Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ён уратаваў войска ад «бяздумнага разбурэньня»


Салдаты ўнутраных войскаў у Менску, 15 ліпеня
Салдаты ўнутраных войскаў у Менску, 15 ліпеня

Аляксандар Лукашэнка перакананы ў правільнасьці курсу на стварэньне сыстэмы нацыянальнай бяспекі. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і асабовым складам вайсковай часткі 3214 унутраных войскаў МУС.

«Пабываўшы нядаўна ў 38-й дэсантна-штурмавой, 103-й паветрана-дэсантнай брыгадах, 5-й асобнай брыгадзе спэцпрызначэньня я ўбачыў мабільныя падразьдзяленьні, якія адпавядаюць духу часу», — сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў пра пачатак 1990-х, развал Савецкага Саюзу і першыя крокі Беларусі да сувэрэнітэту.

«Тады бяздумна разбураліся сілавыя органы і ператваралася ў мэталялом баявая тэхніка, масава звальняліся высакаклясныя прафэсіяналы, вымушаныя дзеля сваіх сем’яў пагаджацца на самую нізкааплатную працу. Грашовае забесьпячэньне афіцэраў, якія засталіся ў войску, скарацілася ў некалькі разоў. Камандзір узводу атрымліваў да 15 даляраў, камандзір палка — 35 даляраў», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, Беларусі ніхто нічога не падарыў, таму беларусы нікому нічым не абавязаныя.

Таксама Лукашэнка паабяцаў, што вайскоўцы ня будуць пакрыўджаныя. Задача на найбліжэйшы час — забясьпечыць усіх жыльлём. «Будзеце сьледам за шматдзетнымі», — запэўніў ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG