Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Ўцюрына: стала вядома, за што былы ахоўнік Лукашэнкі атрымліваў хабар

абноўлена

Андрэй Уцюрын на судзе

На другі дзень працэсу пракурор агучыў абвінавачаньне грамадзяніну Расеі, які, паводле сьледзтва, даваў хабар Андрэю Уцюрыну.

Другі дзень працэсу ў справе Ўцюрына пачаўся з абвяшчэньня абвінавачаньня Ўладзіміру Казанцаву, які прадстаўляе расейскія кампаніі «Смартлабс» і «УГМК-Тэлеком».

Сьледзтва высьветліла, што менавіта ён даваў хабар былому кіраўніку службы аховы Лукашэнкі, намесьніку сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэю Ўцюрыну.

Уцюрын віну ў атрыманьні хабару ў буйным аб'ёме, паўторным атрыманьні хабару і заахвочваньні да дачы хабару прызнаў цалкам. Аднак зазначыў, што сумняецца ў правільнасьці кваліфікацыі сваіх дзеяньняў сьледзтвам.

Паводле агучаных пракурорам матэрыялаў, Казанцаў прадстаўляў інтарэсы кампаніі, якая мела намер паставіць у Беларусь прыстаўкі для сыстэмы «Смарт-Зала». Для гэтага ў ліпені 2018 году Казанцаў сустрэўся з Уцюрыным. Сустрэча праходзіла на вуліцы Карла Маркса, 38, дзе знаходзіцца адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас сустрэчы Андрэй Уцюрын выказаў жаданьне атрымаць хабар у памеры адной трэцяй часткі ад меркаванага прыбытку кампаніі «Смартлабс». Паводле дамоўленасьцяў з Казанцавым, ён асабіста даў распараджэньне міністру сувязі і кіраўніцтву «Белтэлекаму» падпісаць дамову з расейскай кампаніяй на пастаўку ў Беларусь 100 тысяч прыставак для сыстэмы «Смарт-Зала».

З матэрыялаў сьледзтва таксама вынікае, што перадача хабару Андрэю Ўцюрыну адбывалася ў два этапы — на тэрыторыі кавярні ў Менску і ў рэстаране за горадам. Агулам Уцюрын атрымаў ад прадстаўнікоў расейскай кампаніі каля 180 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, па словах пракурора, Уцюрын схіляў прадстаўнікоў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлеком» да дачы хабару кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву.

Сваю віну Ўладзімір Казанцаў прызнаў цалкам. Абвінавачаньне ў дачыненьні да Андрэя Ўцюрына агучаць пазьней. Ягоная рэакцыя на абвешчаныя пракурорам факты пакуль невядомая.

Паводле агучаных судзьдзём у першы дзень суду фактаў, Казанцаў быў затрыманы на тэрыторыі Беларусі 23 красавіка 2019 году, за дзень да затрыманьня Ўцюрына.

Яшчэ адзін эпізод, зьвязаны з атрыманьнем Андрэем Уцюрыным хабару, датычыць паставак абсталяваньня для турмы № 8 у Жодзіне. Згодна з агучаным пракурорам фактам, летам 2015 году Андрэй Уцюрын паспрыяў заключэньню кантракту паміж МУС, куратарам дзейнасьці якога быў у Савеце бясьпекі, і кампаніяй «ТТ-Сувязьком». Прадметам кантракту была пастаўка абсталяваньня для арганізацыі нагляду на тэрыторыі турмы ў Жодзіне.

Паводле матэрыялаў справы, у выніку дзейнасьці Ўцюрына абвешчаны ў верасьні 2015 году тэндэр выграла кампанія «ТТ-Сувязьком», якая ў траўні 2017 году правяла работы на тэрыторыі жодзінскай турмы на вуліцы Савецкай, 22а. Агульны кошт абсталяваньня і работ склаў каля 48 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, у верасьні 2017 году Андрэй Уцюрын спрыяў таму, што МУС разьлічыўся з кампаніяй «ТТ-Сувязьком».

Агулам за спрыяньне прыватнай кампаніі Андрэй Уцюрын атрымаў ад яе прадстаўніка Ўладзімера Томчанкі 9 тысяч даляраў. Перадача хабару адбывалася ў адным з пабаў Менску. Томчанку затрымалі сьледчыя КДБ у жніўні 2019 году. За кратамі ён правёў усяго тры дні, пасьля чаго быў адпушчаны на свабоду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG