У Барысаве і Менску затрымалі журналістаў «Белсату»

23 ліпеня перад мітынгам кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве затрымалі карэспандэнтаў «Белсату» Алену Шчарбінскую і Віталя Дубовіка, паведамляе тэлеканал.

Алену Шчарбінскую неўзабаве адпусьцілі. Апэратар Віталь Дубік на момант публікацыі заставаўся ў міліцыі.

Паводле Алены Шчарбінскай, нагодай для затрыманьня стала праверка іхнага аўтамабіля. Паводле міліцыі, падобная машына нядаўна ўчыніла ДТЗ. Журналістаў «Белсата» ня раз затрымлівалі «для праверкі аўтамабіля».

У Менску падчас запісу камэнтару затрымалі карэспандэнта «Белсата» Арцёма Ляву і знанага эканаміста Сяргея Чалага. Іх завезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.

Раней стала вядома, што ў Барысаве на падыходзе да агітацыйнага пікету Ціханоўскай затрымалі актывістаў «Народнай Грамады» і «Эўрапейскай Беларусі».

Вядома, што затрымалі Алену Філатаву, Андрэя Кірэева, Вольгу Мікалайчык, Андрэя Войніча. Магчыма, затрыманых больш. Як паведаміў актывіст Валянцін Троцкі, таксама няма сувязі з Валянцінам Фраловым і іншымі актывістамі.

Агітацыйны пікет з кандыдаткай у прэзыдэнты Святланай Ціханоўскай у Барысаве заплянаваны на 23 ліпеня, 19:00.

За 50 кілямэтраў ад Менску ДАІ спыніла машыны аб’яднанага штабу Ціханоўскай, якія ехалі на пікет у Барысаў. Пасьля праверкі дакумэнтаў машыны адпусьцілі. Прадстаўніцы аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай прыехалі ў Барысаў а 19:20.

​
XS
SM
MD
LG