Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрачань на БТ расказаў пра «сваіх» і «чужых» у бізнэсе


Сяргей Чэрачань

28 ліпеня кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань другі раз зьвярнуўся праз тэлевізію да выбарнікаў.

Кандыдат засяродзіў свой выступ на эканамічных пытаньнях і стаўленьні ўлады да малога і сярэдняга бізнэсу ў краіне.

Сяргей Чэрачань прадставіўся як чалавек, які займаецца прадпрымальніцтвам і грамадзкай дзейнасьцю, стварыў некалькі пасьпяховых бізнэсаў і стаў «кансультантам па антыкрызісным кіраваньні».

Тэзісы выступу Сяргея Чэрачня

  • Цягам апошніх 10 гадоў Беларусь у сваім разьвіцьці топчацца на месцы.
  • За апошнія 10 гадоў беларускі рубель абясцэніўся ў 8 разоў.
  • За апошнія 10 гадоў рост беларускай эканомікі склаў менш за 1% на год, калі лічыць у замежнай валюце.
  • У Літве сярэдняя зарплата ў 3 разы большая, чым у Беларусі.
  • Улада не стрымала свайго абяцаньня павысіць месячныя зарплаты да $1000. Сярэдняя зарплата сёньня ў Беларусі такая, як і 10 гадоў таму — $500.
  • Беларуская эканоміка апынулася ў стагнацыі.
  • За апошнія 10 гадоў ніводнае беларускае дзяржаўнае прадпрыемства не дабілася «яркага посьпеху».
  • У Беларусі можна насамрэч ганарыцца толькі прыватнымі кампаніямі. Але замест дзяржаўнай падтрымкі прыватны бізнэс атрымлівае толькі «пагрозы і абразы».
  • Улада дзеліць прадпрымальнікаў на «сваіх» і «чужых» і падтрымлівае толькі «сваіх». Як прыклады — сетка шапікаў «Табакеркі» і кампанія Dana Holdings.
  • За апошнія 10 гадоў зьнешні доўг Беларусі вырас у 2 разы. Улада жыве ў доўг, набіраючы новыя крэдыты, каб расплаціцца за папярэднія і растраціць іх на падтрымку «сваіх».

Сяргей Чэрачань паабяцаў, што незалежна ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў ён будзе падтрымліваць разьвіцьцё прыватнага прадпрымальніцтва, у тым ліку ствараючы бізнэс-асацыяцыю, якая будзе выкарыстоўваць міжнародныя практыкі і стандарты якасьці ў разьвіцьці беларускай эканомікі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG