Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы ахоўнік Лукашэнкі Ўцюрын папрасіў дапытваць яго на закрытым паседжаньні. Суд адмовіў


У Менску пачаўся суд над былым ахоўнікам Лукашэнкі Андрэем Уцюрыным
У Менску пачаўся суд над былым ахоўнікам Лукашэнкі Андрэем Уцюрыным

У сваім хадайніцтве абвінавачаны ў атрыманьні хабару спаслаўся на магчымае выдаваньне дзяржаўных сакрэтаў.​

Хадайніцтва ад частковым закрыцьці працэсу Андрэй Уцюрын падаў на самым пачатку працэсу. Ён матываваў гэта тым, што падчас ягонага допыту могуць быць агучаныя некаторыя факты, датычныя дзейнасьці Савету бясьпекі, абавязкаў яго кіраўніцтва, а таксама іншыя аспэкты. Хадайніцтва Ўцюрына падтрымалі ягоныя адвакаты і 15 іншых абвінавачаных. Супраць выступіў пракурор.

У выніку суд пасьля кароткага разгляду хадайніцтва Уцюрына на месцы пастанавіў у ім адмовіць. Разам з тым судзьдзя Жукоўскі адзначыў, што да пытаньня аб частковым закрыцьці паседжаньняў можна будзе вярнуцца пазьней.

Суд у справе пачаўся 10 сакавіка. На лаве падсудных — восем прадстаўнікоў дзяржаўных структур і восем бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.

Паводле абвінавачаньня, у тых, хто атрымаў хабар, канфіскавалі больш за 1 мільён 650 тысяч даляраў, 62 тысячы эўра і каля 1 кіляграма золата.

Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ, доўгі час пра яе не было вядома ніякіх падрабязнасьцяў. Толькі на пачатку сьнежня мінулага году Камітэт дзяжбясьпекі апублікаваў афіцыйнае паведамленьне пра завяршэньне расьсьледаваньня, дзе раскрываліся некаторыя дэталі. У прыватнасьці, стала вядома, што, акрамя Ўцюрына, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек. А былога ахоўніка Лукашэнкі вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў.

Пра арышт Андрэя Уцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. Паведамлялася, што ён можа быць затрыманы праз падазрэньне ў атрыманьні хабару асабліва буйнога памеру. Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG