Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская апублікавала перадвыбарную праграму. Сярод задач — новыя выбары і вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году 


Агітацыйны мітынг за Сьвятлану Ціханоўскую ў Рэчыцы
Агітацыйны мітынг за Сьвятлану Ціханоўскую ў Рэчыцы

Кандыдатка у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская апублікавала на сваім сайце перадвыбарную праграму. Яна падкрэсьлівае, што мае намер стаць прэзыдэнтам для таго, каб вярнуць беларусам права выбару.

Галоўнай мэтай Сьвятлана Ціханоўская называе правядзеньне сумленных выбараў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і заклікае ні ў якім разе ня ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні.

«Прыходзьце 9 жніўня, каб прагаласаваць за мяне. Станьце незалежнымі назіральнікамі на ўчастках і абараняйце свае галасы праз розныя ініцыятывы — „Честные людзі“, „Право выбора“, „Рух Праўда“, „Зубар“ ды іншыя», — гаворыцца ў звароце кандыдаткі.

Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што сёлетнія выбары ўжо немагчыма прызнаць свабоднымі і сумленнымі. Многіх моцных апанэнтаў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, пазбавілі магчымасьці ў іх удзельнічаць.

Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта яны абяцае цягам паўгода стварыць умовы для правядзеньня сумленных выбараў. У пераходны перыяд краінай будуць кіраваць цяперашнія чыноўнікі, за выключэньнем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон, падкрэсьлівае Ціханоўская.

Што плянуе Ціханоўская для сумленных выбараў?

• прызначыць шэсьць новых незалежных чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тым ліку старшыні, і выдаць указ аб правядзеньні новых выбараў прэзыдэнта;

• сыстэму выбарчых камісій сфармаваць так, што ў іх будуць уключаныя прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, а таксама прадстаўнікі кандыдатаў у прэзыдэнты;

• на кожным участку ўстановяць празрыстыя скрыні і камэры з онлайн-трансляцыяй;

• кожны бюлетэнь будзе дэманстравацца назіральнікам, і толькі пасьля гэтага зьмяшчацца ў стос галасоў за кандыдата;

• давераныя асобы будуць мець права патрабаваць пераліку галасоў за любога кандыдата на любым участку;

• датэрміновае галасаваньне будзе дапускацца ў выключных выпадках;

• усім кандыдатам будуць гарантаваныя роўныя магчымасьці для агітацыі без злоўжываньня службовым становішчам.

Таксама кандыдатка мае намер прызначыць рэфэрэндум з прапановай вярнуцца да першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 году, што скароціць паўнамоцтвы прэзыдэнта і накладзе абмежаваньні ў колькасьці тэрмінаў знаходжаньня на найвышэйшай пасадзе.

Рэфэрэндум прапануецца правесьці адначасова з выбарамі прэзыдэнта. Ціханоўская таксама абяцае правесьці новыя парлямэнцкія выбары, зацьвердзіць статус парлямэнту як найвышэйшага прадстаўнічага і адзінага заканадаўчага органа ўлады, пашырыць паўнамоцтвы органаў мясцовага самакіраваньня.

Што яшчэ ў праграме?

Эканамічны блёк уключае ў сябе зьняцьце бар’ераў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, адмену бясконцых праверак, зьніжэньне патрабаваньняў да замежных інвэстараў. Прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы працягнуць працаваць, а стратныя атрымаюць дапамогу прафэсіяналаў.

Ціханоўская заяўляе пра важнасьць пераарыентацыі аховы здароўя на працу для чалавека, а не ўраду або дзяржавы. У адукацыі стаўка будзе зроблена на выкананьне дарожных мапаў Балёнскага працэсу, а таксама прызнанне якасьці дыплёмаў беларускіх ВНУ на міжнародным рынку.

У праграме таксама ёсьць блёкі, прысьвечаныя замежнай палітыцы, працы судоў, барацьбе з карупцыяй, сэктару ЖКГ ды іншыя.

За аснову праграмы Сьвятланы Ціханоўскай узяты рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі — гэта апэрацыйная плятформа і вынік сумеснай працы палітычных арганізацыяў і незалежных экспэртаў Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG