Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няроўныя ўмовы, дыскрэдытацыя апанэнтаў. Справаздача праваабаронцаў па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Горадні

Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі справаздачу па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй.

Высновы. Сьцісла

  • Агітацыйная кампанія істотна адрозьнівалася ад папярэдніх выбараў у Беларусі шырокай пратэставай актыўнасьцю людзей — як у Менску, так і ў невялікіх гарадах.
  • Магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра альтэрнатыўных кандыдатаў сур’ёзна абмежавалі мясцовыя выканкамы, якія рэзка скарацілі колькасьць месцаў для перадвыбарчай агітацыі, шмат якія месцы былі непрыдатныя для агітацыі (маланаведвальныя, у дрэннай транспартнай даступнасьці і іншае).
  • Праявы актыўнасьці ўдзельнікаў кампаніі і выбарнікаў па-за месцамі, вылучанымі для агітацыі, кваліфікавалі як парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за што каралі штрафамі і арыштамі.
  • Перадвыбарчая агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: адмовіўшыся ад афіцыйнай агітацыі, дзейны кіраўнік Беларусі максымальна скарыстаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вэртыкалі ўлады, праўладных грамадзкіх арганізацый і СМІ. Штогадовае пасланьне, перанесенае на 4 жніўня, таксама паслужыла агітацыі за Лукашэнку.
  • У рэгіёнах у працоўны час і на працоўных месцах інтэнсіўна арганізоўвалі сустрэчы давераных асобаў Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады з працоўнымі калектывамі. Сустрэчы не заўжды анансавалі, на некаторыя не пускалі журналістаў ці забаранялі фатаграфаваць.
  • Павышэньне пэнсій і больш раньні тэрмін іх выплаты з ініцыятывы Лукашэнкі зьяўляецца фактычна подкупам выбарнікаў і выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.
  • Найбольш актыўнай і заўважнай у грамадзтве стала кампанія кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай разам з прадстаўніцамі аб’яднанага штабу. Мітынгі ў яе падтрымку наведалі дзясяткі тысяч людзей у розных гарадах Беларусі.
  • Штабы альтэрнатыўных кандыдатаў актыўна выкарыстоўвалі інтэрнэт, сацсеткі, YouTube для агітацыі.
  • Дзяржаўныя СМІ агітацыю за Лукашэнку спалучалі з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных кандыдатаў. У эфіры беларускага тэлебачаньня рэгулярна казалі пра крымінальны перасьлед прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, агучвалі матэрыялы крымінальных спраў, што парушае прэзумпцыю невінаватасьці.
  • Для прасоўваньня нэгатыўнага вобразу альтэрнатыўных кандыдатаў і іх праграм, іх дыскрэдытацыі ўпершыню актыўна выкарыстоўвалі Telegram-каналы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG