Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Месца жанчыны ўсюды». У Кіеве заклікалі беларускую ўладу не парушаць правы жанчын


Кіеў, акцыя салідарнасьці перад беларускай амбасадай "Месца жанчыны ўсюды", 30 ліпеня

Няўрадавая арганізацыя Amnesty International Ukraine заклікае беларускую ўладу не парушаць правы жанчын, у тым ліку і ў часе выбарчай кампаніі.

Сёньня яе прадстаўнікі разам з украінскімі праваабаронцамі і беларускімі актывістамі правялі каля беларускай амбасады ў Кіеве акцыю салідарнасьці «Месца жанчыны ўсюды».

На плякатах, якія трымалі ўдзельнікі акцыі, былі сымбалі выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну».

Гэты плякат пасьля невялікага мітынгу актывістка разарвала і, заявіўшы, што «Месца жанчыны ўсюды», узьняла новы з надпісам: «Офіс Прэзыдэнткі». Актывісты таксама зрабілі некалькі мініятур, у якіх паказалі, як у Беларусі затрымлівалі людзей з чаргі ў краму і тых, хто проста шпацыраваў па вуліцы.

«Мы бачым, што рэпрэсіі закранулі ня толькі мужчын, якія былі прэтэндэнтамі і магчымымі рэальнымі канкурэнтамі Лукашэнкі, а і жанчын. Мы бачым, які ціск чыніцца на Сьвятлану Ціханоўскую. І ён мае зусім іншы фармат — гэта рэпрэсіі, якія выклікаюць страх страціць мацярынства. Яна вымушаная была вывезьці сваіх дзяцей за мяжу, бо была рызыка, што іх забяруць пад дзяржаўную апеку», — сказала дырэктарка Amnesty International Ukraine Аксана Пакальчук.

Прадстаўніца арганізацыі таксама абурылася рыторыкай, якую выкарыстоўвае дзейны кіраўнік Беларусі:

«Мы сёньня тут, каб сказаць — месца жанчыны ўсюды! Мы хочам падтрымаць усіх беларускіх жанчын у іхным пратэсьце і сказаць, што яны моцныя і не павінны баяцца рэпрэсій. Жанчыны — вялікая сіла».

Аксана Пакальчук перакананая, што цяпер у Беларусі фармуецца новая для Ўсходняй Эўропы палітычная традыцыя, калі жанчыны выходзяць у авангард вызначальных падзей. Яна дадала, што Amnesty International адсочвае выбарчую сытуацыю ў Беларусі і ўжо прызнала пацярпелых ад рэпрэсій грамадзян Беларусі вязьнямі сумленьня.

«Наша арганізацыя не падтрымлівае ніякіх палітычных ці рэлігійных арганізацый, таму наш голас вельмі важны для міжнароднай супольнасьці, бо ён аб’ектыўны. Найбліжэйшым часам і ў іншых краінах пройдуць акцыі ў падтрымку і беларускіх жанчын, і тых, каго незаконна пасадзілі ў СІЗА. Мы таксама заклікаем увесь сьвет пісаць лісты як вязьням сумленьня, так і ўладзе, якая парушае правы чалавека, і патрабаваць іх вызваленьня», — сказала Аксана Пакальчук.

За апошні месяц у Кіеве адбылося некалькі акцый салідарнасьці зь Беларусьсю. Трэцяга ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь». Пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі пра стварэньне Беларускага інфармацыйнага цэнтру.

Акцыя завяршылася сьпевамі пад гітару каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, што побач з амбасадай Беларусі ва Ўкраіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG