Ангела Мэркель асудзіла гвалт над пратэстоўцамі ў Беларусі

Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Канцлер Нямеччыны абураная затрыманьнямі тысячаў удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Афіцыйны Бэрлін нагадаў Менску аб праве на свабоду выказваньня і заклікаў неадкладна вызваліць затрыманых, паведамляе Deutsche Welle.

Ангела Мэркель рашуча асуджае жорсткасьць і гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў у Беларусі. Пра гэта паведаміў 14 жніўня афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфан Зайбэрт. Асаблівую крытыку Мэркель выклікала затрыманьне тысяч удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і паведамленьні аб недапушчальным абыходжаньні зь імі.

Уладам Беларусі трэба неадкладна і безь якіх-небудзь умоваў адпусьціць затрыманых і забясьпечыць іх права на свабоду сходаў і выказваньня, падкрэсьліў Зайбэрт.

Мірнае волевыяўленьне ёсьць правам кожнага чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве, нагадаў афіцыйны Бэрлін. Урад ФРГ лічыць непрымальным стаўленьне беларускіх уладаў да гэтага права.

​
XS
SM
MD
LG