставіць на мэце пошук шляхоў для пераадоленьня палітычнага крызісу ў Беларусі і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве на аснове Канстытуцыі, гаворыцца ў абвешчанай на прэс-канфэрэнцыі 19 жніўня ў Менску рэзалюцыі рады, паведамляе БелаПАН.

«Каардынацыйная рада ня ставіць сваёй мэтай зьмену канстытуцыйнага ладу і зьнешнепалітычнага курсу», — заявіла паплечніца Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Калесьнікава, якая сёньня ўвайшла ў прэзыдыюм рады.

У дакумэнце адзначаецца, што на выбарах прэзыдэнта былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства, ад моманту пачатку кампаніі з палітычных матываў было затрымана і арыштавана больш за 7 тысяч грамадзян. У каардынацыйнай радзе падкрэсьлілі, што праваахоўныя органы прымянялі да ўдзельнікаў акцый недапушчальны гвалт і катаваньні, што прывяло да чалавечых ахвяр.

Аўтары рэзалюцыі адзначаюць праблемы зь легітымнасьцю Аляксандра Лукашэнкі. «Народ страціў давер да дзейнай улады і патрабуе яе адстаўкі. Многія замежныя дзяржавы не прызналі вынікі выбараў», — адзначаюць члены рады.

Каардынацыйная рада падтрымала вылучаныя раней патрабаваньні пратэстоўцаў: спыніць перасьлед з палітычных матываў, вызваліць палітвязьняў, адмяніць неправамерныя судовыя пастановы, выплаціць кампэнсацыі пацярпелым, прызнаць выбары несапраўднымі і правесьці новыя згодна зь міжнароднымі стандартамі.

«Каардынацыйная рада лічыць, што адзіным спосабам пераадоленьня палітычнага крызісу ёсьць неадкладны пачатак перамоў і выпрацоўка мэханізмаў для аднаўленьня законнасьці і правядзеньня новых выбараў. Ухіленьне ад гэтых перамоў ускладае на дзейную ўладу адказнасьць за паглыбленьне палітычнага і эканамічнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь», – зачытала фрагмэнт рэзалюцыі сябра прэзыдыюму рады Вольга Кавалькова.

Каардынацыйная рада лічыць, што да прызначэньня новых выбараў і выкананьня іншых патрабаваньняў народ працягне рэалізоўваць грамадзянскія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, для аднаўленьня законнасьці і справядлівасьці, і падтрымлівае ініцыятывы, якія забясьпечаць аказаньне дапамогі тым, хто абараняе свае правы мірнымі спосабамі.

Пра стварэньне каардынацыйнай рады Сьвятлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, абвясьціла 14 жніўня. Рада правяла 19 жніўня першае пасяджэньне, падчас якога быў абраны прэзыдыюм. У яго склад увайшлі: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, міжнародны мэдыятар Лілія Ўласава, прадстаўнік Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і былы дырэктар Купалаўскага тэатру, экс-дыплямат Павел Латушка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG