Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі паліттэхноляга Шклярава палітвязьнем. Усяго іх ужо 26


Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

У сувязі з тым, што затрыманага паліттэхноляга Віталя Шклярава абвінавачваюць па ч.1 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі, праваабарончая супольнасьць Беларусі заяўляе аб прызнаньні яго палітычным зьняволеным, піша «Вясна».

Віталя Шклярава абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак», пры правядзеньні пікету па зборы подпісаў за кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні. Ён — чарговы фігурант «справы Ціханоўскага».

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць Віталя Шклярава і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго.

На 8 жніўня, паводле праваабаронцаў «Вясны», разам зь Віталём Шкляравым у Беларусі ўжо 26 палітвязьняў.

Віталя Шклярава затрымалі 29 ліпеня ў Гомлі. 7 жніўня яму выставілі абвінавачаньне па ч.1 арт. 342 КК РБ. Паводле гэтага артыкула выставілі абвінавачаньне таксама шэрагу беларускіх палітыкаў і актывістаў, шмат хто зь якіх зьвязаны з камандай зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага (у тым ліку і самому Ціханоўскаму). Беларускія праваабаронцы прызналі фігурантаў «справы Ціханоўскага» палітычнымі зьняволенымі. Паводле гэтага артыкула могуць пакараць штрафам, арыштам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Паводле дзяржаўных СМІ,

  • Шкляраў быў кансультантам праекту Ціханоўскага «Страна для жизни»,
  • мабілізаваў пратэставы электарат вакол яго,
  • кантраляваў Ціханоўскага і мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова.

У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што ён паліттэхноляг Ціханоўскага.

Адвакат кажа, што Шкляраў упэўнены ў палітычных матывах затрыманьня — за камэнтары ў сваім блогу. Зьняволены скардзіцца на ціск з боку адміністрацыі СІЗА, як то прэтэнзіі да няголенасьці і пагрозы карцарам. Наракае таксама на пагаршэньне здароўя і адарванасьць ад навінаў.

Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG