Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці 100 чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу пасьля разгонаў дэманстрацыяў


Пратэст у Берасьці, ноч на 10 жніўня
Пратэст у Берасьці, ноч на 10 жніўня

Пасьля пратэстаў 9–11 жніўня па мэдычную дапамогу ў стацыянары Берасьця зьвярнуліся каля 100 чалавек, перадае БелТА словы галоўнага лекара Берасьцейскай цэнтральнай клінікі Сяргея Кляўса.

«Усім аказаная дапамога, — заявіў ён. — Былі ўдары мяккіх тканак, траўмы канцавінаў, грудной клеткі, жывата. Мы шпіталізавалі 23 чалавекі, у некаторых зь іх спатрэбіліся апэрацыі. Траўмы ў асноўным лёгкай ступені цяжкасьці».

Начальнік абласнога УУС Аляксандар Астрэйка заявіў, што сярод затрыманых былі адзінкавыя грамадзяне Расеі і Ўкраіны, большасьць — жыхары Берасьцейскага рэгіёну, збольшага ва ўзросьце 18–30 гадоў. Асноўнымі месцамі «беспарадкаў», сказаў ён, былі цэнтральныя вуліцы: Савецкая, Гогаля, Маскоўская, праспэкт Машэрава і бульвар Касманаўтаў.

Гарадзкія службы ЖКГ наводзяць парадак на вуліцах, удакладняюць суму матэрыяльнай шкоды: «шмат лавак, вурнаў, элемэнтаў добраўпарадкаваньня пашкоджаныя».

«Тое, што мы бачым, радыкальнае праява, — заявіў кіраўнік гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, які адзначыў, што на «гарачую лінію» ад берасьцейцаў паступалі шматлікія тэлефанаваньні з просьбай «спыніць вулічныя беспарадкі». — З гэтым разьбяруцца праваахоўнікі і судовыя выканаўцы. У пераважнай большасьці берасцейцы — спакойныя людзі. З улікам таго, што адбываецца, мы, гарадзкая ўлада, зробім сваю працу яшчэ больш празрыстай, дыялёгавай».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG