Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2907 сутак арышту, 285 тысяч рублёў штрафаў з пачатку выбарчай кампаніі. Сёньня новыя затрыманьні і «суткі»


Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 31 ліпеня для адбыцьця раней вынесеных адміністрацыйных арыштаў затрымалі актывістаў у Воршы, Наваполацку і іншых гарадах краіны.

Ворша

Для адбыцьця 15-суткавага арышту ў Воршы быў затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Орша для жизни» Аляксандра Андрэева.

Таксама сёньня асудзілі на 12 сутак актывіста Вадзіма Капорыкава, з суду ў ізалятар забралі Генадзя Ларыёнава, якога асудзілі на 15 сутак яшчэ 26 чэрвеня. На 675 рублёў аштрафавалі Кацярыну Гарэлікаву.

Наваполацак

У Наваполацку з дому забралі ​Андрэя Зуева для адбыцьця 14 сутак арышту. Яму пагражалi, што сацыяльная служба прыйдзе для праверкі ўмоваў пражываньня ягоных малых дзяцей.

На 14 сутак з працы (завода «Нафтан») забралі актывіста Артура Сiнегу.

Берасьце

Затрыманага 28 ліпеня актывіста Андрэя Шарэнду, якога вінавацяць у тым, што нібыта размясьціў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых акцый у тэлеграм-канале, асудзілі на 15 сутак. 24 ліпеня ў доме Шарэнды адбыўся ператрус, міліцыя канфіскавала лічбавыя носьбіты і прылады.

Слуцак

У Слуцку ў другой палове дня затрымалі валантэраў «Краіны для жыцьця» Арцёма Шыловіча, Сяргея Анісейку і Ўладзімера Якубовіча за раздачу ўлётак «Честных людей» наконт галасаваньня.

Маладэчна

А 17:30 у Маладэчне затрымалі журналістаў «Белсата» Зьмітра Міцкевіча і Дзяніса Дзюбу, якія вялі жывы эфір з агітацыйнага мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле «Белсата» міліцыянты пашкодзілі відэакамэру.

З пачатку выбарчай кампаніі асудзілі 571 чалавека

Як адзначаюць праваабаронцы, з пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі:

  • 204 чалавекі атрымалі агулам 2907 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу.
  • 367 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам амаль у 285 тысяч рублёў (больш за 116 тысяч даляраў).
  • Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1277 выпадкаў адвольных затрыманьняў, якія адбыліся ў пэрыяд з 6 траўня да 31 ліпеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG