Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней шмат хто зайздросьціў Беларусі!». У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці зь беларусамі. ФОТА


Кіеў

У Кіеве акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пачалася з ушанаваньня памяці Міхася Жызьнеўскага, які загінуў на пачатку 2014 года ў часе масавых акцыяў пратэсту.

Пасьля хвіліны маўчаньня ля помніка Міхасю Жызьнеўскаму на вуліцы Грушэўскага беларускія і ўкраінскія актывісты накіраваліся на майдан Незалежнасьці, дзе спачатку правялі невялікае веча, а потым на Крашчаціку стварылі ланцуг салідарнасьці.

Алена Талстая
Алена Талстая

«26 гадоў Лукашэнка ўтрымлівае ўладу пры падтрыманьні Масквы. Беларусы выходзяць на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб сказаць, што маюць права жыць у вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краіне. Сёньня па ўсім сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці з народам Беларусі», — сказала сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, зьвяртаючыся да ўкраінцаў.

Упершыню ў акцыі салідарнасьці ў Кіеве ўдзельнічаў Улад Рымашэўскі — выпускнік менскай гімназіі N 192, які на выпускной лінейцы заявіў, што спадзяецца на перамены пасьля выбараў. Ён зараз з бацькамі і братам знаходзіцца ва Ўкраіне, але, паводле яго, яны плянуюць вярнуцца ў Беларусь найбліжэйшым часам.

Улад Рымашэўскі (справа)
Улад Рымашэўскі (справа)

«26 гадоў мы знаходзімся ў руках Лукашэнкі, і гэта трэба мяняць. І калі мы зараз нічога ня зробім, то потым будзе яшчэ горш», — сказаў Улад, выступаючы на мітынгу.

Украінская журналістка Наталка Пазьняк мяркуе, што ўпершыню за апошнія гады хваля незадаволенасьці і жаданьня пераменаў стала ў Беларусі ўсенароднай.

«У нас доўгі час існаваў такі міт і шмат хто зайздросьціў Беларусі і беларусам, што Лукашэнка захаваў Савецкі Саюз. Але зараз мы бачым, што гэты Савецкі Саюз ня столькі ўмоўна бясплатная мэдыцына, гарантаваная праца за мінімальны заробак, але гэта таксама і рэпрэсіі і прыдушэньне іншай думкі. Мы тут, каб паказаць, што мы разам зь беларусамі».

Кіраўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтру, вядомы ўкраінскі літаратар Аляксандар Ірванец спадзяецца, што «выбары ў Беларусі адбудуцца мірна і бяскроўна, а беларускаму кіраўніку Лукашэнку хопіць розуму не накіроўваць свае праваахоўныя органы супраць мірных людзей», і заклікаў украінцаў падпісаць ліст на падтрымку беларусаў.

«Паводзіны існуючага ў Беларусі рэжыму супярэчаць міжнародным абавязаньням краіны ў дэмакратыі і правядзеньні выбараў. Міжнародная супольнасьць ня мае права ігнараваць грубыя парушэньні правоў чалавека і асноўных свабодаў. Мы выказваем падтрымку народу Беларусі, які патрабуе паважаць свае правы і свабоды і выступае за свабодныя і справядлівыя выбары.

Мы патрабуем тэрміновага і безумоўнага вызваленьня ўсіх затрыманых і арыштаваных паводле палітычных матываў. Мы настойліва патрабуем ад улады Беларусі вярнуць людзям вольныя і справядлівыя выбары адпаведна міжнародным стандартам, якіх яны пазбаўлены трывалы час. Мы таксама настойліва заклікаем уладу Беларусі выконваць міжнародныя абавязаньні аб забесьпячэньні вольных сходаў, свабоды выказваньняў і слова, спыніць блякаваньне незалежных СМІ, спыніць запужваньне журналістаў і пакласьці край палітычна матываваным перасьледам. Мы асуджаем эскаляцыю паліцэйскага гвалту супраць мірных сходаў, журналістаў і звычайных грамадзян, і папярэджваем беларускую ўладу пра недапушчальнасьць выкарыстаньня гвалту ў часе цяперашняй палітычнай кампаніі», — адзначаецца ў лісьце.

Калі ўдзельнікі ўтварылі ланцуг салідарнасьці на Крашчаціку, кіроўцы машын, што спыняліся на чырвонае сьвятло, падтрымлівалі актывістаў сыгналамі клаксонаў.

У Кіеве акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю праходзяць рэгулярна цягам апошняга месяца. На пачатку кожнага тыдня ў цэнтры ўкраінскай сталіцы ля беларускіх пікетаў украінцы могуць напісаць лісты беларускім палітвязьням.

Трэцяга ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь». Пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі пра стварэньне Беларускага інфармацыйнага цэнтру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG