Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мой страх выйсьці на плошчу». У Палацы мастацтваў прыбралі інсталяцыю зь міліцэйскіх шчытоў


Аўтар мастацкага твору перакананы, што гэта цэнзура. Дырэкцыя конкурсу тлумачыць свой учынак неадпаведнасьцю інсталяцыі загадзя заяўленай форме.

22 ліпеня ў менскім Палацы мастацтва адчынілася выстава «Трыенале сучаснага мастацтва», арганізаваная па выніках рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва ў 2019–2020». Яе наведнікі маглі б пабачыць там інсталяцыю Сяргея Белавокага «Вітраж-АТ» у выглядзе разьбітых камянямі люстраных міліцэйскіх шчытоў. Але не пабачаць, таму што інсталяцыю ў апошні момант зьнялі з выставы. Аўтар абураны і лічыць гэта праявай цэнзуры.

«Мая праца была адабраная камісіяй, гэта нашы беларускія мастакі, яны ўвайшлі ў журы, — расказвае Свабодзе сам Сяргей Белавокі. — Яна павінна была выстаўляцца на выставе, якая адкрылася ўчора. Але дырэкцыя конкурсу вырашыла ўсё ж не паказваць яе. Вельмі карэктна папрасілі, вельмі па-добраму, зьняць працу. А лепш замяніць. Пытаньняў не ўзьнікала да самага апошняга моманту, бо хто там на гэтыя выставы ходзіць. А тут усё гэта блізка і побач. І вырашылі яны так неяк сябе застрахаваць.

Сяргей расказвае, што адборачны конкурс праходзіў яшчэ на пачатку году. Дэдлайны падачы прац арганізатары працягвалі некалькі разоў. Выстава таксама неаднаразова пераносілася. Здымаць працу аўтар адмовіўся. А за некалькі дзён да адкрыцьця выставы Сяргей атрымаў ад арганізатараў ліст.

«У сувязі з тым, што вашая праца была прадстаўленая ня ў поўным аб’ёме (у частцы адсутнасьці камянёў як элемэнту) вымушаныя не разьмясьціць яе ў экспазыцыі, — гаворыцца ў ім. — На паседжаньні камісіі былі разгледжаныя фота працы, на якім разьмяшчаліся шчыты і камяні як элемэнты кампазыцыі, якія згадваюцца ў заяўцы».

Гаворка ў лісьце Дырэкцыі пра камяні, якімі нібыта разьбітыя люстраныя шчыты з інсталяцыі. Аўтар кажа, што звычайна зьбіраў іх побач зь месцам правядзеньня выставы і клаў на падлогу перад адкрыцьцём.

«Я сапраўды не прывёз камяні разам са шчытамі, — кажа Сяргей. — Мінулым разам я іх проста браў у двары Палаца мастацтваў, так бы зрабіў і зараз. Але, тым ня менш, у іх зьявілася магчымасьць адмовіць мне ў экспанаваньні маёй працы на выставе».

Па словах аўтара інсталяцыі, яна не зьвязаная зь нейкімі канкрэтнымі падзеямі — ранейшымі мітынгамі альбо акцыямі пратэсту.

«Мы ўсе жывём у гэтай краіне, жывём доўга, — расказвае Сяргей Белавокі. — І гэта на самой справе мае страхі. Гэтая праца — гэта мой страх выйсьці на плошчу, выйсьці на вуліцу. Страх убачыць сябе, сваё адлюстраваньне ў гэтых шчытах. Спроба неяк гэтаму супрацьстаяць. Гэта мае думкі пра тое, што з гэтага можа атрымацца. Можа з гэтага атрымацца нейкае станоўчае выйсьце, можа гэты „Вітраж-АТ“ ператварыцца ў мастацтва, ці гэта будзе толькі разьбітае люстра».

Па словах мастака, яго працу здымаюць з выставы ўпершыню. Сяргей мяркуе, што ў Менску гэтую інсталяцыю наўрад ці можна будзе цяпер пабачыць.

«Я ўжо атрымаў дзьве прапановы аб магчымасьці выставіць гэтую інсталяцыю, — расказвае мастак. — Думаю над адной зь іх цяпер. Што яе можна будзе пабачыць у Менску, я моцна сумняваюся. У нас усе выставачныя пляцоўкі, за малым выключэньнем, цесна зьвязаныя зь Міністэрствам культуры».

Каардынатарка конкурсу, памочніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю, які зьяўляецца адным з арганізатараў выставы, Дар’я Максімава так пракамэнтавала Свабодзе сытуацыю з выдаленьнем інсталяцыі Сяргея Белавокага.

«Справа ў тым, што ў нас заяўкі на конкурс падаваліся па пэўнай форме, аўтары дасылалі інфармацыю, канцэпцыю, — паведаміла Максімава. — Сяргей даслаў канцэпцыю, там было ўказана пра шчыты, у канцэпцыі знаходзіліся камяні таксама. Калі ў нас адбываўся мантаж, было вельмі мала часу. Мы мантавалі выставу на працягу двух дзён. Ягоная праца была прадстаўленая ня ў поўным аб’ёме. Не было гэтых камянёў, і яна не была дапушчаная на экспазыцыю.

Ці была магчымасьць папрасіць аўтара прынесьці камяні? Справа ў тым, што ў нас вялікая колькасьць удзельнікаў гэтага праекту. Каб аблягчыць сувязь зь імі, я стварыла групу ў мэсэнджары. Там знаходзіўся Сяргей таксама. Я там пісала, што трэба ўсё прынесьці да пэўнага часу, калі гэтага ня будзе, то праца ня будзе выстаўлена. Я такім чынам інфармавала. Вялікая плынь усяго адбывалася ў гэтыя дні».

Ці будзе ў будучыні выстаўляцца інсталяцыя Сяргея Белавокага на пляцоўках у Менску, Дар’я Максімава адказаць не змагла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG