Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваным «дыджэям пераменаў» сабралі 25 тысяч даляраў 


Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў
Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў

Асуджаным на 10 сутак арышту дыджэям Кірылу Галанаву і Ўладзіславу Сакалоўскаму па стане на 8:45 8 жніўня сабралі 25 224 даляры дапамогі. Дабрачынная акцыя збору грошай адбываецца ў «Фэйсбуку»​.

Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 жніўня прызнаў Кірыла і Ўладзіслава вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі». Абодва атрымалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным канцэрце каля кінатэатру «Кіеў», перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.

«Гэты арышт ня што іншае, як перасьлед іншадумства і ўдушэньне грамадзянскай волі, — падкрэсьліваюць арганізатары збору ахвяраваньняў. — Хутчэй за ўсё, пасьля выхаду на волю „дыджэі пераменаў“ будуць звольненыя зь дзяржаўнай установы. Хлопцам патрэбны будуць грошы на рэабілітацыю і выдаткі на прадметы першай неабходнасьці, пакуль яны ня знойдуць сабе новую працу».

Збор сродкаў ладзіцца ў каапэрацыі кампаніі BY_help і беларускага ПЭН-цэнтру. Ахвяраваць можна таксама на PayPal niadbaj@gmail.com.

Сабраныя грошы будуць падзеленыя пароўну паміж Кірылам і Ўладам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG