Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба, каб прэзыдэнтка была маці дваіх дзяцей». Гісторыя шматдзетнай маці, якая запісалася ў ініцыятыўную групу Ціханоўскай


Кацярына Гарэлікава
Кацярына Гарэлікава

Шматдзетная маці з Воршы Кацярына Гарэлікава тры тыдні зьбірала подпісы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, а 31 ліпеня ёй прысудзілі штраф у 540 рублёў за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці».

У інтэрвію Свабодзе Кацярына Гарэлікава тлумачыць, навошта ёй палітыка і чым жанчына-прэзыдэнт лепшая за мужчыну.

Пра Кацярыну Гарэлікаву. Сьцісла

  • 33 гады. Нарадзілася ў Воршы. Беспартыйная
  • Трое непаўналетніх дзяцей. Цяпер у водпуску па доглядзе за дзіцем
  • 10 гадоў пэдагагічнага стажу. Працавала ў дзіцячых садках. Скончыла каледж пры Віцебскім унівэрсытэце імя Машэрава
  • Захапляецца рукадзельлем. Больш за 300 масак пашыла і раздала землякам. Зарэгістраваная як рамесьнік
  • Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай

«Наша сыстэма глухая да клопату простага чалавека, і яе трэба мяняць»

Кацярына Гарэлікава ўцягнулася «ў палітыку», калі пазнаёмілася зь Сяргеем Ціханоўскім. Паводле яе, у сваіх стрымах і на сустрэчах блогер казаў пра тое, з чым яна сама сутыкалася ў жыцьці: пра непаважлівае стаўленьне чыноўнікаў да простага чалавека, некампэтэнтнасьць ды абыякавасьць у начальніцкіх кабінэтах.

На «працоўным месцы» — выбарчым пікеце Ціханоўскай
На «працоўным месцы» — выбарчым пікеце Ціханоўскай

Сябе Кацярына называе чалавекам «з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй» і «не слабым унутраным духам». Яна ня можа прайсьці міма, калі бачыць, што нехта ў бядзе. Такое стаўленьне да жыцьця ў яе са школы. Там ёй прадказвалі «змаганьне за справядлівасьць». У жыцьці ў яе былі складаныя сытуацыі, якія прывучылі бараніцца.

«Мне даводзілася бачыць людзей, якія ў сілу свайго характару не маглі дагрукацца да начальства, апускалі рукі і жылі прыгнечанымі, — кажа яна. — З гэтага я зрабіла выснову, што наша дзяржаўная сыстэма глухая да клопату простага чалавека, таму яе трэба мяняць».

Пікет у Воршы
Пікет у Воршы

Пра першы судовы працэс Кацярына кажа, што ён быў прадказальны. З прысудам ня згодная і лічыць яго палітычна матываваным. У дзень правядзеньня «ланцуга салідарнасьці» яна была на сваім «працоўным месцы» — выбарчым пікеце, а па яго сканчэньні засталася на плошчы, бо адчувала адказнасьць за тых хто падпісаўся за Ціханоўскую і стаў у «ланцуг салідарнасьці». Здымала, што адбываецца, на смартфон.

Паводле прысуду, Кацярына Гарэлікава парушыла закон «Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Зьмякчаючымі віну акалічнасьцямі суд палічыў наяўнасьць дзяцей і адсутнасьць ранейшых правапарушэньняў.

«Рамантычнае спатканьне на агітацыйным пікеце Ціханоўскай»

Кацярына Гарэлікава ў дэкрэтным водпуску. Акрамя дзяцей, даглядае пажылую жанчыну з інваліднасьцю. Прызнаецца: цяпер без прыработку не пражыць. Муж —фэрмэр. Сямейны бюджэт складае 1 тысячу рублёў.

З мужам у радзільні
З мужам у радзільні

«На вялікую сям’ю такіх грошай не хапае, — кажа яна. — Дзецям хочацца даць больш, дый сабе таксама. Мы прывыклі зарабляць. Ніводнага дэкрэту я не прысьвяціла толькі дзіцяці. Як год спаўняўся, выходзіла на працу».

З мужам Кацярына разам больш за 13 гадоў. Сваёй сям’ёй даражыць і лічыць, што безь сям’і чалавек жыць паўнавартасна ня можа. Удзел у выбарах забірае палову асабістага часу. Кацярына цьвердзіць, што муж яе разумее і падтрымлівае, але часам хоча, каб больш была побач. Абое хадзілі на агітацыйны пікет Сьвятланы Ціханоўскай, калі тая прыяжджала ў Воршу з сваімі партнэркамі Веранікай Цапкалай і Марыяй Калесьнікавай.

«Такое было ў нас рамантычнае спатканьне», — з усьмешкай згадвае Кацярына.

«Прэзыдэнтка абавязкова павінна быць маці дваіх дзяцей са спагадлівым сэрцам»

Кацярына Гарэлікава хоча для Беларусі прэзыдэнта-жанчыну, бо «паводле сваёй прыроды яна іначай глядзіць на жыцьцё». На яе думку, прыход жанчыны-палітыка да ўлады выправіць «змарнелую дзяржаўную сыстэму», зьменіць стаўленьне чыноўніка да патрэбаў звычайнага чалавека, і тады зьявіцца атмасфэра цярпімасьці.

У прэзыдэнткі павінна быць сама меней двое дзяцей. У Кацярыны Гарэлікавай іх трое
У прэзыдэнткі павінна быць сама меней двое дзяцей. У Кацярыны Гарэлікавай іх трое

«І абавязкова каб прэзыдэнтка была маці дваіх дзяцей, — дадае яна. — У яе будзе спагадлівае сэрца і падыход да чалавека з дабрынёю».

Словы Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі прэзыдэнтам ня можа быць жанчына, Кацярына тлумачыць ягоным характарам і своеасаблівым успрыманьнем мужчыны і жанчыны. Яна кажа, што дужа мала ведае пра асабістае жыцьцё кіраўніка дзяржавы, і гэта «не зусім правільна».

«Наколькі я ведаю, — разважае суразмоўніца, — ён дужа быў прывязаны да сваёй маці. Зь цеплынёю згадваў яе. Мяркую, што непаважлівыя выказваньні на адрас жанчын не зьвязаныя з псыхалягічнай траўмаю. Гэта ягоны погляд на стасункі мужчыны і жанчыны, які ня можа не засмучаць».

Партыя масак для землякоў
Партыя масак для землякоў

Кацярына Гарэлікава заўважае, што ніколі ня бачыла прэзыдэнта ў жыцьці. Ён для яе — тэлевізійная карцінка. «Дый пабачыць яго немагчыма, бо вакол столькі аховы», — з усьмешкай кажа яна.

«Іншая справа Ціханоўскія, — параўноўвае суразмоўніца. — Яны звычайныя і сапраўдныя. Са сваімі патрэбамі. Ад іх вее цеплынёю».

«Нібыта мы да яго прыйшлі дамоў і просім ежы»

Кацярына кажа, што ў яе ўспрыняцьці прэзыдэнт павінен быць эталёнам паводзінаў, на які маюць раўняцца суграмадзяне. Ёй хацелася б, каб у яго была паўнавартасная сям’я, зь якой ён паказваўся б на людзях.

«Калі чалавек жыве адзін, то ён дужа вузка глядзіць на сьвет, — лічыць Кацярына. — Ён успрымае яго эгаістычна і падпарадкоўвае жыцьцё толькі пад свае патрэбы».

Рукадзельле Кацярыны Голікавай
Рукадзельле Кацярыны Голікавай

Кацярына Гарэлікава абураецца, як кіраўнік дзяржавы называе сваіх суайчыньнікаў. Яна доўга не магла супакоіцца, калі пачула ад яго «народзец». Жанчына лічыць, што гэтак ён хацеў прадэманстраваць сваю перавагу над суайчыньнікамі.

«Нібыта мы да яго прыйшлі дамоў і просім ежы, — кажа яна. — Патрэбныя перамены, ён дужа зацыклены на сваім».

Паводле яе, адмаўляць цяперашняму кіраўніку ў дасягненьнях не выпадае, але надышоў час, калі ён мусіць саступіць уладу новаму чалавеку з новым бачаньнем, куды рухацца краіне.

«Баюся Плошчы...»

Кацярына пабойваецца таго, што можа адбыцца ў дзень выбараў і пасьля іх. Яна верыць у перамогу справядлівасьці, але «можа адбыцца тое, чаго ніхто не чакае».

«Я супраць непарадкаў ды беззаконьня, — кажа суразмоўніца. — Многія ў мяне пытаюць пра плошчу, а мне, калі шчыра, то думаць пра яе страшна. Там могуць пацярпець і простыя людзі, і міліцыянты, але мы грамадзяне адной краіны, таму трэба дамаўляцца».

Кацярына ўпэўненая ў незалежнай будучыні Беларусі.

Гаспадарка мужа-фэрмэра
Гаспадарка мужа-фэрмэра

«У нас свой шлях, — падкрэсьлівае яна. — Свая вялікая гісторыя. Мы павінны паважаць сябе. І навучыцца супрацоўнічаць з Расеяй ды Эўропай і не шукаць там ворагаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG