Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Польшчы заклікае ЭЗ правесьці надзвычайны саміт наконт Беларусі


Матэвуш Маравецкі

Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі 10 жніўня зьвярнуўся да кіраўніцтва ЭЗ з заклікам правесьці надзвычайнае пасяджэньне Эўрапейскай рады, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі.

«Польшча адказная за сваіх бліжэйшых суседзяў. Таму прэм’ер Матэвуш Маравецкі заклікаў кіраўніка Эўрапейскай рады Шарля Мішэля і старшыню Эўракамісіі Урсулю фон дэр Ляен склікаць надзвычайнае пасяджэньне Эўрапейскай рады ў сувязі з падзеямі ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце прэм’ер-міністра Польшчы.

Раней МЗС Польшчы заклікаў улады Беларусі ўстрымацца ад выкарыстаньня сілы супраць пратэстоўцаў.

«Маючы на ўвазе падзеі ў Беларусі, МЗС Польшчы выказвае глыбокую занепакоенасьць брутальнай пацыфікацыяй пасьлявыбарчых пратэстаў», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 10 жніўня польскім замежнапалітычным ведамствам.

«Вострая рэакцыя сілаў правапарадку, выкарыстаньне сілы супраць мірных пратэстоўцаў, арышты — непрымальныя. Мы зьвяртаемся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць дзеяньні, якія спрыяюць эскаляцыі сытуацыі, і паважаць асноўныя правы чалавека», — адзначаюць у польскім МЗС.

Эўрапейская рада (European Council) — найвышэйшы палітычны орган Эўразьвязу, які складаецца з ккіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін — чальцоў ЭЗ. У Эўрапейскую раду ўваходзяць таксама яе кіраўнік і старшыня Эўракамісіі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG