Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому ахоўніку Лукашэнкі Ўцюрыну прысудзілі за хабар 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, экс-дырэктару «Белтэлекаму» — 7 гадоў

абноўлена

Абвяшчэньне выраку ў «справе Ўцюрына» 27 ліпеня
Абвяшчэньне выраку ў «справе Ўцюрына» 27 ліпеня

27 ліпеня Вярхоўны суд вынес вырак намесьніку кіраўніка Савета бясьпекі Беларусі, а таксама былому кіраўніку Службы аховы прэзыдэнта Андрэю Ўцюрыну. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў і пазбаўленьнем званьня палкоўніка запасу​. У яго таксама канфіскуюць 192 тысячы даляраў, прызнаных атрыманым хабарам.

Шэрагу абвінавачаных у гэтай справе, у тым ліку Ўцюрыну, скароціць тэрмін на год праз амністыю. Выракі такія:

  • Былому кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву прысудзілі 7 гадоў пазбаўленьня волі. Адносна яго ўжылі артыкул 69 КК РБ аб зьмякчальных абставінах (пайшоў на дасудовае пагадненьне са сьледзтвам), не маглі прысудзіць больш за палову максымальнага тэрміну. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару на суму ня менш як 470 тысяч даляраў і 15 тысяч эўра.
  • Былога намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнага банку Андрэя Падгорнага асудзілі на 7,5 года пазбаўленьня волі і канфіскацыю 526 тысяч даляраў (яшчэ частку сумы ён ужо сплаціў). Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару разам з Касьпяровічам на суму 868 750 даляраў.
  • Былога старшыню праўленьня «Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру» Фелікса Касьпяровіча асудзілі на 7,5 года пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару разам з Падгорным на суму 868 750 даляраў.
  • Былому дырэктару Інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юрыю Зданевічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўленьня волі, канфіскацыю 20 тысяч даляраў, 8 тысяч эўра і кампэнсацыю шкоды ў 52 тысячы даляраў. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару на суму 82 500 даляраў.
  • Былому начальніку ўпраўленьня інфармацыйнай бясьпекі «Беларусбанку» Аляксею Мілаванаву прысудзілі 6 гадоў паўбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару на суму 27 тысяч даляраў.
  • Фактычнаму кіраўніку кампаніі «Мабільны сэрвіс» Уладзімеру Жыліну прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 900 250 даляраў.
  • Саўладальніку і аднаму з фактычных кіраўнікоў кампаніяў «Салідэкс» і «Салідэкс ПІ» Сяргею Пакрышку прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 195 тысяч даляраў.
  • Прадстаўніку «Мабільнага сэрвісу» Аляксандру Броўку прысудзілі 4 гады абмежаваньня волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 13 тысяч даляраў і даваньні маёмасьці на 1000 фунтаў стэрлінгаў.
  • Былому выканаўчаму дырэктару банку «БелВЭБ» Юрыю Панамарову прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару на суму 13 тысяч даляраў і даваньні маёмасьці на 1000 фунтаў стэрлінгаў.
  • Прадстаўніку кампаніі «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаілу Прыгару прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у даваньні хабару на суму 285 тысяч даляраў.
  • Дырэктару «ТТ-Сувязькам» Уладзімеру Томчанку прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ў 9 тысяч даляраў.
  • Грамадзяніну Расеі, прадстаўніку кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Телеком» Віталію Гарбачову прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ня менш як 190 тысяч даляраў.
  • Грамадзяніну Расеі, прадстаўніку кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Телеком» Уладзіміру Казанцаву прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ня менш як 190 тысяч даляраў.
  • Грамадзяніну Латвіі, саўладальніку кампаніі «ДПА» Сяргею Шаркаву прысудзілі штраф у 35 тысяч рублёў (5 тысяч базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ў 53 тысячы даляраў.
  • Былому начальніку Галоўнага ўпраўленьня плацёжнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгіяў Нацбанку Ігару Кудасаву прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі, але вызвалілі ад пакараньня праз сканчэньне тэрміну даўніны. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ня менш як 30 тысяч даляраў.

Справу Андрэя Ўцюрына Вярхоўны суд пачаў разглядаць яшчэ 10 сакавіка, у працэсе некалькі разоў абвяшчаліся працяглыя перапынкі. Агулам на лаве падсудных было 16 чалавек, 12 зь якіх знаходзіліся пад вартай, яшчэ 4 наведвалі паседжаньні самастойна. Матэрыялы абвінавачваньня займалі 47 тамоў.

Былы намесьнік сакратара Савета бясьпекі Андрэй Ўцюрын некалькі гадоў кіраваў службай бясьпекі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Яго затрымалі ў красавіку 2019 году і абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч.3 артыкулу 430 (атрыманьне хабару), ч. 5 артыкулу 16 (саўдзел у злачынстве) і ч.2 артыкулу 431 (даваньне хабару паўторна альбо ў асабліва буйным памеры).

Агульная сума атрыманага Ўцюрыным хабару, паводле абвінавачаньня, склала каля 190 тысяч даляраў. Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў КК прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

На адным зь першых паседжаньняў Андрэй Ўцюрын пагадзіўся з абвінавачаньнем, аднак адзначыў, што не зусім згодны з кваліфікацыяй. Падчас допыту ў судовай залі Ўцюрын паведаміў, што грошы атрымліваў ад старых знаёмых у якасьці пазыкі на будаўніцтва дома. Абвінавачаньне з гэтым не пагадзілася.

Пракурор адзначыў, што падчас суду выявіліся супярэчнасьці паміж паказаньнямі Андрэя Ўцюрына, дадзенымі падчас папярэдняга сьледзтва, і тым, што ён гаварыў непасрэдна падчас працэсу.

«Паказаньні Ўцюрына, згодна якім атрыманыя ім грашовыя сродкі зьяўляюцца пазыкай (гаворка ішла толькі пра частку з 190 тысяч даляраў. — РС), зьяўляюцца непраўдзівымі», — паведаміў пракурор падчас судовых спрэчак. На думку абвінаваўцы, калі б атрыманыя былым намесьнікам сакратара Савету бясьпекі грошы сапраўды былі пазыкай, то атрыманьне іх можна было б аформіць адпаведным чынам, падпісаўшы дамову альбо згадаўшы атрыманую суму ў падатковай дэклярацыі.

Фота: Андрэй Шаўлюга, БелаПАН

«Справа Андрэя Ўцюрына». Што трэба ведаць

  • Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
  • Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі

  • Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.

Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны

  • Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
  • На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
  • Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
  • У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG