Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: Гэта ня скончыцца так лёгка для Лукашэнкі, як раней


Андрэй Саньнікаў

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, былы палітвязень Андрэй Саньнікаў — пра памылку Захаду пасьля выбараў 2015 году, пра будучыя санкцыі і непазьбежнасьць пераменаў.

— Тое, што адбываецца ў Менску, прадказальна з боку ўлады. Сёлета проста ня вытрымае Лукашэнка гэты ўздым усіх беларусаў супраць ганебнай улады. Будзе працягвацца супрацьстаяньне і пратэсты. Негвалтоўныя мірныя пратэсты. Я разьлічваю, што пачнуцца і страйкі. Людзі прадэманстравалі яскравыя здольнасьці і самаарганізацыі, і новых формаў пратэсту, новых формаў супраціву. Гэта ня скончыцца так лёгка для Лукашэнкі,як раней.

— Арцемій Троіцкі ў эфіры Свабоды прагназаваў, што Аляксандар Лукашэнка апынецца ў глыбокай ізаляцыі як празь нелегітымнасьць унутры краіны, як з боку Захаду, так і праз пагаршэньне адносінаў з Масквой. Які ваш прагноз што да міжнароднай рэакцыі?

— Гэтая міжнародная рэакцыя адсутнічала некаторы час. Ня ведаю, чаго яны чакалі. Вялікая памылка была, што ў 2016 годзе зьнялі санкцыі з Лукашэнкі і ягоных прысьпешнікаў. Апазыцыя папярэджвала, што гэта прывядзе да яшчэ большага гвалту. Гэта ліцэнзія на беспакаранасьць. Самае галоўнае, што і ўнутры краіны Лукашэнку ня будзе спакойна. Калі ён пачаў «гойсаць» па вайсковых частках, міліцыянтах, шукаць падтрымкі. Гэта прадэманстравала, што ён у іх ня ўпэўнены.

Ён будзе яшчэ больш няўпэўнены і будзе адхіляць ад пасадаў сілавікоў, якіх падазрае, і пачне ўнутры краіны рабіць неадэкватныя крокі. Гэта яшчэ больш паспрыяе ізаляцыі ўнутры краіны і за яе межамі. Расея спачатку паспрабуе скарыстацца гэтай сытуацыяй, каб нешта атрымаць. Цяпер так атрымліваецца, што для Лукашэнкі крок у бок Расеі і канфлікт з Расеяй — вельмі небясьпечныя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG