Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік участковай камісіі ў Віцебску прызнаў, што пасьля перамогі Ціханоўскай камісію прымусілі перапісаць пратакол на карысьць Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік участковай камісіі № 25 у Віцебску Сяргей Піталенка пазнаў свой голас на стужцы, якая шырока разышлася ў інтэрнэце. На ёй кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі прымушае сяброў камісіі перапісаць пратакол.

На ўчастку бальшыня прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую, аднак у аўдыёзапісе чуваць, як кіраўнік адміністрацыі прымушае перапісаць лічбы на карысьць іншага кандыдата.

«Каб заўтра тут не пайшлі двор на двор, таму давайце ва ўнісон вырашайце пытаньне»

Як вынікае з аўдыёзапісу, Сяргей Сташэўскі сабраў выбарчую камісію за зачыненымі дзьвярыма і спытаў, як у іх атрымалася, што перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Сябры камісіі адказалі: «Палічылі тое, што было». На гэта кіраўнік адміністрацыі запатрабаваў памяняць лічбы, маўляў, «сёньня ня тая сытуацыя, каб глядзець на вось гэтыя чэсныя дэмаршы».

«Таму ў мяне ёсьць да вас вельмі жорсткая прапанова зьмяняць пратакол і мяняць кардынальна лічбы паміж трэцім і чацьвёртым кандыдатам. Значыць, гатовы пагадзіцца з тым, што за Ціханоўскую дастатковая колькасьць людзей прагаласавала… Але ў нас ёсьць іншыя задачы і іншыя праблемы, якія нам трэба вырашаць. Вам сёньня, а потым яшчэ зь першага чысла, а потым да Дня настаўніка рыхтавацца, і гэтак далей. Даходліва тлумачу? Таму давайце вырашаем гэтае пытаньне. Каб вы не выбіваліся тут у мікрараёне, што два дамы на вуліцы Фрунзэ мелі адну пазыцыю, а іншыя другую, каб заўтра тут не пайшлі двор на двор, таму давайце ва ўнісон вырашайце пытаньне».

Некаторыя сябры камісіі абураліся, чаму трэба іхнымі рукамі «рабіць гэтае дзярмо». Яны казалі, што так выказаліся выбарнікі, маўляў, як пасьля гэтага «глядзець людзям у вочы». Яны нагадалі, што людзі бачылі ў скрыні бюлетэні, складзеныя гармонікам.

«На датэрміновым галасаваньні ў Лукашэнкі больш, а за сёньняшні дзень тое, што мы бачым», — казалі яны. Кіраўнік адміністрацыі загадаў узяць блянкі пратакола і памяняць пункт чацьвёрты.

«Перапісвайце», — сказаў ён.

Пад новым пратаколам падпісаліся ня ўсе сябры камісіі

Кіраўнік участковай камісіі Сяргей Піталенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што сябры камісіі вымушаныя былі напісаць лічбы, «якія прадыктавалі». Менавіта першы пратакол, паводле якога перамагала Ціханоўская, сябры камісіі спачатку і вывесілі для азнаямленьня ўсім цікаўным.

Сяргей Піталенка сказаў, што ён таксама падпісаў новы пратакол, але не патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму так зрабіў.

Ён пакуль устрымліваецца ад падрабязнасьцяў і не камэнтуе сытуацыю. Але кажа, што пад новым пратаколам падпісаліся ня ўсе сябры камісіі.

«Тут усё закручваецца вельмі сур'ёзна, хто ведае, чым гэта скончыцца. Адзінае, што падтрымка з усіх бакоў, выпускнікі прыйшлі. Я хачу проста перачакаць гэты ўсплёск, я шчыра скажу, што ня ведаў пра гэты запіс. Паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі, будзе гэта мяне тычыцца ці неяк абыдзецца».

На пытаньне, ці праўда, што Сташэўскі прымусіў перапісаць пратакол, Сяргей Піталенка сказаў, што «на аўдыё ўсё ёсьць».

«Сяргей Віктаравіч хворы»

Пагутарыць зь Сяргеем Сташэўскім карэспандэнту Свабоды пакуль не ўдалося. У прыёмнай сказалі, што ён на бальнічным. Кіраўніца спраў адміністрацыі Галіна Іванковіч сказала, што ёй невядома, ці праводзіцца разбор.

«У нас няма доступу ў інтэрнэт, у нас наагул не дазваляюць карыстацца інтэрнэтам, дома інтэрнэт таксама не працуе, таму нічога ня ведаю. Сяргей Віктаравіч хворы, ён хварэе некалькі дзён, яго некалькі дзён няма на працы», — сказала Галіна Іванковіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG