Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Кіева прайшла акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. Людзі пайшлі да амбасады. ШМАТ ФОТА


Беларускія і ўкраінскія актывісты сабраліся на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, каб выказаць падтрымку беларусам, якія дэманструюць сваё жаданьне шляхам выбараў зьмяніць уладу.

УЖЫВУЮ: Выбары-2020: вайсковыя машыны на ўезьдзе ў Менск, цэнтар ачэплены. Абнаўляецца

Удзельнікі акцыі трымаюць плякаты з надпісамі «Свабоду Беларусі», «Люблю Беларусь», «Не палітычным рэпрэсіям, не катаваньням у турмах», «Я за сумленныя выбары».

Удзельнікі акцыі найперш выказвалі засьцярогі, што сытуацыя ў Беларусі будзе разьвівацца паводле сілавога сцэнару.

«Я ў думках малюся за беларусаў і сваіх беларускіх сяброў, выдатных пісьменьнікаў і паэтаў, якія выйдуць разам з народам. Няхай Гасподзь абароніць Беларусь. Цяпер насамрэч у краіне вызначальная сытуацыя, бо патрэба зьменаў насьпела бязьмежна, але мы ўсе разумеем, што Лукашэнка ўладу не аддасьць. Таму мы мусім падтрымаць Беларусь усялякімі спосабамі!», — заявіў украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец.

Акцыю салідарнасьці падтрымалі прадстаўнікі шэрагу палітычных сілаў Украіны, а таксама прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці.

З майдану ўдзельнікі акцыі накіраваліся праз увесь цэнтар да амбасады Беларусі, дзе зьбіраюцца патрабаваць сумленнага падліку галасаваньня.

Чарга пад амбасадай Беларусі ў Кіеве пачала абурацца, што людзі не пасьпеюць да 20.00 прагаласаваць. Пачалі скандаваць «Амбасадар выходзь!»

Да амбасады выклікалі дадатковыя экіпажы паліцыі.

Беларусы, якія не змаглі прагаласаваць, сустрэлі навіны аб папярэдніх выніках галасаваньня выгукамі «Ганьба». «Лукашэнка сыходзь».

Перад беларускімі грамадзянамі выступіў Вадзім Пракоп'еў, які заклікаў падтрымаць усіх, хто будзе рэпрэсаваны: «Я разьлічваю, што беларусы нічога не прабачаць. Усе карнікі павінны быць гатовыя да адказнасьці».

Каардынатар Руху салідарнасьці «Разам» Алег Аўчыньнікаў паведаміў, што паводле апытаньняў выбарнікаў на выхадзе з участку ў амбасадзе, у Кіеве за Сьвятлану Ціханоўскую прагаласавалі 72,67%, за дзейнага кіраўнікаі - 9,65 %, супраць усіх — 3,86 %, за іншых менш за адзін адсотак. 12,86 % адмовіліся паведаміць пра свой выбар.

Людзі працягваюць заклікаць беларускага амбасадара Ігара Сокала выйсьці да іх і патлумачыць, чаму не змаглі арганізаваць працэс галасаваньня. "Выходзь! Чаму так выйшла?"

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG