Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над затрыманымі ў чарзе да крамы symbal.by перанесьлі на няпэўны тэрмін


Чарга каля крамы Symbal.by пасьля абвяшчэньня аб закрыцьці крамы, 25 чэрвеня 2020 году

У судзе Савецкага раёну Менску 29 ліпеня павінны былі працягнуцца судовыя пасяджэньні над людзьмі, якія стаялі ў чарзе ў краму symbal.by, але іх зноў перанесьлі, гэтым разам на няпэўны тэрмін, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Суды над тымі, каго затрымалі ў чарзе ў менскую краму symbal.by, распачаліся яшчэ 23 ліпеня. У той дзень 6 чалавек пакаралі штрафамі ад 108 да 189 рублёў, суды яшчэ над траімі людзьмі перанесьлі на 29 ліпеня.

Сёньня, 29 ліпеня, судовыя пасяджэньні над Анастасіяй Лобан, Аляксандрам Галубковым і Аляксандрам Райчонкам ізноў перанесьлі, цяпер ужо на няпэўны тэрмін.

  • Анастасію Лобан абвінавачваюць ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (ч. 1. арт.23.34 КаАП).
  • Яе маладога чалавека Аляксандра Галубкова — у парушэньні арт. 23.4 КаАП («Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў»).
  • Аляксандра Райчонка — у парушэньні абодвух артыкулаў.

Акрамя гэтага, Аляксандра Галубкова будуць судзіць за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Гэта зьвязана з канфліктам з кіроўцам BMW 23 чэрвеня каля крамы symbal.by — менавіта тады да чаргі пад’ехаў аўтазак і затрымаў людзей. Канфлікт быў вычарпаны па пагадненьні бакоў, але міліцыянты ўсё ж склалі пратакол на Галубкова. Тым ня менш разгляд гэтай справы таксама перанесьлі.

Напярэдадні, 28 ліпеня, у раённых судах Менску перанесьлі на няпэўны тэрмін шэраг судоў над удзельнікамі акцыі салідарнасьці, якая прайшла 14 ліпеня і скончылася затрыманьнямі. Судовыя паседжаньні масава пераносілі ў асноўным з прычыны няяўкі сьведак-міліцыянтаў. Гаворка пра некалькі дзясяткаў адміністрацыйных справаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG