Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт папярэдзіў пратэстоўцаў аб крымінальнай адказнасьці


Разгон пратэстоўцаў на вуліцы Кальварыйская ў Менску, 10 жніўня

Сьледчы камітэт раніцай 11 жніўня папярярэдзіў аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у беспарадках.

«Не паддавайцеся на правакацыі арганізатараў беспарадкаў, задумайцеся пра наступствы вашых дзеяньняў, будзьце разважлівымі. Нагадваем, што за падобныя супрацьпраўныя дзеяньні абавязкова наступіць крымінальная адказнасьць», – гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту ў Тэлеграме.

10 жніўня СК завёў 21 крымінальную справу па наступных артыкулах:

  • арт. 293 (масавыя беспарадкі);
  • ч. 2 ст. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываньнем гвалту або пагрозай яго ўжываньня);
  • арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • ч. 1 арт. 339 (хуліганства);
  • арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Паводле некаторых з названых артыкулаў можа пагражаць пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Па інфармацыі на 10 жніўня па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні дадзеных злачынстваў затрымалі больш за 80 чалавек, паведамляе СК. Большасьць зь іх — маладыя людзі ва ўзросьце 20—25 гадоў. Паводле Сьледчага камітэту, частка падазраваных у момант затрыманьня знаходзілася ў стане наркатычнага або алькагольнага ап’яненьня.

Як паведамляла МУС, падчас акцыі пратэсту 9 жніўня пацярпелі 39 міліцыянтаў.

Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня ў шэрагу гарадоў Беларусі працягнуліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Найбольш паведамлялі пра пратэсты і затрыманьні ў Менску. Два асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля каля гандлёвага цэнтру «Рыга», і між станцыямі мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманьні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і Маяку Менску.

Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду.

Адзін пратэстовец загінуў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG