Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уладу трэба мяняць!» 84-гадовы капітан міліцыі ў адстаўцы стаў незалежным назіральнікам


Віктар Гладкі
Віктар Гладкі

Віктар Рыгоравіч Гладкі — ці не старэйшы незалежны назіральнік у гэтую выбарчую кампанію. Яму 84 гады, напярэдадні акрэдытаваўся на ўчастку № 3 Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці.

«Сябрам камісій ня плакацца трэба, што малыя заробкі і трэба карміць сям’ю, а спыніць фальсыфікацыі. Тады будуць і заробкі годныя, і магчымасьць волевыяўленьня. Выбары мусяць быць выбарамі, а не імітацыяй. Пакуль што суцэльны фальш», — перакананы назіральнік Віктар Гладкі, зь якім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

«Любыя фальсыфікацыі раней ці пазьней вылезуць вонкі»

Узьдзенская вакансія вызвалілася, калі на 7 дзён арыштавалі назіральніцу ініцыятывы «Честные люди» Алену Мешчаракову. Прычынай стала яе спрэчка з дырэктаркай школы, якая таксама назірае за працэдурай галасаваньня: чаму ў кабінках у якасьці ўзору вісяць бюлетэні з птушачкай насупраць прозьвішча кандыдата Лукашэнкі. Жанчыну абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Ахвотных рызыкаваць і заняць вызваленае месца не знайшлося. Тады вылучыўся пэнсіянэр Гладкі. «Унук Жэня дапамог падрыхтаваць неабходныя дакумэнты, ужо пагаварылі з чальцамі камісіі, прынамсі атрымаў уяўленьне, што трэба рабіць, — расказаў Свабодзе Віктар Рыгоравіч. — Пакуль невырашальных пытаньняў нібыта ня ўзьнікла, буду старацца ва ўсім скрупулёзна разьбірацца, каб было ў адпаведнасьці з законам».

Віктар Гладкі ўпэўнены, што прымусіць з сабой лічыцца. Яго ў горадзе ведаюць практычна ўсе: ён капітан міліцыі ў адстаўцы, мае амаль 30 гадоў стажу ў праваахоўнай сыстэме. Пасьля вучобы прыслалі ва Ўзду начальнікам пашпартнага стала, потым кіраваў ДАІ, на пэнсію пайшоў з пасады начальніка аддзяленьня пазаведамаснай аховы пры Ўзьдзенскім РАУС.

Зазначае, што старшыні выбарчых камісій выклікаюць менавіта супрацоўнікаў дэпартамэнту аховы, калі стаіць задача нэўтралізаваць актыўных назіральнікаў.

«Ведаеце, я іх сам называю, прабачце, „затычкамі“, — сьмяецца былы праваахоўнік. — Як трэба на нешта адрэагаваць і ніхто ня хоча брацца, пасылаюць гэтых бязвольных міліцыянтаў... Я маю цьвёрды намер трапіць на ўчастак — ніякіх калідораў ці назіраньня з вуліцы. Сваім аўтарытэтам разьменьвацца ня буду. Думаю, чальцы камісіі таксама. Гарадок невялікі, усе адзін аднаго ўсе ведаюць. Зразумела, шмат хто, з кім некалі кантактаваў, сышлі з жыцьця, але засталіся іхныя дзеці, унукі. Любыя фальсыфікацыі раней ці пазьней вылезуць вонкі».

«На людзей ціснуць райвыканкам ды ідэалягічныя структуры»

Паводле суразмоўцы, незалежны назіральнік ня толькі мусіць выконваць галоўную місію — сачыць за законнасьцю працэдуры галасаваньня — а і весьці «прафіляктычную працу» зь сябрамі камісіі, асабліва з праўладнымі назіральнікамі.

«І ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня, і ў асноўны абавязкова буду размаўляць з чальцамі камісіі, з прызначанымі назіральнікамі — яны ж тут у большасьці. Бо нядобра, калі на настаўніцкі корпус кладзецца цень памагатых у фальсыфікацыі выбараў. Ня плакацца трэба, што малыя заробкі і трэба карміць сям’ю, а зрабіць, каб рэальна зьмяніць сытуацыю да лепшага. Тады будуць і заробкі годныя, і магчымасьць волевыяўленьня. Выбары мусяць быць выбарамі, а не імітацыяй. Пакуль што суцэльны фальш. Гадамі за ўсім назіраеш — адно і тое ж, ад адной кампаніі да іншай».

Віктар Гладкі перакананы, што нават за два дні, якія выпалі на яго долю ў якасьці незалежнага назіральніка, можна пасьпець шмат. У сілу ўзросту ён мае пэўныя прэфэрэнцыі — наўрад ці ў некага падымецца рука зацягнуць у каталажку. Дый практыка рэгіёнаў, дзе старыя зьяўляюцца бясспрэчнымі аўтарытэтамі — Каўказ, Сярэднія Азія ды іншыя — сьведчыць, што да думкі дасьведчаных людзей трэба прыслухоўвацца. Такую практыку нават варта зрабіць абавязковай, лічыць ён.

«Папраўдзе, ніхто ня ведае, як яны будуць ставіцца, — усьміхаецца Віктар Гладкі. — Бо я вочы заплюшчваць не зьбіраюся. Напрыклад, прыйшлі ўчора з унукам у камісію, сустракаем знаёмага хлопца — ён, скажам так, недзеяздольны. Бяз задняй думкі расказвае: прыйшоў, бо сказалі, каб за Рыгоравіча прагаласаваў. Вось што робіцца, нават нездаровымі людзьмі ня грэбуюць. Трэба сказаць, людзі ідуць галасаваць: ідуць, бо прымушаюць. Кантрактная сыстэма, усё ж зразумела. Пагражаюць, што працу страцяць. Таму галасуюць датэрмінова. За каго? Ёсьць жа ўстаноўка, за каго».

Як людзі ва Ўзьдзенскім раёне ўспрымаюць альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці ведаюць пра тых, каго не паказваюць па дзяржаўных тэлеканалах? Наколькі высокія шанцы мае палітычная дэбютантка Сьвятлана Ціханоўская? Спадар Гладкі адказвае наступным чынам.

«На жаль, не праведзена папярэдняя праца, дзейнічаюць аднабакова — райвыканкам ды іншыя ідэалягічныя структуры. Унушаюць, што ўладу трэба захаваць, каб не было, як ва Ўкраіне. Карацей, замбуюць, запалохваюць. Але будзем старацца нешта зрушыць зь мёртвага пункту. Хоць у апошні дзень датэрміновага галасаваньня зьбіць ім яўку, бо ўжо ні ў якія вароты. Не зьбіраюся, як той казаў, за грудкі брацца: хапае словаў, каб пераканаць чальцоў камісій, што так рабіць нельга. Трэба ж думаць пра ўласную будучыню, пра дзяцей, унукаў. А ня жыць сёньняшнім днём».

«Гэтая ўлада не заслужыла пажыцьцёвых паўнамоцтваў»

Досьвед незалежнага назіраньня для 84-гадовага Віктара Гладкага — першы ў жыцьці. Раней былі толькі публічныя дыскусіі, кажа ён.

«Дагэтуль назіральнікам ня быў, але заўсёды агітаваў за іншых кандыдатаў, ніколі за Лукашэнку. У мінулыя кампаніі хадзіў на сустрэчы з кандыдатамі ў Доме культуры, у іншых месцах. У 2015-м прыяжджаў Андрэй Дзьмітрыеў з каманды Тацяны Караткевіч. Улады абставілі яго, як дзіця: нічога не паведамілі, усё трымалі ў тайне. Можа, чалавек пяць урэшце сабраліся, ды ён з сабой прывёз сем. І цэлая каманда прыбегла з райвыканкаму, каб зафіксаваць, хто з выступоўцаў што казаў. Во як пільнуюць. Дык гэта што, сапраўднае волевыяўленьне?»

Віктар Рыгоравіч ужо 35 гадоў на пэнсіі. На фізычна стан не наракае і разьлічвае дачакацца пераменаў яшчэ на сваім вяку.

«На пэнсію пайшоў яшчэ за савецкім часам, у 1985-м. І акурат 85-ы самому. Узрост мяне на палохае, наадварот, адчуваю, што для агульнай справы буду карысны. Прынамсі зраблю ўсё, што ад мяне залежыць. І калі кожны паставіцца да свайго абавязку гэтаксама, перамога абавязкова будзе за намі. Уладу трэба мяняць, яна дакладна не заслужыла пажыцьцёвых паўнамоцтваў. Лукашэнка цынічна пажартаваў, што гатовы апазыцыі па кроплі сваёй крыві адшкадаваць, каб не захварэлі на каранавірус. Я ня супраць, каб маёй крыві яму ўлілі: можа, вочы раскрые».

У першы дзень на ўчастку № 3 Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці незалежнага назіральніка Віктара Гладкага ўжо вымусілі прадэманстраваць узровень падрыхтоўкі. Так, сябра камісіі адмаўлялася дазволіць зрабіць копіі датэрміновых пратаколаў, і толькі адсылка да Выбарчага кодэксу дазволіла настояць на гэтым.

9 жніўня пэнсіянэр разьлічвае трапіць у запаветную «пяцёрку», якой, паводле новых інструкцый Цэнтарвыбаркаму, дазволена прысутнічаць падчас галасаваньня. «Думаю, знойдзецца той, хто саступіць месца старому чалавеку», — аптымістычна падсумоўвае Віктар Рыгоравіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG