Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары і COVID-19 на новай выставе сучаснага мастацтва ў Менску


Лягатып выставы

У Менску адкрылася выстава пра тое, як эпідэмія COVID-19 і прэзыдэнцкія выбары зьмяняюць беларусаў.

Куратарам выставы ZERNO стаў онлайн-часопіс пра мастацтва Chrysalis Mag. Паглядзець яе можна ў аднайменнай менскай кавярні і онлайн.

«Такія рэчы трэба фіксаваць, разумець і абдумваць»

«Канцэпцыя была прадыктаваная неверагодным усплёскам зацікаўленасьці і ўцягнутасьці ў жыцьцё сваёй краіны з прычыны ўсясьветнай пандэміі COVID-19 і палітычнай актыўнасьці. Гэтая тэма здаецца нам асабліва важнай, цікавай і годнай асобнага абмеркаваньня. Яе і прапанавалі мастакам для пераасэнсаваньня», — тлумачыць куратарка праекту Валерыя Лемяшэўская.

Валерыя Лемяшэўская
Валерыя Лемяшэўская

Валерыя перакананая, што тэма застанецца актуальнай і ў будучыні, пасьля выбараў.

«Я вярнулася ў Беларусь тры тыдні таму і не пазнала Менск, у якім пражыла амаль дзесяць гадоў. Я чалавек вельмі адчувальны і заўсёды мімаволі счытваю энэргетыку. І цяпер я адчула неверагоднае яднаньне і гатоўнасьць людзей дапамагаць адно аднаму ва ўсіх дробязях, якія нават ня тычацца палітыкі ці сытуацыі з каранавірусам. COVID і палітычнае становішча зьмянілі нас назаўжды. Такія рэчы трэба фіксаваць, разумець і абдумваць», — кажа яна.

Уласна, выстава ZERNO на гэта і накіраваная. Нават памяшканьне кавярні ідэальна адлюстроўвае гэтую канцэпцыю, лічыць Валерыя. Спосаб узаемадзеяньня са сьветам зьмяніўся, і нават такі паўсядзённы рытуал, як ранішняя кава, афарбаваны новымі колерамі.

«Удзел у выставе — гэта нешта кшталту тэрапіі»

«Задача была ў тым, каб асьвятліць сытуацыю з розных бакоў і выкарыстоўваць розныя пункты ўзаемадзеяньня з гледачом для абмеркаваньня прапанаваных тэмаў, з чым мастакі выдатна справіліся, — кажа куратарка. — Калі Маша Мароз як этнограф зьвяртаецца да тэмы нашых каранёў і нацыянальнай культуры, то, напрыклад, Рома Камінскі расказвае пра падзеі праз прызму гумару».

Маша Марозава. Фатограф — Аляксей Кісялёў
Маша Марозава. Фатограф — Аляксей Кісялёў

«На выставе можна пабачыць адну маю графічную працу. Я намалявала бульбіну, якая прарастае і, мінаючы „мяжу“, яе паветраныя карані распускаюцца кветкай лілеі — такая вось лёгкачытэльная мэтафара», — тлумачыць мастачка Маша Мароз.

«Тэму выставы лічу блізкай і важнай для кожнага беларуса, які прагне жыць шчасьліва ў сваім уласным доме, — працягвае яна. — Цяпер дужа асаблівы момант для ўсіх нас, кожную хвіліну ў гэтыя перадвыбарныя дні шмат думак, пачуцьцяў цыркулюе ўнутры. Звонку адбываюцца неверагодныя і агідныя рэчы адначасова. Удзел у выставе — гэта нешта кшталту тэрапіі».

Твор Ромы Камінскага
Твор Ромы Камінскага

«Узаемападтрымка ў любой форме надзвычай важная»

Асобную ўвагу прыцягвае інсталяцыя Аляксандра Адамава «Асьцярожна, сьлізка».

«Для аматараў кавярні стане вельмі цікавым праект Дзіны Лявонавай, які наглядна пакажа, як нястомна кожны дзень квітнее новая рэальнасьць. Любы наведнік зможа стаць часткай гэтага твору, усяго толькі прывязаўшы стужачку на мэталічны дубчык у двары ўстановы», — раіць куратарка Валерыя Лемяшэўская.

Выстава працягнецца да 17 жніўня.

«Думаю, што мастацтва — у першую чаргу сродак камунікацыі. І той абмен энэргіяй, які адбываецца паміж мастаком і гледачом, можа ўзрушваць, абуджаць да дзеяньняў, натхняць, супакойваць, нараджаць новыя выказваньні, яднаць. Гэта ўсё дужа патрэбна сёньня ўсім беларусам! Узаемападтрымка ў любой форме надзвычай важная, і выстава можа стаць хоць і невялікім, але ж імпульсам такога кшталту», — упэўненая мастачка Маша Мароз.

Тых, хто вырашыў наведаць выставу, арганізатары просяць быць акуратнымі і ня тоўпіцца каля экспанатаў. Ёсьць онлайн-старонка, дзе можна пачытаць пра аўтараў і іх работы, чакаючы, пакуль месца каля рэальнага аб’екта мастацтва вызваліцца. Таксама можна адсканаваць qr-коды, разьмешчаныя па ўсім памяшканьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG