Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пытаньні экстрадыцыі «вагнэраўцаў» Менск мае зрабіць выбар паміж Кіевам і Масквою, — экспэрт


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам 29 ліпеня

Што такое экстрадыцыя, як дзейнічала гэтая працэдура раней у адносінах Менску і Кіева і на якіх умовах могуць перадаць ва Ўкраіну затрыманых у Беларусі «вагнэраўцаў».

Украіна заявіла, што будзе дамагацца выдачы затрыманых у Беларусі баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе і супраць якіх украінскія праваахоўныя органы расьсьледуюць крымінальныя справы.

Экстрадыцыя — міжнародная практыка

Узаемная выдача падазраваных у крымінальных злачынствах ажыцьцяўляецца на падставе двух- і шматбаковых пагадненьняў. Сярод іх — дамова аб супрацы паміж Генэральнымі пракуратурамі Беларусі і Ўкраіны, падпісаная 18 траўня 2010 году ў Менску, а таксама канвэнцыя СНД аб прававой дапамозе і прававых дачыненьнях у цывільных, сямейных і крымінальных справах ад 7 кастрычніка 2002 году.

У некаторых выпадках экстрадыцыя можа ажыцьцяўляцца на падставе канвэнцый ААН — супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьці ад 15 лістапада 2000 году або супраць карупцыі ад 31 кастрычніка 2003 году. Менавіта на гэтыя дакумэнты можа абапірацца Ўкраіна ў выпадку з «вагнэраўцамі».

Крымінальны кодэкс Беларусі, як і Ўкраіны, прадугледжвае магчымасьць узаемнай выдачы грамадзян для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Але гэта — не абавязаньне.

Абодва бакі могуць адмовіць у задавальненьні хадайніцтва аб экстрадыцыі, а калі лічаць, што ёсьць падставы, то і ўвогуле вызваліць такіх асобаў з-пад варты і спыніць іх вышук. І ў найноўшай гісторыі беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў шмат такіх прыкладаў.

Каго могуць выдаць Украіне

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго пазьней затрымалі на поўдні Беларусі. Усе яны — грамадзяне Расеі.

Паводле інфармацыі ўкраінскага цэнтру «Миротворець», траціна зь іх — ураджэнцы Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны і маюць, апроч расейскіх, таксама і ўкраінскія пашпарты. Прозьвішчы 24 затрыманых былі раней уключаныя ў базу вайсковых злачынцаў, яшчэ 9 дадалі туды пасьля іх затрыманьня ў Беларусі.

31 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба паведаміў, што Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых, якіх беларускія ўлады падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў.

Дзьмітры Кулеба
Дзьмітры Кулеба

«Вельмі важна вызначыць, хто з удзельнікаў гэтага сьпісу браў удзел ва ўзброеных дзеяньнях на баку акупацыйных сілаў, незаконных узброеных фармаваньняў, ці датычныя яны да тых ці іншых злачынстваў», — сказаў Дзьмітры Кулеба.

Раней Служба бясьпекі Ўкраіны і Офіс прэзыдэнта Ўкраіны заяўлялі, што зьбіраюцца дамагацца экстрадыцыі зь Беларусі баевікоў, якія ваявалі на Данбасе.

Менск мае зрабіць выбар паміж Кіевам і Масквою, — экспэрт

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун у інтэрвію Свабодзе заявіў, што Ўкраіна ў сваіх запытах мусіць перадаць Беларусі пераканаўчыя доказы віны «вагнэраўцаў» у злачынствах супраць Украіны.

Віктар Ягун
Віктар Ягун

«Пазыцыя Ўкраіны вельмі простая. Калі мы дакажам і прадставім лягічныя абвінавачаньні ў тым, што той ці іншы грамадзянін удзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны і супраць Украіны, то мы можам разьлічваць на перадачу, але ня ўсіх, а толькі тых, хто не адмовіўся ад украінскага грамадзянства».

Віктар Ягун падкрэсьліў, што канчатковае рашэньне будзе залежаць ад стратэгічнага палітычнага выбару беларускіх уладаў, але ў любым выпадку экстрадыцыйны працэс наўрад ці завершыцца да даты выбараў у Беларусі.

«Калі беларускія ўлады захочуць нагнятаць сытуацыю з Расеяй, то яны могуць перадаць частку гэтых грамадзян Украіне. Калі не захочуць — яны могуць іх нават вызваліць. А калі захочуць застацца ў добрых адносінах і з намі, і з расейцамі, то, напэўна, давядуць гэтую справу да завяршэньня на сваёй тэрыторыі».

Паводле яго, рашэньне Беларусі перадаць Украіне «вагнэраўцаў» будзе своеасаблівым сыгналам Захаду, што яна мае намер аддаліцца ад Расейскай Фэдэрацыі.

Паводле міжнароднага заканадаўства пад экстрадыцыю на запыт пэўнай дзяржавы падпадаюць толькі яе грамадзяне. У выпадку ж з затрыманымі ў Беларусі «вагнэраўцамі» ёсьць факт падвойнага грамадзянства.

Такім чынам, каб давесьці неабходнасьць выдачы, Украіна мусіць найперш даказаць, што яны грамадзяне Ўкраіны, і падаць доказы іхных злачынстваў. Зь іншага боку, ужо ёсьць прыклады, калі Беларусь перадавала падазраваных замежнікаў у трэція краіны.

У 2017 годзе Беларусь выдала Азэрбайджану блогера Аляксандра Лапшына, які меў грамадзянства Расеі, а ў 2015-м — Армэніі выдала тэхнічнага дырэктара Velcom, грамадзяніна Расеі Ўладзіміра Сачкова.

Каго раней зь Беларусі экстрадавалі ва Ўкраіну

Дагэтуль Украіна дабівалася ад Беларусі экстрадыцыі выключна па крымінальных злачынствах. Напрыклад, у 2016 годзе беларускія праваахоўныя органы перадалі Ўкраіне жыхара Данецкай вобласьці, які хаваўся ў Віцебскай вобласьці ад крымінальнай адказнасьці за забойства, а ў 2013-м — уласьніка аўтобуса, па віне кіроўцы якога ў 2010 годзе каля Марганца ў Днепрапятроўскай вобласьці адбылося сутыкненьне зь лякаматывам і загінулі 45 чалавек.

Каго Менск не захацеў выдаваць Кіеву

Сярод найбольш гучных спраў украінскіх грамадзян у Беларусі — справы так званых банкіраў.

У 2012 годзе Беларусь адмовілася выдаць Украіне Паўла Барульку, якога ва Ўкраіне абвінавачвалі ў крадзяжы 620 мільёнаў грыўняў зь бюджэту Фонду гарантаваньня ўкладаў грамадзян (на той момант 77 мільёнаў даляраў у эквіваленце). У 2007 годзе ён працаваў раднікам прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча. Адмову беларускі бок аргумэнтаваў «магчымай шкодай сувэрэнітэту і бясьпецы Беларусі».

Паводле ўкраінскіх СМІ, Павал Барулька пры садзейнічаньні высокіх дзяржаўных асобаў Беларусі атрымаў беларускае грамадзянства, зьмяніў сваё прозьвішча на «Рычкоў» і пэўны час пражываў у Гомлі. Пазьней, паводле ўкраінскага журналіста Ўладзіміра Бойкі, ён перабраўся ў Маскву і далучыўся да групы Ўладзіслава Суркова, які быў тады памочнікам расейскага прэзыдэнта ў пытаньнях так званых «ЛДНР».

Сёлета ў чэрвені стала вядома, што Беларусь адмовіла Ўкраіне ў экстрадыцыі колішняга старшыні праўленьня банку «Київська Русь» Віктара Братка, якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у вывядзеньні з банкаўскіх рахункаў у 2015 годзе больш як 44 мільёнаў даляраў.

У жніўні 2016 году Віктара Братка абвясьцілі ў міжнародны вышук, а праз два гады яго затрымалі беларускія праваахоўнікі і зьмясьцілі пад варту. Праз тры месяцы пасьля затрыманьня, 9 лістапада 2018 году, яго вызвалілі пастановаю намесьніка пракурора Менску, бо ў гэты ж дзень Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі надаў яму статус уцекача.

Каго Ўкраіна ня выдала Беларусі

Беларусь ужо некалькі гадоў марна дабіваецца ад Украіны экстрадыцыі Ўладзімера Юрчанкі, якога абвінавачваюць у арганізацыі міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008-м для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.

Ён атрымаў статус уцекача ва Ўкраіне ў 2017 годзе. Дзяржаўная міграцыйная служба ўжо двойчы пазбаўляла яго гэтага статусу, але суд прызнаў гэта незаконным.

У лістападзе споўніцца тры гады яшчэ адной экстрадыцыйнай справе — грамадзяніна Беларусі Вячаслава Кушнера. Беларускія праваахоўныя органы патрабуюць выдаць яго на падставе крымінальнай справы ў дачыненьні да беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасьці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.

У лютым 2018 году ўпраўленьне міграцыйнай службы ў Віньніцкай вобласьці прызнала яго ўцекачом, але вышэйшы міграцыйны орган адмовіў у выдачы адпаведных дакумэнтаў. Дагэтуль адвакаты Вячаслава Кушнера аспрэчваюць гэтае рашэньне ў розных судовых інстанцыях.

Два гады таму ва Ўкраіне на запыт праваахоўных органаў Беларусі затрымалі яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца — Дзьмітрыя Дашука, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць інфармацыйнай бясьпекі. Ягоныя адвакаты параўноўвалі гэтую справу са «справай БелТА», бо Дзьмітрыя Дашука абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП «Белмытсэрвіс».

Цяпер ён вызвалены ўжо і з-пад хатняга арышту — можа свабодна перамяшчацца па Ўкраіне, але абавязаны зьяўляцца на выклік у суд і пракуратуру. Апроч таго, адвакаты настойваюць, што Дзьмітры Дашук — украінскі грамадзянін, а паводле заканадаўства Ўкраіна ня можа выдаваць сваіх грамадзян замежнай дзяржаве.

Рэзананснай ва Ўкраіне стала экстрадыцыйная справа яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца, цяпер грамадзяніна Ўкраіны Цімафея Кахновіча.

Прававую абарону ва Ўкраіне атрымалі Генадзь, Ільля і Кірыла Шчарбініны, якіх у Беларусі абвінавачваюць у раскраданьні 207 тысяч эўра наваполацкага прадпрыемства «Нафтан».

З красавіка 2019 году Беларусь настойвае на выдачы беларускага анархіста Артура Кандратовіча — яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў: у 2017 годзе ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці анархісты падпалілі рэклямны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні».

Беларусь таксама накіравала Ўкраіне запыт на экстрадыцыю гамельчука, якога Сьледчы камітэт Гомельскай вобласьці ў лютым 2017 году абвінаваціў у крадзяжы, махлярстве і завалоданьні чужой маёмасьцю шляхам падману і злоўжываньня даверам у асабліва буйных памерах. Яго адмаўляюцца выдаваць на той падставе, што ён зь сярэдзіны 2014 году трэніраваў супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны і займаўся абменам палонных у Марыюпалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG