Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: сама меней 25 замежных карэспандэнтаў не акрэдытавалі на час выбараў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, вядома пра мінімум 25 выпадкаў за апошні час, калі журналістам розных замежных выданьняў не адказалі на заяўку аб часовай акрэдытацыі для працы ў Беларусі.

Замежныя сродкі масавай інфармацыі, як піша БАЖ, не атрымалі ніякіх адказаў у вызначаны законам 20-дзённы тэрмін. Пры тым многія журналісты, якія прасілі акрэдытацыю, раней атрымлівалі яе і асьвятлялі падзеі ў Беларусі.

За працу без акрэдытацыі замежным журналістам пагражае штраф ад 540 да 1350 рублёў паводле арт. 22.9 КаАП.

У межах АБСЭ Рэспубліка Беларусь прыняла на сябе абавязак спрыяць далейшаму пашырэньню супрацы паміж СМІ і іх прадстаўнікамі, асабліва паміж рэдакцыямі агенцтваў друку, газэтаў, радыё і тэлевізійных арганізацыяў, а таксама кінакампаніяў, адзначае БАЖ. Таксама Беларусь прыняла абавязак спрыяць паездкам журналістаў зь іншых дзяржаваў АБСЭ.

«Неразгляд у вызначаныя тэрміны заявак журналістаў замежных СМІ ў пэрыяд правядзеньня электаральнай кампаніі ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ва ўмовах, калі за выбарамі ня будзе назіраньня БДІПЧ АБСЭ, ПАРЭ і іншых прызнаных міжнародных арганізацыяў, а таксама істотнага абмежаваньня магчымасьцяў нацыянальных назіральнікаў, сьведчыць аб адмове ўладаў ад правядзеньня выбараў адкрыта і галосна, як гэта замацавана ў арт. 65 Канстытуцыі і арт. 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — мяркуе БАЖ.

Асацыяцыя заклікае Міністэрства замежных справаў у максымальна кароткія тэрміны разглядзець звароты замежных СМІ і акрэдытаваць журналістаў, спыніць палітыку неразгляду зваротаў, выконваць у сваёй дзейнасьці нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя абавязаньні ў галіне свабоды слова і права на інфармацыю.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG