Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы паліттэхноляг Шкляраў заявіў, што зь Ціханоўскім не ўзаемадзейнічаў і нікога не «мабілізоўваў»


Віталь Шкляраў, архіўнае фота

Затрыманы 29 ліпеня ў Гомлі паліттэхноляг Віталь Шкляраў упэўнены, што яго затрымалі і перасьледуюць з палітычных матываў, паведаміў Tut.by адвакат Антон Гашынскі, які наведаў сёньня свайго падабароннага.

«Віталь выглядае прыгнечаным, ён упэўнены, што яго затрымалі незаконна, і тое, у чым яго абвінавацілі, не паддаецца ніякай крытыцы. Ён лічыць сябе пацярпелым за тыя артыкулы, якія ён пісаў — гэта відавочны палітычны перасьлед. Фактычна гэта першы паліттэхноляг, якога перасьледуюць за ягоныя камэнтары», — заявіў адвакат.

Віталь Шкляраў заяўляе, што зь Сяргеем Ціханоўскім ён ніяк не ўзаемадзейнічаў, нікога не «мабілізаваў» і нічога не «каардынаваў», больш за тое, яго ў момант тых падзей не было ў Беларусі.

Адвакат таксама апавёў, што Шклярава некалькі разоў перакідвалі з камэры ў камэру і ён апынаўся там з ужо асуджанымі за злачынствы. Чакаецца, што 4 жніўня суд у закрытым пасяджэньні разгледзіць скаргу абаронцы Шклярава на ягонае затрыманьне.

Затрыманага 29 ліпеня ў Гомлі паліттэхноляга Віталя Шклярава ўзялі пад варту на два месяцы. Абвінавачаньне яму яшчэ не прадʼявілі — на гэта ў сьледзтва ёсьць дзесяць дзён. Цяпер Шкляраў мае статус падазраванага ў «справе блогера Сяргея Ціханоўскага», якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Паводле дзяржаўных СМІ,

  • Шкляраў быў кансультантам праекту Ціханоўскага «Страна для жизни»,
  • мабілізаваў пратэставы электарат вакол яго,
  • кантраляваў Ціханоўскага і мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова.

У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што зьяўляецца паліттэхнолягам Ціханоўскага.

Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG