Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Украіна будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі баевікоў


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Украіна запатрабуе ад Беларусі экстрадыцыі затрыманых там 33 людзей, названых баевікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якіх падазраюць у ваенных злачынствах на тэрыторыі Данбасу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, апублікаванай 30 ліпеня.

«Украіна будзе настойваць на экстрадыцыі ўсіх асоб, якія маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў на часова акупаванай тэрыторыі і ў дачыненьні да якіх Служба бясьпекі Ўкраіны сабрала дастаткова доказаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Офісе прэзыдэнта заявілі, што пакуль ідуць кансультацыі зь беларускім бокам аб гэтым пытаньні.

Раней пра намер патрабаваць экстрадыцыі баевікоў заявілі ў Службе бясьпекі Ўкраіны.

29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне «33 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Згодна з паведамленьнем, яны прыбылі ў Беларусь у ноч з 24 на 25 ліпеня «для дэстабілізацыі сытуацыі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў усё гэта «надзвычайным здарэньнем», сабраў Савет бясьпекі, абвінаваціў Расею ў «брудных намерах».

Вядома таксама, што ў МЗС Беларусі выклікаюць паслоў Украіны і Расеі. Калі адбудзецца сустрэча, пакуль невядома.

Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў 30 ліпеня паведаміў, што цяпер на тэрыторыі краіны працягваецца пошук яшчэ каля 200 баевікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG