Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэра ФК «Белшына» звольнілі за пост у падтрымку Ціханоўскага на старонцы клюбу ў Instagram


Бабруйчанін Сяргей Лацінскі больш за сем гадоў працаваў у футбольным клюбе «Белшына» трэнэрам-відэаапэратарам, але быў вымушаны звольніцца пасьля таго, як разьмясьціў ад імя клюбу допіс у «гісторыях» Instagram супраць затрыманьня Сяргея Ціханоўскага, расказаў ён «Трыбуне».

Сяргей Лацінскі шмат гадоў быў назіральнікам на выбарах, вёў праваабарончую дзейнасьць, удзельнічаў у Плошчы-2006. Падтрымліваў «Белшыну» 24 гады. Пакінуў клюб 9 чэрвеня.

«Дзесяць дзён мяне памурыжылі і пасьля папрасілі напісаць заяву па згодзе бакоў», — кажа ён.

У дзень, калі блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, ад імя клюбу Лацінскі апублікаваў допіс: «Забіраюць Ціханоўскага!!! #Мысупраць». Паводле яго, «пасьля гэтага ўсё і закруцілася — праўда, хутчэй, ня з боку клюбу, а з боку выканкаму». Першая рэакцыя клюбу зьявілася на трэці дзень — папрасілі напісаць тлумачальную.

Лацінскі кажа, такая публікацыя была «цалкам эмацыйным учынкам». Пасьля публікацыі ён атрымаў шмат пазытыўных камэнтароў, у тым ліку камплімэнты ў адрас клюбу.

«Я ня бачу ў сваім учынку ніякага дысыдэнцтва, гэта проста нармальная рэакцыя на беззаконьне, — тлумачыць ён. — Могуць сказаць: навошта гэта рабіць у пабліку футбольнага клюбу? Але я даўно закінуў уласную старонку, жыў гэтым акаўнтам, таму напісаў там. Не рабіў ніякіх заклікаў, проста напісаў: мы супраць. Пры гэтым не пазначаў, што гэта футбольны клюб супраць ці што кіраўніцтва супраць».

Пасьля гэтага ў «гісторыях» старонкі клюбу Лацінскі расказаў пра перамогу над клюбам «Тарпэда», дадаўшы на малюнак стылізаванае сэрцайка — сымбаль прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі. Ён патлумачыў гэта тым, што «не рабіў ніякіх правакацыйных допісаў, проста жадаў выказаць радасьць ад перамогі і любоў да каманды», скарыстаў «сымбаль, вядомы беларусам».

Старонка клюбу на Instagram застаецца пад кантролем Лацінскага — ён яе і ствараў. На просьбу клюбу ён дадаў у назву слова «fans», клюб жа ўжо зрабіў сабе новы акаўнт.

Цяпер Лацінскі застаўся бяз працы ў футболе, але знайшоў сабе новую: будзе відэаапэратарам у арганізацыі, якая ладзіць культурныя імпрэзы. Таксама ён зьяўляецца назіральнікам Беларускага Хэльсынскага камітэту, працуе пры раённай выбарчай камісіі. За назіраньне за перадвыбарчым пікетам сёлета ён ужо атрымаў 10 дзён арышту, але адсядзеў толькі тры дні — у ізалятары ў яго выявілі высокую тэмпэратуру, але не зрабілі тэст на COVID-19, а проста вызвалілі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG