Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: У гэтай кампаніі галоўны герой — не аб’яднаны штаб, не кандыдаты, а народ


Ірына Халіп

Журналістка, была палітзьняволеная Ірына Халіп — пра станоўчы і адмоўны сымбалі пратэсту ў 2020 годзе.

— Ірына, што для вас ёсьць станоўчым і адмоўным сымбалем гэтай кампаніі? Чарга, аўтазак, белая стужка...

— Безумоўна, гэта чарга. Гэта беларускае ноў-хаў. Заўсёды і паўсюль чарга — гэта нешта дрэннае, штосьці, што пазбаўляе нас часу і свабоды. А тут чарга — гэта сымбаль свабоды. Гэта аналяг акцыі пратэсту. Ты стаіш у чарзе і разам з тым удзельнічаеш у акцыі. Што можа быць больш цудоўным. Таму безумоўны станоўчы сымбаль — чарга. Я люблю гэтыя чэргі ў нашых гарадах. А адмоўны сымбаль гэта кампаніі — Лукашэнка. Такі слабы, нягеглы, ужо зусім ня страшны. Здаецца, Леў Талстой пра Леаніда Андрэева пісаў: «Ён палохае, а мне ня страшна».

— Нядаўна ў дыскусіі вы казалі, што зьмены аўтарытарнай улады бяз Плошчы не бывае. Як вы ацэньваеце патэнцыял мірнага пратэсту людзей? Ці можна бяз Плошчы?

— Усё роўна бяз Плошчы нічога ня будзе. Скаргі — гэта цудоўна як адзін са складнікаў барацьбы за свабоду, за свае правы. Але бяз Плошчы ўсё роўна нічога ня будзе. Я спадзяюся, што гэтыя чэргі ўсё роўна сьцякуцца ў цэнтар гораду і там ужо ўсё вырашыцца.

— Ці можна сказаць, што ў гэтай выбарчай кампаніі ўжо ўсё адбылося? Я маю на ўвазе настроі і актыўнасьць, самаарганізацыю людзей.

— У гэтай кампаніі галоўны герой — не абʼяднаны штаб, не кандыдаты, а народ, які прадэманстраваў нейкія цуды самаарганізацыі, салідарнасьці, узаемадапамогі. Людзі выходзяць на вуліцу і разумеюць, што яны не самотныя, яны разумеюць, што нас больш, і значыць, мы пераможам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG