Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўсе хочам свабоды і справядлівасьці». Гаворыць пара, якая прыйшла на Бангалор пад рознымі сьцягамі


Ілюстрацыйнае фота

Ігара і Ларысу на мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай, які прайшоў 30 ліпеня ў менскім парку Дружбы народаў, заўважылі сотні людзей. Ён накінуў на плечы нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, яна была поруч, пад дзяржаўным чырвона-зялёным.

І што, ніхто не абураўся? — пытаюся ў Ігара на другі дзень пасьля мітынгу.

«І слова дрэннага не сказалі. Наадварот, віталі і фоткалі нас, як тэлезорак. Канешне, гэта праз сьцягі, інакш бы зь якой прычыны? Відаць, тандэм сьцягоў спадабаўся», — мяркуе Ігар.

«Яна праваслаўная, ён каталік»

«Яна праваслаўная, ён каталік», — сьпявае беларускі бард Віктар Шалкевіч пра любоў дваіх маладых з рознымі сьветапоглядамі. У Ігара з Ларысай падобная гісторыя?

Ігар прызнаецца, што яны пад такую схему ўжо не падыходзяць, хаця яшчэ нядаўна нешта падобнае было праўдай і для іх пары.

Ігару 36 гадоў, ён мянчук, працуе ў рэклямным бізнэсе. Ларыса — дызайнэр. Для Ігара бел-чырвона-белы сьцяг даўно стаў каштоўнасьцю ня толькі гістарычнай, але і сымбалем змаганьня за свабоду, незалежнасьць і дэмакратыю.

«Ларыса пераехала да мяне ў Менск з Горадні пасьля таго, як мы пазнаёміліся на сайце знаёмстваў. Яна пабывала ў мяне, я ў яе, і закруцілася. Цяпер жывем разам», — згадвае Ігар.

Мужчына згадвае, што Ларыса яшчэ нядаўна, да выбараў, была зусім далёкай ад палітычнага жыцьця. «Але наглядзелася на затрыманьні невінаватых людзей, калі з натоўпу выхопліваюць выпадковых мінакоў, стала больш чытаць незалежныя мэдыі, вывучаць гісторыю Беларусі». Ігар тлумачыць былую апалітычнасьць сваёй дзяўчыны тым, што падпала пад уплыў дзяржаўнай прапаганды.

Пра характар беларусаў і герб Пагоня

У Ларысы адносна стаўленьня да чырвона-зялёнага сьцягу і апазыцыйнай сымболікі больш маляўнічае тлумачэньне.

«Калі я бывала за мяжой, а я з Гародні, дык зьдзіўлялася, што людзі ў іншых краінах абмяркоўваюць палітыку, падтрымліваюць пэўныя партыі, там даходзіць да гучных спрэчак, а ў нас нават ніхто ня ведае сваіх дэпутатаў і чаму за іх трэба ставіць галачку, але выбіраюць», — кажа Ларыса. Паводле дзяўчыны, яе стаўленьне да дзяржаўнай сымболікі было падобным: цягнула адвярнуцца, але цярпела.

«Мне, як мастаку, дзяржаўны сьцяг найперш не імпануе колеравай гамай, плюс ён зьвязаны з БССР, а гэта таксама даўняе мінулае. Але і бел-чырвона-белы сьцяг я не ўспрымала як свой, бо праз прапаганду нам усяляк навязвалі да яго нэгатыўнае стаўленьне. Што яго выкарыстоўваюць агрэсіўныя апазыцыянэры, нацыяналісты… Але сёлета маё стаўленьне да бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні кардынальна зьмянілася. Пачалося са збору подпісаў, затрыманьняў кандыдатаў, ланцугоў салідарнасьці і затрыманьня простых людзей, які выйшлі падтрымаць і мірна выказаць сваё меркаваньне. Пабачыла, што за гэтай сымболікай стаяць сьмелыя, спагадлівыя, добрыя людзі, што як бы з нас ні імкнуліся вырасьціць пакорлівых савецкіх грамадзян, як бы ні спрабавалі прывучыць да рэжыму, з нас б’е ручаём сутнасьць сумленнага і справядлівага беларуса, які не пакіне ў бядзе свайго і дасьць адпор ворагу. І гэта як раз адлюстравана ў гербе Пагоня».

«Пад чырвона-зялёным сьцягам таксама шмат людзей за перамены»

Чаму пара вырашыла стаць на мітынгу пад розныя сьцягі, калі цяпер маюць аднолькавыя палітычныя погляды? Першым патлумачыць узяўся Ігар.

«Гэтым мы хацелі паказаць, што мы адзін народ, мы ўсе гэтак жа хочам свабоды, справядлівасьці і ня важна, пад якім сьцягам мы нарадзіліся і жывем. У адным чаце Лара напісала пра гэтую ідэю выходзіць на мітынгі супраць улады зь дзяржаўнай сымболікай, і ёй адказаў адзін чалавек з Украіны, што яны гэтак рабілі ў Кіеве яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Выходзілі страйкаваць супраць СССР, абгарнуўшыся чырвоным сьцягам, пры гэтым разумеючы, што іх сапраўдны сьцяг — жоўта-блакітны. Гэта быў разрыў шаблёну ў мазгах міліцыянта, бо ён ня мог забраць пратэстоўцаў з чырвоным сьцягам хаця б таму, што побач былі журналісты».

«І ў нас цяпер амаль тая ж сытуацыя», — дадае Ларыса і абураецца тым, што па БТ людзей, якія з бел-чырвона-белымі сьцягамі, малююць фанатыкамі, а частка ў гэта верыць і баіцца выходзіць на мітынгі, нават калі яны самі супраць дзеючай улады. Пры гэтым і адносна дзяржаўнага чырвона-зялёнага сьцягу ў Ларысы меркаваньне ня толькі адмоўнае.

«Пад чырвона-зялёным сьцягам таксама шмат сумленных людзей, якімі варта ганарыцца. Пад ім выступалі нашы лепшыя спартоўцы, ён аб’ядноўвае шмат тых, хто хоча перамен. І калі ты пад чырвона-зялёным сьцягам прыйшоў на мітынг, ты гэта дэманструеш усім. У тым ліку тым, хто глядзіць БТ і думае, што тут толькі нацыяналісты. Каб гэтыя людзі асьмялелі і змаглі выказаць сваю пазыцыю. На маю думку гэта спосаб аб’яднаць усіх».

Ігар гэта цалкам падтрымлівае: «Мяркую, калі людзі ўбачаць, што людзі пад рознай сымболікай разам выходзяць і могуць усьміхацца адзін аднаму, любіць адзін аднаго, а не варагаваць, то да нас будзе больш далучацца. Мы ж адзін народ, як у песьні пра Мінск і Менск, мы розныя, але ў нас адны мары на гэтых выбарах, адны жаданьні».

Пра тых, хто з фігай у кішэні сядзіць дома

Пытаюся ў пары пра палітычную пазыцыю сваякоў, знаёмых, калегаў на працы. Каго сярод іх больш, аднадумцаў ці апанэнтаў? Ці можа тых, якія з фігай у кішэні сядзяць па дамах? Ігар распавёў пра сваю сытуацыю.

«Большасьць сваякоў падтрымліваюць, хаця, канешне, са старэйшым пакаленьнем ёсьць „цёркі“. Бабулі менш палітычныя і пагаджаюцца з унукамі, а вось мой дзед, які малым пазнаў вайну, дагэтуль спрачаецца з татам. Бурчыць сваё, што „вайны ня бачылі, у зямлянках, як ён, не жылі“. Асабіста я ўжо перастаў спрачацца, надакучыла». Пра знаёмых і калег на працы Ігар кажа, што сярод іх таксама большасьць супраць улады, але ёсьць і тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку ці зьбіраецца на выбарах галасаваць супраць усіх.

«Ведаеце, асабліва зьдзіўляюць тыя, хто ўвесь час крытыкуе ўладу, кажуць, што трэба дзейнічаць, а не налепачкі-маечкі раздаваць, але самі нічога рабіць не сьпяшаюцца, нават на мітынг не ідуць».

«Пазыцыя Ціханоўскай усім зразумелая, таму іх падтрымалі»

Мітынг на Бангалоры абаім спадабаўся. Ці было што ня так?

«Ведаеце, што Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала паводзяць сябе прадказальна і кажуць прыкладна тое ж, што раней, дык нічога ў тым няма дрэннага», — мяркуе Ігар. На ягоную думку, галоўнае, што «трыюмвірат» прытрымліваецца зразумелай людзям пазыцыі: дамагчыся новых справядлівых выбараў.

«Паколькі ўлады прыбралі самых моцных канкурэнтаў, дык вось ёсьць мы, каб правесьці новыя сумленныя выбары. Без падтасовак і брудных гульняў. Мяркую, менавіта таму народ за імі і пайшоў. І мы таксама», — сказаў Ігар.

На пратэставых акцыях Ігара ніколі не затрымлівала міліцыя, як ён кажа, «шанцавала», але ён ведае тых, каму даводзілася адпраўляцца і на суткі. Яны з Ларысай зьбіраюцца пайсьці на выбары 9 жніўня, а што будзе далей, гадаць не бярэцца. Як зьбіраецца адстойваць свой выбар?

«Выказваць свой пункт гледжаньня, калі ты адзін, канешне, боязна, але калі гэта будуць рабіць мільёны? Прынамсі трэба паказаць сваю нязгоду, а не заставацца дома, крытыкуючы, але нічога не прапануючы ўзамен. Менавіта такая інэртная маса і патрэбна ўладзе», — лічыць Ігар.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG