Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі і Статкевіч адрэагавалі на новыя крымінальныя справы і інфармацыю пра змову з баевікамі


Мікола Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі на пікеце каля Камароўскага рынку, 24 траўня

Сьвятлана Ціханоўская і Марына Адамовіч напісалі ў фэйбсуку, як адрэагавалі на новыя крымінальныя справы і інфармацыю дзяржаўных СМІ пра змову палітыкаў з затрыманымі расейскімі баевікамі.

Што адбылося?

  • Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе. Паводле артыкулу аб распальваньні сацыяльнай, расавай ці нацыянальнай варожасьці Ціханоўскаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
  • 31 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў пра сувязь затрыманых расейскіх баевікоў з Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам.

Як адрэагаваў Ціханоўскі?

Як напісала Сьвятлана Ціханоўская, 30 і 31 ліпеня яе муж сустракаўся з адвакатамі. Ён вельмі зьдзівіўся інфармацыі, што «Страна для жизни» нібыта працавала пад кантролем паліттэхноляга Шклярава, а сам Ціханоўскі нібыта быў зьвязаны з затрыманымі баевікамі з Расеі.

Як адрэагаваў Статкевіч?

Паводле Марыны Адамовіч, Статкевіч назваў падставу для новага прысуду трызьненьнем.

«Раней яны лічылі, што я валодаю тэлепартацыяй, бо абвінавачвалі мяне ў тым, чаго я не рабіў, у месцы, дзе я не быў. Цяпер яны вырашылі, што я валодаю яшчэ і тэлепатыяй, бо сілай думкі пранікаю ў думкі і арганізоўваю змовы з Ціханоўскім і „вагнераўцамі“».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG