Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста хацелі папярэдзіць». Адміністрацыя ПВТ абзваніла кампаніі-рэзыдэнты з нагоды магчымых пратэстаў


Парк высокіх тэхналёгій у Менску, 2017 год
Парк высокіх тэхналёгій у Менску, 2017 год

Прадстаўнікі кампаній на ўмовах ананімнасьці расказваюць, што гаворка ішла пра магчымае выключэньне зь ліку рэзыдэнтаў у выпадку ўдзелу іх супрацоўнікаў у несанкцыянаваных акцыях.

Як стала вядома Свабодзе ад прадстаўнікоў адразу некалькіх кампаній-рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, на мінулым тыдні кіраўнікі кампаній мелі размовы з прадстаўнікамі адміністрацыі Парку. Размовы тычыліся магчымага ўдзелу супрацоўнікаў кампаній-рэзыдэнтаў у несанкцыянаваных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Могуць быць нейкія праблемы»

«Усё было даволі проста, — на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў кампаніі-рэзыдэнта ПВТ. — На пачатку тыдня нашаму дырэктару патэлефанавалі з ПВТ і абвясьцілі, што ў выпадку, калі нехта з супрацоўнікаў будзе затрыманы на акцыях пратэсту, у кампаніі могуць быць нейкія праблемы. Ажно да выключэньня з ПВТ. Наколькі мне вядома, пра іншыя магчымыя санкцыі канкрэтна не казалі».

Па словах суразмоўцы, пра падобныя тэлефанаваньні ён ведае і ад супрацоўнікаў іншых кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ.

«Магу сказаць, што нашая кампанія нікому нічога не забараніла, — дадае ён. — Наадварот, нам паабяцалі дапамогу, калі кагосьці „завінцяць“ ці што яшчэ адбудзецца. Асабіста я ведаю зь першых вуснаў як мінімум яшчэ пра адну ПВТшную кампанію, куды таксама тэлефанавалі».

Па словах прадстаўнікоў кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ, выключэньне з Парку можа насамрэч моцна адбіцца на іх. Асабліва на тых, якія толькі пачынаюць сваю дзейнасьць і яшчэ не набралі вагі. Гаворка ў першую чаргу пра падатковыя льготы, якія дае ўдзел у ПВТ.

«Размовы мелі рэкамэндацыйны характар»

Свабода зьвярнулася па камэнтар у адміністрацыю Парка высокіх тэхналёгій. Як сказалі ў прэс-службе, размова прадстаўнікоў адміністрацыі з кіраўнікамі зарэгістраваных у ПВТ кампаній наконт магчымых падзей 9 жніўня насамрэч была. Аднак у ёй не вялося пра пагрозы выключэньня кампаній зь ліку рэзыдэнтаў Парку ў выпадку, калі іх супрацоўнікі будуць удзельнічаць у акцыях пратэсту.

«Адміністрацыя праяўляла клопат, празвоньвала кампаніі, — расказалі ў прэс-службе. — На прадмет недапушчэньня парушэньня закону Рэспублікі Беларусь у межах мерапрыемстваў 9–10 чысла. Але гэта былі не пагрозы, а размовы з кіраўнікамі кампаній. Каб яны, магчыма, праявілі клопат пра сваіх супрацоўнікаў. Размовы мелі рэкамэндацыйны характар, каб кіраўнікі паклапаціліся пра свае калектывы. Але ні ў якім разе гэта не былі пагрозы выключэньнем. Магчыма, тут мае месца чалавечы фактар. Нехта нешта ня так зразумеў».

Па словах прадстаўніцы прэс-службы адміністрацыі ПВТ, для вырашэньня ўсіх непаразуменьняў кіраўнікі кампаній-рэзыдэнтаў могуць зьвярнуцца ў адміністрацыю.

«Мы лічым важным інфармаваць і папярэдзіць аб адказнасьці, — дадалі ў прэс-службе ПВТ. — Мэта званкоў заключалася выключна ў папярэджваньні маладых супрацоўнікаў кампаній Парка ад удзелу ў незаконных мерапрыемствах і ў цэлым ад парушэньня закону Рэспублікі Беларусь».

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт пра стварэньне ПВТ 22 верасьня 2005 года. Ягоным кіраўніком ад пачатку і да сакавіка 2017 году быў экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала. У 2017 годзе Цапкала быў адпраўлены ў адстаўку, яго месца на пасадзе дырэктара ПВТ заняў былы старшыня Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі і памочнік Лукашэнкі Ўсевалад Янчэўскі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG