Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат Дзьмітрыеў зьвярнуўся да народу і парлямэнту з прыступак Дому ўраду і запатрабаваў новых выбараў


Андрэй Дзьмітрыеў выступае перад Домам ураду
Андрэй Дзьмітрыеў выступае перад Домам ураду

«Калі застанецца стары прэзыдэнт, краіна перастане існаваць». Што сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.

4 жніўня Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся са сваім пасланьнем да парлямэнту і народу каля Дому ўраду. Што сказаў кандыдат на прэзыдэнта.

Пра новыя выбары

«Многія зь іх проста разьлічваюць паслухаць старога прэзыдэнта, паесьці ў кавярні і паехаць дадому. Дэпутатам, як і ўсім, трэба рабіць свой выбар, галасаваць. Іх не было, калі ў краіне людзі паміралі ад каранавірусу і незразумела было, што рабіць. «Я заклікаю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў скарыстацца той уладай, якая ў іх ёсьць, каб прадухіліць нацыянальную катастрофу: выберыце стаць часткай агульнага руху за новага прэзыдэнта. Прызначце сёньня новыя выбары. Гэта якраз і ёсьць улада парлямэнту.

Новыя выбары, якія дадуць новы старт краіне, мы правядзём сумленна і адкрыта, без палітзьняволеных, ціску, арыштаў, пошуку ворагаў унутры краіны. Але старт ня будзе поўным, калі мы пакінем гэтых дэпутатаў у іх крэсьле. У перавыбраньні мае патрэбу ня толькі прэзыдэнт, але і і парлямэнт. Вас, дарагія, дэпутаты, мы хутка, як і прэзыдэнта, таксама перавыберам!»

Пра Майданы і сілавікоў

«Важны выбар трэба зрабіць войску і міліцыі. Хоць я думаю, яны яго ўжо зрабілі. Ніхто ня хоча Майданаў, мы хочам міру і парадку ў Беларусі. Новы прэзыдэнт будзе паважаць вас: гэта значыць, вам ніколі не аддадуць загаду, які прыніжае ваш гонар і годнасьць», – сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.

Пра рэформы

«За год нам трэба будзе зрабіць шмат, каб разабрацца са спадчынай нявырашаных праблем старога прэзыдэнта. Новы ўрад рэалізуе рэформы, пра якія ўсе даўно гавораць. Мы разьбяромся са стратнымі заводамі і лішняй нагрузкай на настаўнікаў. Мы зробім для беларусаў бязьвізавы ўезд у ЭЗ і падпішам доўгатэрміновы кантракт на газ з Расеяй.

Мы вызвалім палітвязьняў і назаўсёды адменім кароткатэрміновыя кантракты для тых, хто ідзе на сталую працу, бо якраз яны зьяўляюцца спосабам маніпуляцыі людзьмі, пагрозы і шантажу».

Пра каранавірус


Дзьмітрыеў таксама выказаўся за стварэньне парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваньня дзеяньняў улады падчас каранавірусу.

«Мы павінны ведаць кожнага, хто прымаў рашэньні, хто затыкаў раты дактарам, не даваў магчымасьці даваць нармальныя лічбы».

Пра арыштаванага трактарыста-блогера

Яшчэ Дзьмітрыеў заклікаў дэпутатку Жанну Чарняўскую па Хойніцкай акрузе ехаць у акругу і дамагацца свабоды для трактарыста Яўгена, якому прысудзілі арышт.

«На іх, на такіх Яўгенах, трымаецца сёньня Беларусь. Разьбірайцеся ў тых фактах, якія ён называў у сваёй прамове».

Андрэй Дзьмітрыеў таксама абяцаў расказаць пра магчымую супрацу са штабам Сьвятланы Ціханоўскай 5 жніўня.

4 жніўня пасланьне да народу і парлямэнту зробіць Аляксандар Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG