Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук: «Прэзыдэнт Лукашэнка, спыніце кровапраліцьце!»


Леанід Краўчук
Леанід Краўчук

Першы прэзыдэнт незалежнай Украіны, падпісант Белавескіх пагадненьняў эмацыйна зьвярнуўся праз Свабоду да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць гвалт, у адваротным выпадку, паводле Краўчука, «не пазьбегнуць нікому самага высокага пакараньня за злачынства».

Сьцісла

  • У Беларусі пахаваны мой бацька, які абараняў нашу зямлю падчас Айчыннай вайны. Я перажываю страшна. Я нават не абураюся, я проста прашу, малю.
  • Прэзыдэнт Лукашэнка, спыніце кровапраліцьце! Ніякімі доказамі, ніякімі перакананьнямі, ніякімі прыкладамі ў гісторыі ён ня зможа апраўдаць кровапраліцьце.
  • Магу гэтым жанчынам выказаць глыбокую ўдзячнасьць. Жанчына ня проста выходзіць з пратэстам, яна абараняе жыцьцё.
  • Я хачу верыць, што Расея не падтрымае тое, што адбываецца, гвалт найперш.

«Не пазьбегнуць нікому самага высокага пакараньня за злачынства»

Леанід Краўчук прызнаецца, што ўважліва сочыць за драматычнымі падзеямі ў Беларусі і вельмі моцна перажывае. Першы прэзыдэнт Украіны праводзіць паралелі паміж цяперашнімі беларускімі падзеямі і падзеямі ў Кіеве ў 2014 годзе.

— Я прачнуўся раніцай у Кіеве ў 2014 годзе, і па ўсіх тэлеканалах паказалі, як сілавікі зьбіваюць мірных людзей, студэнтаў, проста людзей, якія выйшлі на пратэсты. Я бачыў на свае вочы, як акрываўленыя, зьбітыя людзі ўцякалі ў розныя бакі. Гэта зрабіла на мяне неймавернае ўражаньне. На тое, што адбываецца ў Беларусі, я не гляджу проста збоку, я гэта ўспрымаю праз прызму таго, што ў нас адбывалася ня так даўно. Праўда, адрозна ад Беларусі, наколькі я магу меркаваць з інфармацыі СМІ, у нас гэта было толькі ў Кіеве, на цэнтральнай плошчы па першым часе, а ў Беларусі гэта адбываецца ва ўсіх гарадах.

Таму, проста зыходзячы з таго, што я перажыў, я хацеў бы зьвярнуцца да беларускай улады — спыніцеся. Прэзыдэнт Лукашэнка, спыніце кровапраліцьце! Ніякімі доказамі, ніякімі перакананьнямі, ніякімі прыкладамі ў гісторыі ён ня зможа апраўдаць кровапраліцьце. Ніякімі. Калі яны зьвернуцца да неверагодных фальсыфікацыяў, усё роўна праўда гісторыі пераможа.

Маё глыбокае перакананьне і чалавечая просьба — чалавека, які ў Белавескай пушчы падпісаў дакумэнт аб спыненьні існаваньня Савецкага Саюзу. Толькі па адной прычыне: гэта была апошняя імпэрыя зла, якая не лічылася з чалавекам. Цяжка нават меркаваць было тады, калі падпісвалі разам з Шушкевічам і Кебічам, што праз 30 гадоў гэта можа паўтарыцца ў Беларусі. Ня думаў.

Гэта выклікае ў цывілізаваным сьвеце, ува ўсіх дэмакратычных дзяржавах ня проста абурэньне, а неразуменьне сутнасьці ўлады: што гэта за ўлада, якія мэты ў яе і якія задачы вырашае. Я гавару з эмоцыямі, бо мы — суседзі. Я ведаю Беларусь яшчэ з савецкіх часоў. Я бываў там шмат разоў, я ведаю беларусаў, наколькі яны цярплівыя. Яны перажылі складаныя часы — партызанскі рух, спаленыя вёскі, што рабілі фашысты... Я бачыў, я ведаю, я быў на магілах.

У Беларусі пахаваны мой бацька, які абараняў нашу зямлю падчас Айчыннай вайны. Я перажываю страшна. Я ўжо не ацэньваю, я нават не абураюся, я проста прашу, малю... Як блізкую дзяржаву, як народ, які разумее глыбока, бо перажыў гэта. Людзі, спыніцеся. Улада, спыніце сілавікоў, бо калі нагнятаць нянавісьць, гэта можа скончыцца вельмі дрэнна. Не пазьбегнуць нікому самага высокага пакараньня за злачынства.

«Расея не падтрымае гвалт, бо гэта ўбачыць увесь сьвет»

— Калі мы з вамі гутарым, на вуліцах Менску, уздоўж праспэктаў стаяць жанчыны ў белай вопратцы, з кветкамі. Гэта мірныя «ланцугі салідарнасьці». Гэта ўжо другі дзень адбываецца. Жанчын пакуль не затрымліваюць, але яшчэ не пачаўся вечар. Што б вы маглі сказаць гэтым жанчынам, што б вы маглі сказаць людзям, якія цяпер на вуліцах Менску, аўтамабілістам, якія бясконца сыгналяць на знак падтрымкі людзей, якія выйшлі на вуліцу? Што б вы маглі сказаць народу Беларусі?

— Я магу гэтым жанчынам выказаць глыбокую ўдзячнасьць. Жанчына ня проста выходзіць з пратэстам, яна абараняе жыцьцё. Жанчына носіць у сабе жыцьцё, жыцьцё дзіцяці, увогуле жыцьцё. Я ўдзячны ім, што яны маюць сьмеласьць, што яны перакрочылі празь любы страх, што яны прыйшлі і сказалі: мы абараняем жыцьцё, мы абараняем свабоду, мы абараняем дэмакратыю, мы хочам жыць нармальна, як жывуць людзі, ня ведаючы страху ні перад кім. Над чалавекам ня можа быць гвалту, ня можа быць страху. Калі гэта прысутнічае, то гэта ўжо дзяржава іншага складу. Я ўдзячны ім, што яны выйшлі мірна і дэманструюць свой спакой.

— Мы пачалі размову з паралеляў з Украінай. Якая можа быць роля Расеі ў сытуацыі, калі, паводле назіральнікаў, гэта можа пакласьці пачатак грамадзянскай вайне, ці палохаюць, што гэта можа адбыцца. Ці не скарыстаецца Расея крытычнай сытуацыяй і зробіць тое, што зрабіла ва Ўкраіне ў 2014–2015 годзе?

— Я хачу верыць, што Расея не падтрымае тое, што адбываецца, гвалт найперш. Расея не падтрымае гвалт, бо гэта ўбачыць увесь сьвет. Калі Расея і ў Беларусі падтрымае гвалт, калі гэта можа адбыцца і прывядзе да нейкіх канфліктаў, плюс Украіна, плюс іншае, тады Расея бярэ на сябе вялікую адказнасьць перад чалавецтвам, перад сьветам, перад дэмакратыяй і свабодай. Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца, і хацеў бы вельмі верыць. Я думаю, што ў Расеі таксама ёсьць сілы, якія не дазволяць так дзейнічаць ці падтрымліваць гвалт у Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG