Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галодныя, босыя і без штаноў». Лукашэнка прыгадаў, што было да яго абраньня прэзыдэнтам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Падчас сустрэчы з актывам (чыноўнікамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў) Гомельскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка зноў расказаў, якой была Беларусь да ягонага абраньня на пасаду прэзыдэнта.

«Карціна была жудасная», — канстатаваў ён.

«Адзін з найважнейшых участкаў маёй прэзыдэнцкай працы — адраджэньне Палесься. Я вельмі люблю тут бываць, душой прыкіпеў да гэтых месцаў. Калі я быў тут у першыя гады прэзыдэнцтва, карціна была жудасная», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў успомніць тыя часы, калі беларусам, кінутым на волю лёсу пасьля распаду Савецкага Саюзу, давялося пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы.

«Гэта былі вельмі цяжкія часы. Яны былі цяжкія ня толькі тым, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, ня толькі таму, што ў нас не было сродкаў для таго, каб жыць і існаваць. Праблема заключалася ў тым, што мы ня ведалі, як зрабіць лепш», — сказаў Лукашэнка.

«Я б не сказаў, што яны хочуць зьмяніць уладу. Трэба расхістаць»

Лукашэнка сказаў прысутным, што беларусам «давалі магчымасьць зарабляць» — у выніку «небагата жывуць людзі, і вы небагатыя, вы не алігархі», але «мы ведаем, як жыць, і жывём на сваёй зямлі».

«Калі б мы такую палітыку, мы яе па-навуковаму называем сацыяльна арыентаванай, народную не праводзілі, нас бы сёньня ў гэтай залі не было, — казаў ён. — Праводзілі б тут нарады і сходы іншыя людзі, калі б яшчэ такую ўтульную залю ўдалося захаваць. Жылі б у чорта на рагах, як гэта было заўсёды, нас бы абувалі ў лапці, запрагалі ў калёсы і паганялі б пугай. Але мы тады, сьціснуўшы зубы, ператрывалі, асабліва тут, на чарнобыльскай зямлі, вытрывалі».

Пра палітычных апанэнтаў Лукашэнка заявіў: яму не здаецца, што «сёньня яны хочуць зьмяніць уладу ў Беларусі», а здаецца, што ім трэба «расхістаць, разгайдаць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG