Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь перадала Расеі 32 затрыманых наймітаў ПВК «Вагнэр»

абноўлена

Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам.

У Расею вярнуліся 32 найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», затрыманыя ў Менску пры канцы ліпеня.

33-і затрыманы — грамадзянін Расеі, які мае таксама беларускае грамадзянства, — застаўся ў Беларусі.

Гэта адбылося паводле хадайніцтва Генэральнага пракурора Расейскай Фэдэрацыі, паведамляецца на сайце Генпракуратуры РФ 14 жніўня, і ў адпаведнасьці зь Менскай Канвэнцыяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 1993 году. Паведамляецца, што кампэтэнтныя органы Расейскай Фэдэрацыі працягнуць разьбірацца з сытуацыяй, якая склалася вакол гэтых грамадзян.

Інтэрфакс са спасылкай на сваю крыніцу піша, што расейцам, якія вярнуліся на радзіму, «не пагражае крымінальны ці іншы працэсуальны перасьлед».

  • Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі абвясьцілі аб затрыманьні ўначы 29 ліпеня пад Менскам 32 байцоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», яшчэ адзін чалавек быў затрыманы на поўдні краіны.
  • Увечары 29 ліпеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сабраў тэрміновае пасяджэньне Савету бясьпекі. Інфармацыю аб затрыманьні на ім пацьвердзіў кіраўнік КДБ Валер Вакульчык. Лукашэнка даручыў Вакульчыку зьвярнуцца ў расейскія дзяржорганы па тлумачэньне.
  • Падчас пасланьня да народу і парлямэнту 4 жніўня Лукашэнка сказаў, што яшчэ адна група «баевікоў прыехала на поўдзень Беларусі».
  • МЗС РФ у мінулы чацьвер заявіў, што «адыёзная трактоўка» беларускім бокам затрыманьня грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі, і запатрабаваў ад Менску неадкладна забясьпечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых расейцаў.
  • 30 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што будзе ініцыяваць пытаньне экстрадыцыі затрыманых. 31 ліпеня МЗС Беларусі перадаў Кіеву сьпіс затрыманых.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG